Вячаслаў Парфір’евіч Болбат

 

                          Заснаванне Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах

 

1989 год. У Мінску ўтварылася рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. І мяне, як кіраўніка лепшай на той час установы сістэмы Міністэрства культуры Беларусі – Баранавіцкага гарадскога Дома культуры, – гэта падзея абнадзейвала. Яна адпавядала маёй зацікаўленасці ва ўтварэнні новых творчых аб’яднанняў па розных накірунках творчай дзейнасці грамадзян. Бо на той час Баранавіцкі гарадскі Дом культуры быў пераможцам сярод устаноў культуры ў межах Савецкага Саюза і атрымаў Пераходзячы Чырвоны сцяг Міністэрства культуры СССР. Гэта ўзнагарода надавалася толькі адной установе культуры ў Беларусі. Такім чынам, была адзначана праца калектыву нашай установы, які, акрамя традыцыйных творчых калектываў, меў унікальныя творчыя аб’яднанні, якія былі ўдзельнікамі і пераможцамі не толькі саюзных, але і міжнародных конкурсаў. Гэта эстрадна-сімфанічны аркестр Дома культуры, які на міжнародным конкурсе ў Малдове стаў прызёрам, мужчынскі хор, які прадстаўляў Беларусь на Усесаюзных фестывалях мастацкай творчасці, дзіцячы тэатр оперы і балета , адзіны ў краіне, цыганскі ансамбль, які меў багаты рэпертуар і шырокую вядомасць. І я захапіўся ідэяй стварэння аб’яднання людзей, якіх бы цікавіла сапраўдная беларуская гісторыя, культура, а таксама пашырэнне ўжытку беларускай мовы. Тым больш, што на той час абмяркоўвалася прыняцце “Закона аб мовах”.

На пачатку мая 1989 года, добра памятаю, што гэта было ў сераду, бо менавіта ў гэты дзень у Доме культуры звычайна праводзілася традыцыйная планёрка, дзе падводзіліся вынікі працы і планавалася праца на будучыню, я падзяліўся сваімі планамі аб стварэнні аб’яднання з калегамі. На той час я не меў звестак аб існаванні ў горадзе беларускамоўных суполак і прасіў сваіх калегаў знайсці людзей, якія б маглі дапамагчы мне ў рэалізацыі гэтай ідэі.

Напрыканцы планёркі да мяне падышла Ларыса Іванаўна Каданцава і сказала, што яна ведае такіх людзей. Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час яна пазнаёміць мяне з імі. У прызначаны дзень і час у маім кабінеце адбылася чаканая сустрэча, на якую прыйшлі Лідзія Антановіч, яе муж Дзмiтрый Жук (бацькі заснавальніка газеты “Свабода” Паўла Жука), Лілія Плыгаўка, Тамара Зверава, Аркадзь Кадыка, Галіна Ярашэвіч. Прозвішчы яшчэ некалькіх чалавек за даўнасцю часу проста не памятаю. На працягу ўсяго лета гэтая група актывістаў кожны тыдзень збіралася на сустрэчы ў Доме культуры, на якіх і абмяркоўвалі нашы планы па стварэнні беларускамоўнай арганізацыі.

Першым крокам стала арганізацыя дзейнасці нядзельнай школкі на базе сярэдняй школы №11 горада (цяпер гэта гімназія №4), затым распачалі працу па стварэнні беларускамоўнай бібліятэкі ў Доме афіцэраў (цяпер кінатэатр “Звязда”). Была дасягнута дамова з кіраўніком палітаддзела Баранавіцкага вайсковага гарнізона аб правядзенні сустрэч з намеснікамі камандзіраў вайсковых часцей па палітпрацы з вайскоўцамі, а потым мы дамовіліся аб правядзенні лекцый па гісторыі Беларусі ў вайсковых часцях.

На пачатку восені 1989 года я дамовіўся з намеснікам старшыні гарвыканкама Р. Насутам аб правядзенні ў горадзе канферэнцыі па ўтварэнні гарадской арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”. Такім чынам, ад ідэі аматарскага аб’яднання знаўцаў беларускай гісторыі і культуры, мы прыйшлі да высновы аб неабходнасці стварэння паўнавартаснай гарадской структуры ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”. Для ўдзелу ва ўстаноўчай канферэнцыі па стварэнні гарадской арганізацыі за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Р. Насуты былі накіраваны запрашэнні ва ўсе прадпрыемствы і ўстановы г.Баранавічы з просьбай аб удзеле іх прадстаўнікоў ў мерапрыемстве.

Устаноўчая канферэнцыя адбылася ў вялікай зале гарвыканкама, на ёй прысутнічала 147 дэлегатаў, прадстаўнікі органаў улады і гаркама партыі. Было абрана кіраўніцтва гарадской арганізацыі. Сакратар гаркама партыі Венцаль Р.Б. прапанавала мне ўзначаліць гарадскую арганізацыю ТБМ, але я не адчуваў сябе дастаткова падрыхтаваным да гэтай справы і прапанаваў абраць старшынём Міхася Язэпавіча Берната. У склад Рады былі абраны Мікалай Северцаў, Віктар Скок і яшчэ некалькі чалавек, дакладна ўжо не памятаю іх прозвішчаў. І таму буду ўдзячны тым, хто зможа дапоўніць альбо паправіць мяне.

На той час у горадзе існавала суполка Беларускага народнага фронта “Існасць”, сябры якой збіраліся на мерапрыемствы на базе Заходняй геолага-пошукавай партыі. І пасля канферэнцыі гэтая суполка ў поўным складзе ўвайшла ў гарадскую арганізацыю ТБМ. Такім чынам, баранавіцкая арганізацыя БНФ аказалася пад дахам Баранавіцкага гарадскога Дома культуры.

На працягу апошніх месяцаў восені і зімы 1989-1990 гг. праводзіліся заняткі ў нядзельнай школцы, у малой зале ДК праходзілі рэгулярныя дыскусіі, у якіх прымалі ўдзел сакратары партыйных арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў горада па праблемах мовы, гісторыі і культуры Беларусі, чыталіся лекцыі ў вайсковых часцях, падчас якіх выпрацоўваліся прапановы, якія дасылаліся ў Вярхоўны Савет краіны.

У сярэдзіне 90-х у Баранавічах на бульвары Штакерау працаваў шапік, у якім прадаваліся беларускія выданні, сувеніры і нават гадзіннікі з выявай “Пагоні”.

Гарадская арганізацыя ТБМ працавала дастаткова паспяхова, аб чым сведчыць той факт, што сябра суполкі “Існасць” і актыўны сябра ТМБ С. Слабчанка балаціраваўся ў Вярхоўны Савет краіны і быў абраны. Сябры ТБМ аказвалі яму падтрымку падчас агітацыйнай кампаніі, а мастак гарадскога Дома культуры Эдуард Тарасевіч рыхтаваў для яго агітацыйныя плакаты. Цікава і тое, што, працуючы ў ВС БССР, С. Слабчанка з цягам часу стаў кіраўніком структуры, якая распрацавала новыя беларускія грошы.

А ў мяне, у сувязі з актыўнай грамадскай працай, пачалі ўзнікаць складанасці ва ўзаемаадносінах з партыйным кіраўніцтва горада, бо на той час я быў кіраўніком гарадской партыйнай арганізацыі камуністаў работнікаў усіх устаноў культуры горада: музычнай школы, Дамоў культуры, бібліятэкі,кніжных крам і інш. Мая асабістая гісторыя завяршылася тым, што мяне запрасіла намеснік старшыні гарвыканкама З.П. Хаменка, размова з якой скончылася звальненнем мяне з працы. “Не спрацавала” нават тое, што калектыў, які я ўзначальваў 10 год, меў ўзнагароды Міністэрства культуры СССР, і гэты калектыў сабраў подпісы ў маю падтрымку. Пасля неаднаразовых спробаў унесці прапановы аб рэфармаванні працы партыйных структур КПСС, мы разам з маім намеснікам Міхасём Стрыжовым напісалі заявы аб выхадзе з радоў Камуністычнай партыі, якая праз год знікла з палітычнага поля краіны.

Справа аб мове стала палітычнай справай , і ТБМ давялося шукаць новае месца для працы. Пасля гэтага сябры Таварыства сталі збірацца на базе Заходняй геолага-пошукавай партыі.

У Баранавічах работы я так і не знайшоў, але нечакана дапамог выпадак, калі рэспубліканская арганізацыя аб’явіла конкурс на замяшчэнне вакантнай пасады кіраўніка недзяржаўнага міжраённага культурнага комплексу, які я выйграў.

У 1991 годзе адбыўся першы з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП), стваральнікам якой сталі Міхась Ткачоў і сябра баранавіцкай ТБМ Васіль Дубейка, які быў удзельнікам устаноўчага сходу. На чарговаую сустрэчу сяброў ТБМ Васіль Дубейка прывёз партыйныя анкеты і прапанаваў жадаючым стаць сябрамі партыі. З ліку першых сацыял-дэмакратамі ў Баранавічах сталі Васіль Дубейка, Аркадзь Блінкоўскі, Вячаслаў Болбат і Міхась Бернат.

Прыкладна ў 1992 (дакладна не памятаю) годзе адбылося пасяджэнне гарадской Рады ТБМ, на якім старшынём, па маёй рэкамендацыі, быў абраны Васіль Дубейка. Ім былі арганізаваныя і праведзеныя некалькі мерапрыемстваў, прысвечаных значным гістарычным падзеям, а таксама вядомым дзеячам ВКЛ.

На працягу 1991-93 гг. сябры ТБМ актыўна працавалі над ўзнаўленнем музея рамёстваў у в.Русіно. У 1993 годзе ўзнікла ідэя ўтварэння народнага прадпрыемства на базе майстэрні мясцовага калгаса і была дасягнута дамова з кіраўніцтвам аб перадачы будынка арганізацыі ТБМ для стварэння керамічнай майстэрні. Мне давялося вясці перамовы ў Мінску на заводзе імя Гастэлы, які вырабляў ганчарныя паўаўтаматы для Гжэльскага завода, каб набыць такое абсталяванне. Быў куплены ганчарны станок, цэгла, электраабсталяванне, дабудавана майстэрня, але з-за пагаршэння эканамічнай сітуацыі, далейшая праца стала немэтазгоднай.

У 1993 годзе, дзякуючы маёй ініцыятыве, у былым будынку гаркама партыі грамадскія актывісты арганізавалі і правялі святкаванне 75-х угодкаў БНР, у якім удзельнічалі госці з Мінску – старшыня ТБМ, дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Трусаў і доктар эканамічных навук Уладзімір Кулажанка. Выступоўцамі былі Віктар Сырыца, Васіль Дубейка, Міхась Бернат, удзельнікам вечарыны быў хор настаўнікаў г.Баранавічы пад кіраўніцтвам В. Кабылкіна. Упершыню ў будынку гаркама партыі прагучала “Малітва за Беларусь” у выканні Лідзіі Аляксандраўны Антановіч.

Акрамя сустрэч, імпрэз, вечарын, ТБМ-оўцы выпускалі друкаваную газету “Баранавіцкае слова”, рэдактарам якой быў Аркадзь Блінкоўскі. Цікавы эпізод. Калі я прынёс у друкарню макет першага нумара газеты, былы дырэктар друкарні Федарцоў ўпікнуў мяне ў тым, што выява “Пагоні”, якая была на тытульным лісце газеты, скіравана на ўсход (маўляў, у бок Расіі). Тады я ўзяў гэты макет і павярнуў на стале на 180 градусаў і запытаў: “А зараз куды накіравана “Пагоня”?” І дырэктар пагадзіўся друкаваць нашу газету.

У 1996 годзе на чарговым справаздачным пасяджэнні ТБМ, па маёй просьбе, згадзіўся балатавацца на пасаду кіраўніка гарадской арганізацыі Віктар Сырыца, які пасля ўзначальваў яе амаль 20 год. Гэты перыяд дзейнасці арганізацыі вызначаўся актыўнасцю, значнасцю праводзімых мерапрыемстваў, пашырэннем шэрагу арганізацый. У гэты перыяд дзякуючы намаганням Віктара Сырыцы юрыдычна было аформлена права на валоданне і карыстаннне памяшканнем у в.Русіно і пераўтварэннем памяшкання з майстэрні ў офіс Баранавіцкай гарадской арганізацыі ТБМ. Гэта адзіны выпадак у рэспубліцы, калі арганізацыя мае ўласнае памяшканне.

У аднаўленні будынка для дзейнасці арганізацыі прымалі і сёння прымаюць удзел сябры ТБМ, укладваючы ў яго добраўпарадкаванне нават свае асабістыя сродкі. А перыяд, калі арганізацыю ўзначальваў Віктар Сырыца, быў вельмі багатым на падзеі і працу. Вельмі б хацелася, каб адклікнуліся ўдзельнікі тых падзей.

Шмат якіх цікавых эпізодаў я проста не ўзгадаў, таму запрашаю далучыцца да размовы тых, хто некалі меў дачыненне да справы беларускага адраджэння ў Баранавічах і раёне і дапоўніць мае ўспаміны.