Main Menu

Пра кнігі на беларускай мове 

літаратараў з г. Баранавічы і яго раёна. 

 

       На сайце www.tvory.by адлюстраваны перыяд развіцця сучаснай беларускай літаратуры горада Баранавічы і яго раёна, пачынаючы ад 1986 года, калі была выдадзена першая кніга паэзіі жыхара нашага горада Міколы Бусько “У Нёмна на плячах”. Яна выйшла ў сталічным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Мікола Бусько з’яўляецца першым з тагачасных жыхароў г.Баранавічы, прынятым ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Гэта адбылося ў 1989 годзе. У 1993 годзе выйшла кніга яго вершаў для дзяцей “Ад галінкі да сучка – тэлефон у Павучка”, а ў 1995 годзе – кніга паэзіі “Сузор’е шаляў”.

Другім аўтарам кніжкі паэзіі, выдадзенай на баранавіцкай зямлі ў той час, з’яўляецца Генадзь Козел. Кніга мела назву “Родныя мясціны” і была надрукавана ў 1996 годзе Баранавіцкай друкарняй.

У 1997 годзе была надрукавана асобнай кнігаю казка Міколы Бусько “Шасцікрылец Хмарагон”.

У тым жа 1997 годзе здзейснілася запаветная мара баранавіцкіх літаратараў: намаганнямі Грамадскай арганізацыі “Творчае згуртаванне “Святліца” быў выдадзены літаратурны альманах. Ён атрымаў аднаіменную назву “Святліца”. У яго ўвайшлі вершы і проза ажно 33 аўтараў  на беларускай  і рускай мовах.

У 1997 годзе аддзелам па справах моладзі баранавіцкага гарвыканкама быў выдадзены двухмоўны зборнік твораў аб’яднання юных літаратараў “Узлёт”.

Менавіта з гэтага года распачалося актыўнае выданне кніг нашых аўтараў.

Найважнейшую ролю ў справе выдання кніг адыграла ўзнікненне ў Беларусі і Баранавічах незалежных грамадскіх арганізацый і распаўсюджванне ў краіне камп’ютарнай і друкарскай тэхнікі.

У Баранавічах выданнем беларускамоўнай мастацкай літаратуры мясцовых аўтараў, акрамя “Святліцы”, займаліся грамадскае аб’яднанне “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Варута” і Баранавіцкая гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. А ў хуткім часе аўтары пачалі абыходзіцца і без іх дапамогі, бо паўсюдна з’явілася шмат устаноў і прыватнікаў, якія аказвалі друкарскія паслугі. Цяпер кнігу сваіх твораў мог выдаць кожны жадаючы. На жаль, асобных аўтараў не надта цікавіў належны ўзровень рэдагавання іх твораў і нават звычайная карэктура памылак. Большасць  гэтых кніг выйшла малымі накладамі: па 299, 250, 200, 150 і нават 100 асобнікаў.

Аднак, дзеля гісторыі, пералічым усе выдадзеныя за гэты час кнігі.

У 1998 годзе у Мінску выдавецтвам «Беларускі кнігазбор» была выдадзена кніга выбранай беларускай паэзіі перыяду 1985 – 1995 гадоў “Агледзіны” накладам 1400 асобнікаў. Укладальнік і арганізатар выдання кнігі – кіраўнік Грамадскай арганізацыі “Творчае згуртаванне “Святліца”, паэт з Баранавіч Алесь Бакач. У кнігу ўвайшлі 173 вершы, па адным ад кожнага выбранага аўтара. У тым ліку і вершы 8 паэтаў з Баранавічаў. Гэта Алесь Бакач, Аляксей Белы, Венанцы Бутрым, Мікола Бусько, Ян Збажына, Іван Лагвіновіч, Анатоль Cтанкевіч, Дзмітрый Тукай.

У 1999 годзе пры дапамозе грамадскага аб’яднання “Брэсцкі абласны цэнтр падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Вежа” была выдадзена кніга паэзіі Аляксея Белага “Каляровыя сны”.

У 2000 годзе:

– быў выдадзены другі, цалкам беларускамоўны нумар літаратурнага альманаха горада Баранавічы “Святліца”, у які ўвайшлі творы 15 аўтараў з нашага горада і раёна, а паралельна з ім выйшаў і альманах рускамоўных твораў нашых землякоў;

– пабачыла свет кніга паэзіі Івана Лагвіновіча “Разлукі выраёвыя”, выданне якой стала магчымым дзякуючы “Вежы” з Брэста.

У 2001 годзе:

– выдадзена першая кніга паэзіі Венанцыя Бутрыма “У барвах зямлі”;

– выйшла першая кніга паэзіі Алеся Корнева “Услед за ластаўкай”;

– выйшла другая кніга паэзіі Івана Лагвіновіча “Піліпаўка”;

– выйшла кніга вершаў Міколы Бусько для дзяцей “Бабрыная навука”.

У 2002 годзе:

– у горадзе Брэсце, дзякуючы “Вежы”, выйшаў паэтычны зборнік Аляксея Белага “Боскі вецер правінцыі”;

– у Баранавічах “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Варута” дапамогло выдаць кніжку вершаў Браніславы Лапкоўскай «Вяртанне ў лета»;

– “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Варута” дапамагло выдаць другі паэтычны зборнік Алеся Корнева “Грае раніца зару”.

У 2003 годзе:

– выйшла другая кніга паэзіі Венанцыя Бутрыма «Паралелі»;

– выдадзена трэцяя кніга паэзіі Івана Лагвіновіча «Ляда юдолі»;

– быў надрукаваны трэці зборнік вершаў Алеся Корнева «Нязгаслыя яскі»;

– упершыню пабачыла свет кніга вершаў Раісы Раманчук “Сцежка ў дзяцінства”.

У 2004 годзе:

– выйшла першая кніга твораў (афарызмы, вершы, версэты, хоку, танкі, эсэ, рэфлексіі, прыпавесці) Яна Збажыны «Пыл саркафагаў»;

– выйшаў першы збонік вершаў Алеся Абрамовіча “Родны куточак”;

– пабачыла свет чацвёртая кніга паэзіі Івана Лагвіновіча “Далёкае і блізкае”;

– Алесь Корнеў выдаў чатыры паэтычныя зборнікі пад назвамі:

“Крыжы зямелькі нашае”,

“Вішнёвы прысмак”,

“Праз міфы і казкі”,

“Жаночыя напевы”.

У 2005 годзе:

– Алесь Корнеў выдаў зборнікі паэзіі

“Адгалоскі“, “На пэндзліку Марка Шагала“;

– выйшла першая кніга вершаў Анастасіі Жук “Дарогай жыцця”.

У 2006 годзе:

– выйшаў трэці нумар беларускамоўнага літаратурнага альманаха “Святліца”, у якім змешчаны творы 29 аўтараў;

– Ілона Сцяцко выдала кнігу паэзіі “Нябёсныя карункі”;

– выйшаў зборнік вершаў Анастасіі Жук “Белыя крылы”.

У 2007 годзе:

– выйшаў паэтычны зборнік Івана Лагвіновіча “Палыновыя кветкі”;

– Браніслава Лапкоўская выпусціла другі збонік вершаў “Пастукалася галінка нараджэння”;

– Алена Белая дэбютавала збонікам вершаў пад назвай “Кніга жонкі паэта”;

– Анатоль Трафімчык, які часова жыў ў Баранавічах, выдаў кнігу паэзіі “Лірыка лірыка”.

У 2008 годзе:

– выйшаў калектыўны збонік некалькіх літаратараў з Баранавічаў пад назвай “Вечнасць… А там? Што там?..”, укладальнікам якога быў Ян Збажына;

– паэт Алесь Корнеў выдаў паэтычны зборнік “Пад зоркай Мілавіцай”.

У 2009 годзе:

– Браніслава Лапкоўская выдала зборнік вершаў для дзяцей “Чырвоны чаравічак”;

– паэт Алесь Корнеў выдаў зборнік паэзіі “Неўтаймоўны сексафон”.

У 2010 годзе:

– Алесь Корнеў выдаў зборнікі паэзіі “Мядовы полюс”, “Як песня, год мінае”;

– выйшла кніга паэзіі Аляксея Белага “Кветкі ў стагах”;

– выйшаў зборнік беларускіх вершаў Анатоля Станкевіча “Скрыжалі дабрыні”;

– выйшаў першы зборнік вершаў і апавяданняў Івана Трысценя “Вясковыя байкі”;

– выйшаў зборнік вершаў Анастасіі Жук “Гронка рабіны”.

У 2011 годзе:

– выйшаў паэтычны зборнік Івана Лагвіновіча “Элегія палескага матыля”;

– была выдадзеная кніга прозы на беларускай і рускай мовах Венанцыя Бутрыма “Маўклівыя сумныя птушкі”;

– выйшаў зборнік вершаў Анастасіі Жук “Пад белымі крыламі”.

У 2012 годзе:

– была выдадзеная кніга прозы Міколы Бусько “Сляды ад верасня”;

– Алесь Корнеў выдаў зборнікі паэзіі “Спарышы для душы”, “Крыжы зямелькі роднае”;

– выйшаў зборнік вершаў Анастасіі Жук “Паэтычныя брыганціны”.

У 2013 годзе:

– выйшла кніга паэзіі Аляксея Белага “Прыватны сектар”;

– Алесь Корнеў выдаў зборнік паэзіі “Валошкавы край”;

– Раіса Раманчук выдала кніжкі вершаў “Рамонкавы ранак”, “Звон верасовы”.

У 2014 годзе:

– Алесь Корнеў выдаў

паэму “Першая сусветная вайна ў маім радзімым краі”,

зборнік паэзіі “Узвівайся, што стрыж, мінівершык спарыш”;

– беларускія вершы з дзвюх першых кніг Венанцыя Бутрыма былі выдадзены адною кнігаю пад назваю “Дзён маіх лепшыя дні”;

– выйшаў зборнік вершаў і апавяданняў Івана Трысценя “Летні дождж”;

– Раіса Раманчук выдала кніжку вершаў для дзяцей “Дабрыня”.

У 2015 годзе:

– выйшла кніга ўспамінаў і эсе Аляксея Белага “Ад Грыўды да Гандвіка”;

– Алесь Корнеў выдаў зборнікі паэзіі “Хмаркі-аблокі радзімай старонкі”,

“Карані і карэньчыкі”;

– Галіна Ліс выдала зборнік вершаў на беларускай і рускай мове “Пацеркі лёсу”.

У 1016 годзе:

– Іван Трысцень выдаў зборнік вершаў і апавяданняў “Срэбны аловак”;

– Алесь Корнеў – зборнік вершаў Мы з-пад Новай Мышы”;

– Раіса Раманчук выдала кніжку для дзяцей “Цікаўны дожджык” (казка).

 

У 2017 годзе:

– выйшлі кніжкі Алеся Корнева

“Крышку трэсак з гумарэсак”,

“Баранавіцкая аперацыя ў Першай сусветнай вайне” (гістарычная паэма);

– выйшла першая кніга паэзіі і прозы Вячаслава Хвайніцкага “Жаўруковыя спевы”;

– выйшла першая кніга паэзіі Таццяны Яцук “Груша над абрывам”.

У 2018 годзе:

– выйшаў паэтычны зборнік Аляксея Белага “Жыві, дзе ўдосталь ветру”;

– выдадзены кніжкі Алеся Корнева

“Ад вёскі Флар’янава да Паўлінава” (паэма),

“На крылах страснае душы” (паэма-прысвячэнне кампазітару Ігару Лучанку);

– выйшлі кнігі Таццяны Яцук

“Маладосць на выданні” (паэзія і проза),

“Валошкавыя сны” (паэзія).

 

На сайце “ТВОРЫ” па розных прычынах няма тэкстаў большасці з вышэй названых кніг. Па-першае, за даўнасцю часу выдання першых з пералічаных кніг. Па-другое, таму што ні аўтары, ні выдавецтвы не парупіліся пра захаванне камп’ютэрнага набору тэкстаў кніг. Па-трэцяе, тэкстаў асобных кніг мы не змясцілі па прычыне іх недастатковага мастацкага ўзроўню.

 Тэксты кніг размешчаны са згоды аўтараў.