Літаратурнае аб’яднанне “Ліра” пры Гарадскім доме культуры г.Баранавічы было створана  па ініцыятыве яго адміністрацыі ў 2006 годзе, калі з дома культуры выгналі “Святліцу” за вершы і прозу, надрукаваныя ў літаратурным альманаху “Святліца”, выдадзеным ў гэтым жа годзе. Кіраваць “Ліраю” пагадзілася паэтка са “Святліцы” Людміла Шувалава. “Ліру” наведвалі яшчэ некаторыя сябры “Святліцы” і іншыя паэты. 

     Сябры “Ліры” бяруць удзел у канцэртах, якія праводзіць ГДК, выступаюць у школах і бібліятэках горада і раёна. У 2014 годзе літаб’яднанне “Ліра” выпусціла зборнічак вершаў на беларускай мове “Яго велічны свет”, прысвечаны паэту Валянціну Таўлаю, музей якога знаходзіцца ў сярэдняй школе №4 г.Баранавічы. У 2016 годзе сябры літаб’яднання выдалі калектыўны зборнік вершаў на рускай і беларускай мовах “Ліра” накладам 30 асобнікаў.

    Па стане на 2017 год сябрамі “Ліры” з’яўляюцца Людміла Шувалава, Алесь Корнеў, Раіса Раманчук, Галіна Ліс, Клаўдзія Трысцень, Іван Трысцень, Вячаслаў Хвайніцкі, Анатоль Хвайніцкі, Соф’я Клімец, Таццяна Яцук, Алена Пап’ян, Альбіна Салавец, Ларыса Антонава, Міхась Маліноўскі.