Пра беларускую песенную творчасць у г. Баранавічы і яго раёне. 

 

Беларуская песенная творчасць у г. Баранавічы і яго раёне мае некалькі кірункаў:  

1. Эстрадная песня.  

2. Песня, стылізаваная пад народную. 

3. Бардаўская песня.  

4. Сучасныя маладзёжныя накірункі – рок, рэп, хіп-хоп і ншыя.  

4. Песні для дзяцей (напісаныя звычайна ў эстрадным стылі).  

    Самым яскравым і паспяховым прадстаўніком эстраднай песеннай творчасці ў Баранавічах з'яўляецца гурт «Явар». Песні, напісаныя яго кіраўніком Фёдарам Жыляком, спяваюць нават вядомыя беларускія выканаўцы. 

    У эстрадным стылі працуюць прафесійныя музыканты Уладзімір Грушэўскі, Міхась Брушкоў, Іван Абрамовіч і самадзейны аўтар Аляксандр Дрозд. Так у свой час былі пакладзены на музыку вершы Генадзя Гапановіча, Анатоля Станкевіча, Людмілы Шувалавай.  

    Што да песні, стылізаванай пад народную альбо фальклор, то ў Баранавічах ёсць такая ўнікальная з’ява, як народны гурт вандроўных музыкаў “Фэст”. Галоўнае месца ў творчасці гурта займаюць песні, напісаныя яго ўдзельнікам Міхасём Скрундзем. Яго песні і па мелодыцы і па змесце напісаны ў народным стылі і выконваюцца гуртом “Фэст” пад акампанемент народных інструментаў: цымбалаў, скрыпкі, гармоніка, басэтлі і іншых. У народным стылі працавалі і вышэй згаданыя кампазітары-эстраднікі. 

    Беларуская народная песня і песня, напісаная “пад народную”, жыве таксама ў рэпертуары некалькіх ветэранскіх  хораў.

    Бардаўскімі называюць песні, напісаныя самадзейнымі аўтарамі. Выконваюцца яны пад акампанемент акустычнай гітары. Але галоўнай прыкметай бардаўскай песні з’яўляецца свой дыяпазон рытмаў, патрапіць у які даволі няпроста. Адхілішся ад яго – і атрымаецца песня ці эстрадная, ці нэа-народная, ці рокавая. Па настроі і тэкстах бардаўскія песні – гэта песні-разважанні, песні-гісторыі, песні-размовы лірычнага, любоўнага, турысцкага, філасофскага ці жартоўнага зместу. Сапраўднай бардаўскай песні ўласціва высокая паэзія тэкстаў, пранізлівая шчырасць і праўдзівасць. Часам барды запісваюць фанаграму музыкі да сваіх песень з дапамогаю камп’ютэрнай тэхнікі. Радзей ствараюць для выканання сваіх песень “жывыя” інструментальныя ансамблі.

    Беларускамоўная бардаўская песня ў Баранавічах – вялікая рэдкасць. Некалькі рускамоўных бардаў з Баранавіч выпадкова і эпізадычна выкарыстоўваюць беларускія вершы. Напрыклад, Ігар Іваноў у 90-я гады паклаў на музыку словы Генадзя Гапановіча і Міколы Бусько. У 2003 годзе ён напісаў музыку на два вершы Венанцыя Бутрыма, у 2006 годзе на верш Раісы Раманчук. У 2003 годзе музыку на верш Венанцыя Бутрыма напісаў і Юрый Чыстапольскі. З цяжкасцю можна прыгадаць яшчэ некалькі бардаў, якія не цураюцца беларускага слова.

   Часам мясцовыя паэты спрабуюць самі “агучваць” свае вершы, але з гэтых памкненняў удалая бардаўская, ці хаця б эстрадная, песня нараджаецца вельмі рэдка. Спрабавалі гэта і Аляксей Белы, і Алесь Бакач, і Браніслава Лапкоўская.

    Як кажуць, гады ў рады прамільгваюць з адной-дзвюма беларускімі аўтарскімі песнямі старшакласнікі і студэнты…

    А ў гэты час рускамоўная бардаўская песня ў Баранавічах квітнее. У 2008г. клуб аўтарскай песні “Ваганты”, які дзейнічае пры Гарадскім доме культуры і выступае з канцэртамі, атрымаў званне “народнага”.

    Ёсць у Баранавічах і яшчэ адзін выдатны самадзейны аўтар беларускіх песень – Галіна Ярашэвіч. Яна паклала на музыку шэраг вершаў Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Пашкевіча, Аляксея Белага, Алеся Корнева і іншых беларускіх паэтаў. У 2003 годзе выйшаў яе дыск “Ларысіна танга”, а ў 2009 годзе дыск “Цябе спяваю”. Калі паспрабаваць кваліфікаваць песні Галіны Ярашэвіч па вышэй згаданых кірунках, то большасць з яе песень – эстрадныя, частка – у народным стылі і з пару песень – бардаўскія.  

   Час ад часу ў Баранавічах узнікалі самадзейныя музычныя гурты і асобныя аўтары, якія стваралі песні ў стылі рэпа, хіп-хопа і іншых модных цяпер накірункаў. Некаторыя з іх складалі гэткія песні на беларускія тэксты. 

   Песні для дзяцей у Баранавічах піша Алена Жуковіч, якая працуе настаўніцай музыкі ў музычнай школе пасёлка Новая Мыш, што ў Баранавіцкім раёне. Яе песні выконвае дзіцячы ансамбль з Новай Мышы “Імпрэза”.