“ДОБРЫЯ ВЕРШЫ”

 

Беларуская

вершаванка-запамінанка

для дзяцей  

 

 у трох тамах

 

Том І

 

 

  

ПОБАЧ

З НАМІ

НА ЗЯМЛІ

 

 

 

(ЖЫВЁЛЬНЫ СВЕТ)

 

  

Укладальнік  Алег Мінкін

 

  

     Зманліва, радасна патрапіць у дзівосны свет, створаны  беларускім паэтычным словам для дзетак. Шчасце ўвайсці ў цэлую краіну пад назвай “Добрыя вершы”. Добра пачуешся ты, маленькі сябра, у зваблівым, загадкавым і,  адначасова, такім блізкім свеце жывёлаў, звяроў, птушак, рыбаў, кузурак ды іншых жывых істотаў, якія спакон вякоў жывуць “побач з намі на Зямлі”. Ты апынешся поруч з імі, пачуеш іхнія знаёмыя і незнаёмыя табе галасы, спазнаеш іхнія звычкі, даведаешся пра іхняе жыццё. У думках ці ў сапраўднасці пагуляеш, пазабаўляешся з некаторымі з іх, а на іншых зірнеш хоць здалёк, задзівуешся. З нейкімі табе захочацца пасябраваць, дапамагчы ім выжыць халоднаю зімою, як, напрыклад, таму верабейку, што цілікаў у кусце пры ганку твайго дому ў вёсцы ці ля пад’езду ў горадзе. Увесь жывы свет Беларусі загамоніць з табою, разгорнецца перад тваімі вачыма.

     Вітай жа яго, маленькі сябра!

 

Арсень Ліс  

 

 Слова ад укладальніка

 

     “Побач з намі на Зямлі” – гэта першы том беларускай вершаванкі-запамінанкідля дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Добрыя вершы”. Акрэсленне “запамінанка” ў назве фігуруе таму, што ўсе творы ў вершаванцы прызначаныя для завучвання дзецьмі на памяць.

     У першы том увайшлі вершы пра жывёльны сьвет, які з нараджэння атуляе дзіця. Том складаецца з сямі асобных сшыткаў: “Знай, як з імі сябраваць” – пра свойскіх жывёлаў і птушак, “Вунь праз лес ідуць дзікі” – пра дзікіх жывёлаў, “Пачнуць пець – не надзівіцца” – пра дзікіх птушак, “Вось прыйшлі музыкі” – пра кузурак (вусякоў ды іншых дробных істотаў), “Як паплыў па рэчцы язь” – пра рыб ды іншых істотаў, што жывуць у рэках, азёрах, сажалках, акварыумах. “Еду ў госці да слана” – пра экзатычных звяроў і птушак, якіх найчасцей можна ўбачыць у заапарку, “У куце сядзіць мядзведзь” – сшытак, у якім сабраныя вершы пра тое, як нашыя “малодшыя браты”, падобна да людзей, працуюць, займаюцца рознымі чалавечымі заняткамі, гуляюць у гульні, вучацца. Дарэчы, кожны сшытак у томе афарбаваны ў свой колер – у адзін  з сямі колераў вясёлкі. Гэта зроблена дзеля таго, каб чытачы хутчэй знаходзілі патрэбныя ім сшыткі.   

     Кожны з сшыткаў, зазвычай, складаецца з некалькіх асобных раздзелаў. Спынімся, напрыклад, на структуры трэцяга сшытка “Пачнуць пець – не задзівіцца”, прысвечанага дзікім птушкам. Адкрываецца ён раздзелам “Верабейка клапатлівы”, у які ўвайшлі вершы пра добра вядомага дзіцяці вераб’я, што жыве зусім побач з намі, у горадзе і вёсцы. За ім ідзе раздзел “Ён не госць у Беларусі” пра не менш вядомую вясковую птушку бусла. У раздзел “Вырас кошык пад страхой” уключаныя вершы пра іншых вясковых і гарадскіх птушак: ластаўку, шпака, голуба. Такім чынам, усе тры першыя раздзелы трэцяга сшытка прысвечаны дзікім птушкам, што жывуць побач з дзецьмі, у вёсцы або ў горадзе. Вершы пра вераб’я і пра бусла вылучаныя ў асобныя раздзелы таму, што сваёй колькасцю яны самі напрошваюцца на гэта. У чацвёрты раздзел трэцяга сшытка “Вісяць кармушкі каля хат” увайшлі вершы пра птушак зімою  і зімовых птушак – сініцу, снегіра (гіля), шчыгла, курапатку, крыжадзюба, амялушку, сойку. У гэтым самым раздзеле вершы пра кармушкі, пра дапамогу птушкам зімою з боку дзяцей. У пятым раздзеле “Дзяцел – стук, дзяцел – грук” змешчаныя вершы пра дзятла і блізкую яму жаўну (чорнага дзятла). У шостым раздзеле “Там жыве страшэнны лунь” – вершы пра буйных драпежных птушак (лунь, пугач, сава, ястраб, сыч, сокал-дзербнік). Сёмы раздзел  “Пачнуць пець – не надзівіцца” – пра ўсіх астатніх дзікіх птушак, што жывуць па-за вёскай і горадам.

 

     Што да структуры кожнага раздзела, дык вершы пра адну і тую самую істоту ў ім (калі маем некалькі вершаў) пастаўленыя побач. А ў выпадку, калі раздзел прысвечаны толькі адной істоце, тэматычна блізкія вершы таксама сабраныя разам. Напрыклад, у другім раздзеле “Беглі вожыкі сямейкай” другога сшытка, цалкам прысвечаным вожыку, спачатку ідуць вершы пра вонкавыя рысы вожыка, пра яго паводзіны. Затым расказваецца пра яго “сямейнае” жыццё. Пасля апісваюцца сустрэчы вожыка з людзьмі. А на заканчэнне вожык апынаецца ў чалавечым жытле.

     Вершы на адну і тую ж тэму ў раздзелах размешчаныя так, што больш лёгкі для запамінання твор папярэднічае больш цяжкаму. Пры канцы раздзела звычайна пастаўлены творы, у якіх гаворка ідзе пра ўсіх істотаў гэтага раздзела разам (апошнія творы найчасцей і найбольш доўгія).

     Некалькі словаў пра метад адбору вершаў ды некаторыя “тэхнічныя” асаблівасці вершаванкі. Адбор твораў адбываўся на ўласны густ укладальніка. У збор увайшлі пераважна вершы (або ўрыўкі з больш буйных твораў) з паваенных зборнікаў, выдадзеных у БССР,  як добра вядомых паэтаў, так і амаль зусім невядомых. Усе творы ў “Вершаванцы-запамінанцы” разлічаныя на запамінанне, таму ўкладальнік дазволіў сабе некаторыя “адвольнасці”: скароты, замену і перастаноўку слоў, змену рыфмаў і рытму. Ён не кіраваўся таксама і захаваннем разбіўкі радкоў, ужываных аўтарамі. Дзеля прастаты ўспрымання ды агульнага парадку яны падаюцца гэтак: усе радкі ў вершах пачынаюцца з вялікай літары і не разбіваюцца, зазвычай, на асобныя кавалкі, чатырохрадкоўі адасабляюцца прагаламі, а двухрадкоўі звычайна не адасабляюцца.

     Назвы вершаў таксама найчасцей не адпавядаюць аўтарскім. Паўсюль даюцца больш разгорнутыя назвы, якія збольшага з’яўляюцца першым радком твора, а часам – нейкім іншым радком або яго фрагментам. Гэта звязана з тым, што ў раздзелах тэматычна блізкія вершы стаяць побач і мусяць мець адрозныя назвы, каб дзеці, іхнія бацькі, выхавальнікі, настаўнікі хутчэй знаходзілі патрэбныя вершы сярод іншых.

 

    Падрыхтаваны да друку два новыя тамы “Вершаванкі-запамінанкі”: другі том прысвечаны прыродзе і расліннаму свету, трэці – свету чалавека, дзіцяці. Спадзяемся, што чытачы першага тома парупяцца пра дапамогу ўкладальніку, выслаўшы яму вершаваныя творы, якія хацелі б бачыць у новых тамах. Укладальнік спадзяецца таксама і на атрыманне твораў, тэматычна звязаных з першым томам, якія не ўвайшлі ў яго. Яны будуць скарыстаныя пры перавыданнях. Вершы дасылайце на e-mail: xnicka@gmail.com     

 

Алег Мінкін         

 

П О Б А Ч   З   Н А М І   Н А   З Я М Л І

 

  

Сшытак першы

                                                                                

 

ЗНАЙ, ЯК З ІМІ СЯБРАВАЦЬ

 

  

(Свойскія жывёлы і птушкі)

 

 

ПРА КАТА І КОТКУ

 

(Кот, котка, спяваць “ката”)

………………………………………..

 

У мяне ёсць жвавы

Шэранькі каток,

Жэўжык, непаседа,

Вечна – скок ды скок!

Хвосцікам паводзіць,

Гнецца у дугу,

Трэцца шэрым бокам

Аб маю нагу.

 

Пайшоў кот у дулі

 

Люлі, люлі, люлі,

Пайшоў кот у дулі.

Адмарозіў лапкі,

Палез на палаткі.

Сталі лапкі грэцца,

Недзе катку дзецца.

Апсік, коцік, у лясок,

Куплю табе паясок.

Апсік, коцік, не вурчы,

А дзіцятка спі, маўчы.

 

 

Ходзіць коцік па палёх

 

Ходзіць коцік па палёх,

Носіць сон у кашалёх.

Ходзіць коцік па капусце,

Носіць сон у белай хусце.

Баба коцю дачакала,

Сон для дзетак адабрала.

А ты, коця, вон, вон,

А для дзетак – сон, сон.

 

 

Сядзіць коцік на кухні

 

Сядзіць коцік на кухні,

З плачу вочкі папухлі.

– Чаго, коціку, плачаш,

Ці ня есцейкі хочаш?

– Я есцейкі не хачу,

З бяды-жаласці плачу:

Зіна мядок злізала,

А на мяне сказала.

– Зіна, мёду не ліжы

І на коціка не кажы!

 

 

Не хадзі, коцік, па лаўцы

 

Не хадзі, коцік, па лаўцы,

Будзем біці па лапцы.

Не хадзі, коцік, па скрыні,

Будзем біці па спіне.

Не хадзі, коцік, па масту,

Будзем біці па хвасту.

Не хадзі, коцік, па печы,

Будзем біці у плечы.

Не хадзі, коцік, па хаце,

Не будзі, коцік, дзіцяці!

Няхай кату ўсё ліха.

Наш Рыгорка спіць ціха.

 

 

Хто зялёнымі вачамі

 

Хто зялёнымі вачамі

Грозна бліскае начамі?

Мае мякенькія лапкі,

А на лапках кіпці-драпкі?

Спінку пругка выгінае,

Страх на мышак наганяе?

 

Коцік басаногі

 

Коцік басаногі

Па сняжку гуляў,

Адмарозіў лапкі

І заплакаў: мяў...

Што ж за дзіва гэта?

Трэба бегчы ў дом:

Снег такі халодны,

А пячэ агнём!

 

 

Хлопчык любіць коціка

 

Хлопчык любіць коціка,

Лашчыць ён варкоціка –

Коцік міл яму.

З ім на двор гуляць ідзе,

Часта малачка дае.

Ён сябру свайму.

 

Ходзіць коцік беленькі,

Яго хвосцік шэранькі,

А бяжыць – стралой.

К хлопцу прытуляецца,

Спінка выгінаецца.

Хвост яго – дугой.

 

Як убачыць птушачку,

Хутка шчабятушачку

Хоча ён схапіць:

Вочкі разгараюцца,

Кіпці выпускаюцца.

Ён за ёй бяжыць.

 

Поўсць яго пушыстая,

Беленькая, чыстая,

Мяккая, як лён.

Мышкі, сцеражыцеся!

Ціха!.. Беражыцеся!

Ўміг вас зловіць ён!

 

 

А наш коцік – лаўчачок

 

А наш коцік – лаўчачок.

Ён на печы грэў бачок,

Грэў бачок і варкатаў,

Пільна мышку вартаваў.

Раптам мышка выбягае –

Коцік кіпці расстаўляе

І паспешна з печы – скок,

Цягне мышку на палок.

Коцік з мышкаю гуляе:

То падкіне, то спаймае,

То паложыць на бачок.

Добры коцік-лаўчачок!

 

 

Ходзіць хітры кот-варкот

 

У каморы ля дзвярэй,

Там, дзе пастка для мышэй,

Дні і ночы навылёт

Ходзіць хітры кот-вaркот.

Ён ад пасткі ні на крок.

Просіць пастку абібок:

– Можа, мыш мне аддасі?

Ты ж яе, бач, не ясі.

 

 

У Савосева суседа

 

У Савосева суседа

Быў пярэсценькі каток,

Выхаванец Паўла-дзеда,

Такі слаўны пестунок!

Нос чарнявы,

Хвост бялявы,

Задзірасценькі;

Кіпцік-шчыпчык

Заграбасценькі;

Лапкі-драпкі

Машастовыя,

А шарсціначкі

Шаўковыя;

Губкі, зубкі

Адмысловыя;

Вусы-русы

Патырчастыя;

Тая спінка,

Як націнка,

Выгінастая.

Вушкі-слушкі

Не мыляюцца,

Вочкі ўночку

Запаляюцца...

 

 

Пра ката і котку

 

У дзеда Мікіты

Коцік сыты-сыты.

А ў бабулі Стэпкі –

Котка, быццам шчэпка.

– Можа памяняем? –

Хітра дзед пытае.

– Калі ж я, прызнацца,

Не хачу мяняцца.

Сыты твой – гультаік,

Сырадой глытае,

А мая – худая,

Ды мышэй ганяе.

Як агорне скруха

Надвячоркам хмурым,

Мне пяе на вуха:

– Му-ры, му-ры, му-ры.

 

 

 

 

Дзе ты, коцік?

 

– Дзе ты, коцік?

– Мяў, мяў, мяў,

Я ледзь мышку не спаймаў.

Ды вось мышка падманула,

Доўгім хвосцікам вільнула.

Я за ёю быў пагнаўся,

Але вось ні з чым застаўся...

 

– Дзе ты, коцік?

– Мяў, мяў, мяў,

Я ледзь рыбку не спаймаў.

Мяне рыбка падманула,

Слізкім хвосцікам вільнула.

Я за ёю быў пагнаўся,

Але вось ні з чым застаўся...

 

– Дзе ты, коцік?

– Мяў, мяў, мяў,

Я ледзь птушку не спаймаў.

Мяне птушка падманула,

Вёрткім хвосцікам вільнула.

Я за ёю быў пагнаўся,

Але зноў ні з чым застаўся...

 

– Слухай, коцік?

– Мяў, мяў, мяў.

– Што ты тут навыдумляў?

Лепш скажы ты, калі ласка,

Дзе падзелася каўбаска?

Лежабока рыжы кот

 

Лежабока рыжы кот

Адляжаў сабе жывот.

Есці хочацца,

Ды лянуецца варочацца.

І чакае рыжы кіска:

Мо сама падыдзе міска?

 

Брудным быць не хоча коцік

 

Брудным быць не хоча коцік:

Мые спінку і жывоцік,

Мые лапкі, хвосцік мые...

Вучаць коціка малыя:

– Станеш чысты, коцік мілы,

Калі будзеш мыцца з мылам.

 

Белыя калготкі

 

Носіць мая котка

Белыя калготкі,

Белы чэпчык, фартушок,

Белы банцік аж да шчок.

Вельмі шкода, вельмі шкода,

Што ў яе такая мода,

Бо зімой і летам
Ў белае адзета.

Кожны, пэўна, згодзіцца –

Часта мыць даводзіцца.

 

Дапамагае бабцы нашай

 

Дапамагае бабцы нашай

Мой непаседлівы каток:

Бабуля мне панчошкі вяжа,

А ён – размотвае клубок!

 

 

Фарфор

 

Кот вясёлы са стала

Скінуў вазу на падлогу.

На стале адна была,

На падлозе стала многа.

Ды аб тым, што скінуў вазу,

Кот прызнаўся не адразу.

Зараз, гледзячы на двор,

Муркае: “Фар-фор, фар-фор...”

 

 

Села Мурка на падмурку

 

Села Мурка на падмурку,

Не сагнаць з падмурку Мурку.

Грэецца ды муркае:

– Змерзну без падмурку я...

Вочы жмурацца у Муркі:

– Хто са мной згуляе ў жмуркі?

 

 

 

Каток, мой сябра валахаты

 

Каток, мой сябра валахаты,

Паесць, паспіць і – шусь на хату.

І змрок, і пыл там, на гарышчы,

Жахлівы нехта ў комін свішча,

Шкрабецца ў столь і б’ецца ў дах –

І як катка ня возьме страх!?

 

 

Да коткі у адведкі

 

Да коткі у адведкі

Прыбеглі дзве суседкі.

Паселі вочы ў вочы –

І да глыбокай ночы

Пра сырадой і кашу,

Пра сыр і сыраквашу

Каля маёй хаціны

Спявае хор каціны.

І покуль я ня ліну

На выгнутыя спіны

Халоднаю вадою –

Ня будзе супакою!

 

 

Колькі ў коткі кіпцяў-драпкаў?

 

Я хацела падлічыць,

Колькі ў коткі кіпцяў-драпкаў.

Мурка рвецца і мурчыць,

Пад сябе хавае лапкі.

Раз, два, тры, чатыры, пяць –

Пяты кіпцік не відаць!

 

Нельга Мурку утрымаць.

Я кладу яе на спінку.

Пяты кіпцік не відаць,

Лапку круціць безупынку.

Раптам чую моцны боль,

Нібы ў рану сыплюць соль.

 

Я бягу пад умывальнік

Мыць руку і кроў суняць,

Мама выбегла са спальні,

Пачынае дакараць.

Раз, два, тры, чатыры, пяць...

Пяць драпіначак відаць!

 

 

 

  

ЖУЧКА ДРЭМЛЕ КАЛЯ ГАНКУ

 

(Сабака)

..............................................................

 

Воля з Юляю, сястрычкі,

Гучна плачуць у двары:

– Мы згубілі рукавічкі,

Як куляліся з гары.

Мы шукалі, ды дарма:

Іх нідзе-нідзе няма.

Выбег Тузік з будкі: – Гаў!

Рукавічкі адшукаў!


У яго пушысты хвосцік

 

У яго пушысты хвосцік

І крывыя лапкі,

Вочкі круглыя, жывыя.

Вушкі, як аладкі.

 

Маці Мурза каля будкі

Ланцугом бразгоча,

Анікога да малога

Падпускаць не хоча.

 

А сама так песціць сына,

Ліжа нос ліловы,

Калі толькі нос халодны –

Значыць, сын здаровы!

 

 

Юлька і Люцік

 

Пайшла Юлька на лужок,

Бачыць – коціцца клубок.

Коціцца дарожкаю

І трапеча ножкамі.

Вой, клубок пішчыць, пішчыць,

Вочкамі блішчыць, блішчыць –

Цюцік малы коціцца,

Мабыць, гамаць хочацца.

Юлька цюціка ўзяла

І дахаты прынясла.

Стаў ён вельмі жвавенькі,

Бравенькі, рухавенькі.

Бо паіла малачком,

Выцірала фартушком.

Як жа зваць ёй цюціка?

І назвала Люцікам.

Грэйся, грэйся, цюцік мой,

Грэйся, грэйся, Люцік мой.

Вось табе падушачка,

Ляж ты, мая птушачка.

 

 

Жучка, лепшы мой сябрук

 

Ён сваволіць, брэша, скача,

Даганяе пругкі мячык

І хапае костку з рук.

Ён у хату не пускае,

Дзверы лапай зачыняе,

Ён заўжды са мной гуляе –

Жучка, лепшы мой сябрук!

 

 

У дзяўчынкі сёння свята

 

Скачуць жабкі па балоце,

Верабейчыкі – па плоце,

Скача зайка на паляне,

Веранічка – на дыване.

У дзяўчынкі сёння свята –

Шчанюка прынёс ёй тата!

 

Вельмі я хачу сабачку

 

Вельмі я хачу сабачку,

Як жывога яго бачу:

Віславухі, хутканогі,

Любіць пасваволіць трохі.

Я б сабачку даглядала,

Я б сабачку абдымала,

І лячыла ад прастуды,

І з сабой цягала ўсюды.

 

 

Бонка

 

Шчаслівы я! Ў мяне ёсць Бонка –

На шыі белая хвальбонка.

Нос доўгі – файны і шляхотны,

А кончык чорны ды вільготны.

А як вясёла скажа “Гаў!”,

Дык сам бы з ёю забрахаў!

 

 

Жучка дрэмле каля ганку

 

Жучка дрэмле каля ганку,

Хвост згарнуўшы абаранкам.

Спіць, не спіць – але глядзі! –

Тут ля ганка не хадзі.

Жучка сочыць за парадкам

Каля дому і на градках.

Не пакрыўдзіў бы курэй

Той разбойнік – кот Мацей!

Аб’ява

 

Знік маленькі цюцька Такса,

Колер чорны, быццам вакса.

Як убачыце – злавіце!

І адразу ж пазваніце:

Два-нуль-восем-дзевяноста,

Петрыку ці маме проста!

 

 

Рыжык і кніжкі

 

Саўка ды Грышка

Лёталі з гары.

Пагублялі кніжкі,

Кніжкі-буквары.

А сабака Рыжык

Падышоў да кніжак:

– Зацягну іх ў буду

Ды чытаць там буду!

Не кідаць жа кніжкі

Так, як Слаўка з Грышкам,

Бо й суседскі Шарык

Марыць пра букварык!

 

Мая ўлюбёная аўчарка

 

Ёсць у мяне адна сяброўка,

Катоў яна ганяе лоўка,

Яшчэ ў футбол гуляе шпарка –

Мая ўлюбёная аўчарка.

Я мячык да яе кідаю,

Яна мне – носам адбівае...

Цяпер яна на ланцугу,

Сядзіць і ў вочы пазірае.

“Ці спусціш ты мяне?” – пытае.

Хіба ж адмовіць я магу?

 

 

Сябрык аблавухі

 

З дому выскачыў шчанюк,

Сябрык аблавухі,

Снег, што ўслаў і двор, і брук,

Ён лізаў і нюхаў.

 

Доўга чуўся звонкі брэх,

Было гуляў многа…

Гэта ж самы першы снег

У жыцці малога.

 

Сабака я дваровы

 

Сабака я дваровы,

Нявольны, ланцуговы.

Ня маю нічагуткі,

Апроч маленькай будкі.

Вось тут мае начлегі,

Я не магу пабегаць

Свабодна, без аброжкі,

Каб глянуць на свет трошкі.

Дабра пільную штодзень,

Каб не дабраўся злодзей,

Каб гаспадар у хаце

Спакойна мог паспаці.

Не хочуць мне прынесці

Яды, каб мог пад’есці.

Ад голаду аж млосна,

Відаць, каб быў больш злосны.

 

 

 

ЗНАЙ, ЯК З ІМІ СЯБРАВАЦЬ

 

(Свойскія жывёлы)

…………………………………………..

 

Я пасу авечкі

Каля самай рэчкі.

Воўна ў іх бялюткая,

Мяккая, танюткая.

Будзе на валёнкі,

Будзе на панчошкі

І на рукавічкі

Застанецца трошкі.

 

 

Ідзе каза рагатая

 

Ідзе каза рагатая,

На малако багатая.

Ідзе каза, ідзе,

Барадою трасе,

Малачко нясе.

Малачко хто ня п’е –

Таго – бу-у!

Забаду-у!

На рогі пасаджу-у!

 

Козачка-свавольніца

 

За дзяўчынкай гоніцца

Козачка-свавольніца.

Рожкамі кальнула,

Хвосцікам махнула.

Гайсанула цераз плот

У зялёны агарод.

Агароднік пужкай

Выгнаў валацужку.

 

Нехадзі, каза, на грады

 

Не хадзі, каза, на грады,

Там табе, каза, не рады

Ні часнок, ні агуркі,

Ні гарох, ні буракі.

Нам з табою час ужо

Выпраўляцца на лужок.

Я вяду на луг казу

 

Я вяду на луг казу

Барадатую.

Навяжу на лазу

Там, за хатаю.

Хай пасецца пад кустом

Разам з ветрыкам.

Пачастуе малачком

Мяне вечарам.

 

Козлік бег бязрогі

 

Пасярод дарогі

Козлік бег бязрогі.

А сустрэў карову

Закрычаў сурова:

– Уцякай з дарогі –

Падніму на рогі!

 

Барада ў казла старога

 

Барада ў казла старога –

Касмычок імху сухога.

Як ні дзіўна, барадою

І каза трасе сівою.

Побач казлянят чародка...

Глянь ты, кожнае з бародкай!

Нарадзіцца не паспелі

І адразу ж пастарэлі!

 

Мой баран, баранок

 

Мой баран, баранок,

Моцны, доўгі лабок,

Рожкі вострыя, як пікі,

Сам калматы, невялікі,

Поўстка-воўна мяккая...

Баранок мой бякае.

Бякае, бялюсенькі,

Сам яшчэ малюсенькі.

 

 

Ягнятка

 

За авечкай-маткай

Бегае ягнятка,

Матку ў бок штурхае,

Малачка чакае.

– Мэ-э-э, – авечкі хорам. –

Як табе не сорам!

Пі само вадзіцу

І скубі травіцу!

 

Ой бычок мой, бысенька

 

Ой бычок мой, бысенька,

Залатая лысінка,

Бадучыя рогі,

Тупучыя ногі.

Ты паціхеньку хадзі,

Міхалінку не будзі.

Гэй, бычок-трацячок

 

– Гэй, бычок-трацячок,

Дай пагладзіць твой бачок.

Дай пакратаць трошкі

Востранькія рожкі.

 

Скасавурыўся і рыкнуў

Нездаволена бычок:

– Падхаплю цябе на рогі

І з размаху кіну ўбок!

 

 

Бык бадлівы

 

Бык бадлівы,

Бык зласлівы,

Бык рагаты,

Бык калматы.

Як ідзе ён, як ідзе,

Дык зямля пад ім гудзе,

І ўгінаецца,

І хістаецца.

Дужы бык паломіць дуб,

Яго ж родзіч блізкі – зубр.

 

Хай пабегае цялё

 

Сонца свеціць гэтак міла!

Лашчыць весняе цяпло.

Хлеў бабуля расчыніла:

Хай пабегае цялё.

 

Рада так яно бясконца

Ветру цёпламу, вясне,

Скача весела на сонцы,

Падбяжыць – і плот бадне.

 

А з хлява глядзіць Рыжуха

І ад зайздрасці к яму

Аж зайшлася – доўга, глуха –

Шыю выцягнуўшы: “Му-у-у...”

 

 

Цёмная бяз вокан

 

Цёмная бяз вокан

У каровы хатка.

Пры карове збоку

Тупае цялятка,

Як Рагуля-мама,

Чорнае таксама.

 

Я кармлю сваю цялушку

 

Я кармлю сваю цялушку,

З белым лобікам пястушку,

Ёй прыношу траўку,

Росную мураўку.

А цялушка мяне знае,

Му-му-му! – так сустракае.

І галоўку хіліць нізка –

Тыцне мне ў далоню мызку.

 

 

Му-у спытала ў Іго-го

 

Му-у спытала ў Іго-го:

– Ты на луг пайшоў чаго?

– Кветак захацеў нарваць,

Каб табе падараваць, –

Адказаў ёй Іго-го.

Му-у зірнула на яго

І няведама чаму

Апусціла вочы: – Му-у-у...

 

 

Свінка бруднабокая

 

Мусіць, занядужала

Свінка бруднабокая,

Бо залезла ў лужыну,

Рохкае і войкае.

Вочы ў свінкі зліпліся,

Паглядае вяла:

– Ну калі ж ты выспішся?

Пэўна, ноч не спала?

 

Парсючок пад’еў

 

Парсючок пад’еў

І прыйшоў у хлеў.

Стогне: – Вух-вух-вух,

Я пад’еў за двух.

Але, пэўна б, мог

З’есці і за трох.

 

 

Вось які ў нас парсючок

 

Вось які ў нас парсючок:

Лыч – нібыта пятачок,

Аблавухі, хвост – кручок,

Маленькія вочы.

– Рох-рох-рох, рох-рох-рох, –

Мусіць, есці хоча?

 

Я нарву парсючку

Сакавітай траўкі,

Лебяды, крапівы,

Зялёнай мураўкі.

Накрышу, накармлю

Парсючка я ўволю,

Каб ня рохкаў дарма

Парсючок мой болей.

 

Вось пад’еў парсючок,

Паваліўся на бачок:

– Рох-рох-рох, – заплюшчыў вочы,

Спаць, напэўна, вельмі хоча.

– Засні на хвілінку,

Пачухаю спінку.

 

Жарабятка скок ды скок

 

Жарабятка скок ды скок.

З белай зоркаю лабок,

Неспакойнае, імклівае –

Нам махае чорнай грываю.

Мы пасём яго на ўзгорку,

Жарабятка наша, Зорку.

 

 

Скачуць, скачуць жарабяткі

 

Быццам бы смыляць ім пяткі,

Скачуць, скачуць жарабяткі!

Як усeдзець тут хоць трошкі,

Маючы чатыры ножкі,

Калі тут зялёны луг

І трава, нібыта пух.

І лагодна сочаць маткі,

Як танцуюць жарабяткі.

 

У мяне аж два кані

 

У мяне аж два кані.

Калі хочаш – дагані.

Мчыцца конік сівы

Колькі мае сілы.

Пераскочыў рэчку,

Не змачыў вуздэчку.

А найлепшы конь буланы:

Ён прывёз мяне да мамы.

Людзі коней падкавалі

 

Першыя сняжынкі ўпалі –

Людзі коней падкавалі.

– Вось такія б нам падковы! –

Пазайздросцілі каровы.

Козы мэкаюць з журбою:

– Слізка без падкоў зімою!

Бараны паскрэблі рогі:

– Без падкоў паломім ногі!

З гэтай скаргі несуцешнай

Стала коням вельмі смешна:

– У хамут не лезце самі –

Да падкоў даюцца й сані!

 

 

Сівы конік

 

Сівы конік, сівы конь,

Капыты, нібы агонь,

Па маланцы на назе, –

Ты куды нас завязеш?

Мо на рэчку, можа, ў сад –

І туды, і назад?

 

Ціха вухам конь стрыжэ:

– Хто сівога запражэ?

Мне б дугу тугую,

Збрую залатую,

Срэбную вуздэчку, –

Можна і на рэчку!

 

Сцелецца абрусам

Дальняя дарога.

Запрагаюць дзеці

Коніка сівога.

 

 

Быццам з казкі тыя коні

 

Снег рыпіць, іскрыцца іней,

Санкі весела бягуць.

На марозе хусткай сіняй

Неба звісла на дугу.

 

Быццам з казкі тыя коні:

Грывы смольныя гараць,

Коні рвуць – падковы звоняць,

Бомы пад дугой звіняць.

 

 

Трусяняткі – глянуць люба

 

Трусяняткі – глянуць люба:

Чысцяць моркаўкаю зубы.

І таму ў іх зубкі – цэлыя,

Вострыя і белыя.

 

 

Эх, якія трусікі

 

Эх, якія трусікі!

Проста прыгажосць:

Чорненькія вусікі,

Беленькая поўсць.

 

Вочы зыркаватыя –

З сонечных зярнят,

А хвасты куртатыя,

Як у зайчанят.

           

Кожны пыскай мокраю

Падае мне знак –

Час займацца моркваю

Ці грызці бурак.

 

Пайшлі каровачкі

 

– Кацярына, Кацярыначка,

А дзе твая жываціначка?

– Пайшлі каровачкі

Каля дубровачкі.

А авечачкі

Каля рэчачкі.

А свіначкі

Каля нівачкі.

А козухны

Каля лозухны.

А конічкі

Каля горачкі.

Знай, як з імі сябраваць

 

Рожкі ў козліка, як шыльцы,

Вострыя у коткі кіпці,

Хоць сабака не благі –

Мае зубы-абцугі.

Трэба ведаць, трэба знаць,

Як з такімі сябраваць.

Коткі, козлікі, сабакі,

Як пакрыўдзіш – забіякі!

 

 

КУРАЧКА САКОЧА

 

(Свойскія птушкі)

………………………………………….

 

Курачка сакоча,

Яйка знесці хоча:

– Ко-ка, ко-ка, ко-ка, ко-ка,

Я знясу дзяўчынцы кока,

На прыпечак пакладу,

А сама гуляць пайду.

 

 

Прыляцелі куры

 

Люлі, люлі, люлі,

Прыляцелі куры.

Селі на варотах

У чырвоных ботах.

Сталі сакатаці,

Што курачкам даці?

Ці ячменю жменю?

Ці гароху троху?

Ці жыта карыта?

Ці бобу каробу?

Трэба даць ім грэчкі,

Каб неслі яечкі.

 

 

Яйка знесла я з кулак!

 

Куд-кудак! Куд-кудак!

Яйка знесла я з кулак! –

Узняла Чубатка крык.

– Так-так-так! – сказаў індык.

І карова з стойла: – Му-у!

А каму? А каму?

І авечка, і авечка,

Як пачула пра яечка:

Забляяла:  – Ме-ме-ме!

Можа, мне? Можа мне?

Гусак гыкнуў: – О-го-го!

Захацела ты чаго!

Тут прыйшла якраз Марынка,

Невялічкая дзяўчынка:

– Яйка знесла зноў чубатка –

Будуць рады мамка, татка!

 

 

Куркі, куркі

 

– Куркі, куркі!

– Ко-ка? Ко-ка?

– Не хадзіце ў лес далёка,

Бо гуляе ў лесе ліс,

Шмат ён курачак загрыз.

Як загінуць куркі ўсе,

Хто яечка нам знясе?

Кажуць куркі:

– Ко-ка! Ко-ка!

Не адыдземся далёка,

Калі ўранку на падворку

Круп насыплеце нам горку.

 

Ходзяць кураняты

 

З раніцы ля хаты

Ходзяць кураняты –

Курыцыны дзеткі,

Жоўтыя, як кветкі.

Клічу куранятак,

Сыплю ім зярнятак.

Ды яны ня чуюць –

Між сабой ваююць.

Курачка квактала

 

Курачка квактала,

Куранят склікала:

– Дзеці мае, дзеці,

Да мяне бяжэце!

Ліс з-пад плоту выглядае.

Вас ён зараз паглытае!

Куранят як не было –

Ўсе пабеглі пад крыло.

 

 

На падворку певень ходзіць

 

На падворку певень ходзіць,

За сабою куры водзіць

І крычыць: – Сюды! Сюды!

Як кіўне ён галавою,

Сыплюць куры чарадою –

Як адна бягуць туды.

А калі хто кур пужае,

Певень грозна загукае:

– Хто такі там? Хто такі!

 

Толькі пеўніку не спіцца

 

Люлі, люлі, люлі,

Курачкі паснулі,

Толькі пеўніку не спіцца:

Ранак ён праспаць баіцца.

Кліча пеўня ў лес ліса

 

Кліча пеўня ў лес ліса:

– Маю градку я аўса.

Спее на другой пшаніца.

Ёсць чым, Пеця, пажывіцца!

– Лес мне, ліска, не патрэбен:

Абдзяру аб голле грэбень,

Абскубу прыгожы хвосцік.

Запрасі лепш Жучку ў госці!

 

Выйшла курачка на снег

 

Выйшла курачка на снег,

Пагуляла трошкі.

Гэта ж гора, а ня смех,

Босенькія ножкі.

Курка бегае па снезе,

Мерзне з непрывычкі.

На адну нагу прысела:

– Дайце чаравічкі!

 

Бегаў певень па марозе

 

Бегаў певень па марозе,

Грабянёк свой адмарозіў.

Пасінелі вушы ў пеўня,

Бо ня мае шапкі, пэўна.

Певунок, не будзь скупы –

Шапку новую купі!

На плот высока певень узляцеў

 

Курлыкаюць над лесам жураўлі,

Ключом над вёскай гусі праплылі,

На плот высока певень узляцеў:

Няўжо і ён у вырай захацеў?

 

 

Пявун-забіяка

 

Як толькі выйдзе Ната з хаты –

Нервуецца пявун цыбаты.

Такі ён злосны, ганарысты,

Трасе агеньчыкам агністым.

Цікуе певень, каб знянацку

Дзяўбнуць дзяўчо па-забіяцку.

Ды Ната – кемная дзяўчынка:

Бярэ на прызбачцы лазінку

І так рашуча ёй махае,

Што забіяка адступае.

 

 

У мяне зявіўся вораг

 

Вам прызнаюся, што ўчора

У мяне з’явіўся вораг.

Забіяка з забіякаў,

Задавака з задавакаў.

Прачынаецца уранку

І цікуе каля ганку.

Гэткі важны, гэткі злосны –

Генерал курыны грозны.

Да мяне ляціць ён куляй

І крычыць, каб усе чулі:

– Я галоўны у бабулі,

Бач, мяне як апранулі!

 

 

Забіяка беленькі гусачок

 

– Забіяка беленькі

Гусачок!

Звіс у цябе поўненькі

Валлячок.

Дзе блукаў, бадзяўся?

Дзе ты быў?

Дзе шчыпаў травіцу?

Чым ты жыў?

– Жыў я на курорце,

У глухім чароце.

Там, нібы на дачы,

Рос наш род гусачы.

Дзе балота і дрыгва.

Хіба дрэнна? Га-га-га!

 

 

Просіць Верачка гусей

 

Просіць Верачка гусей:

– Ну, вылазце вы хутчэй.

Хопіць плаваць у вадзе,

Хутка скончыцца ўжо дзень.

– Га-га-га, – гавораць гусі. –

Мы дамоў не пойдзем, мусіць,

Вельмі ж цёплая вада,

Ў ёй купацца любата!

 

 

Гыля, гыля, гусачкі

 

Пранізае холад навылёт.

Гусі апусціліся на раку, на лёд.

Мерзнуць лапы голыя: – Га-га-га!

Тупаюць, варушацца, як мага.

– Гыля, гыля, гусачкі, у свой кут,

Лапкі памарозіце, холад тут!

 

 

Я пашыла гусцы тапкі

 

Я пашыла гусцы тапкі,

У яе замерзлі лапкі,

Счырванелі, а-я-яй!

Тапкі, гуска, абувай!

 

 

 

У гусака чырвоны нос

 

На двары трашчыць мароз –

Ў гусака чырвоны нос.

Нос ён адмарозіў

На такім марозе.

– Гыля, гыля, мой гусак, –

Гоніць яго Ната, –

Ну, навошта мерзнуць так?

Ідзі грэцца ў хату!

 

 

Гусі гоняцца за мною

 

Гаманліваю гурмою

Гусі гоняцца за мною.

– Гусі, гусі!

– Га-га-га!

– Даць гароху вам?

– Ага!

 

 

Што за дзіва качаняткі

 

Што за дзіва качаняткі!

Іх насы – нібы лапаткі.

Лапкі – быццам два лісточкі.

Як гарошынкі – іх вочкі.

Як пабеглі да вады,

Дык адразу ўсе туды.

І нырцуюць, і плывуць,

Толькі чутна: – Вуць-вуць-вуць!

 

Ежце, ежце, качаняты

 

Ежце, ежце, качаняты,

Птушаняты, цівіняты.

Ежце кашу і тварог,

Не хадзіце ў гарох.

Туды кот пайшоў –

Поўны рот зубоў.

 

 

Шукалі качаня

 

І каля качана

Шукалі качаня,

І каля таўкача

Гукалі ўцекача,

Пакуль пра качаня

Сказала кацяня:

– Ягоныя сляды

Пабеглі да вады!

 

 

Крэкча качка раніцою

 

– Што такое? Што такое? –

Крэкча качка раніцою. –

Снег палёг на паплавы,

Не відаць нідзе травы.

Абышла стаўкі ўсе, лужы,

Пастаяла ля калюжы,

Каля копанкі была.

Дзе паплаваць – не знайшла.

От праява, от бяда,

Дзе падзелася вада?

 

Індык-хвалько

 

Распусціўшы хвост трубою,

З горда ўзнятай галавою,

Хоць і ўпэцкаў ногі ў гразь,

Ходзіць важна, быццам князь,

Ды любуецца сабою:

– Ось які я, хвацкі, гожы.

Самы дужы і прыгожы!

Ось які я, докі-дык,

Не абы хто, а – індык!

 

 

Пляж курыны на грудочку

 

Пляж курыны на грудочку,

Сярод бэзу, у пясочку.

Днём купаюцца спякотным

Тут чубаткі бесклапотна.

У густую засень бэзу

Сёння нават певень лезе –

Пакупацца ж трэба ў спёку...

Ды смяецца качар збоку:

– Хто ж купаецца ў пяску?

Бег бы, Пеця, на раку!

 

 

Хто як мыецца

 

Раніцой да ручая

Ўся гусіная сям’я

Пакупацца ходзіць,

Карагоды водзіць.

А гусак на беражок

Выйдзе, дзюбай тыцкае:

– Дзе ж астатнія? Няўжо

Ходзяць непамыцькамі?

 

– Гэтак не кажы, гусак,

Тут усё зусім ня так:

Там, дзе сонечны прыпёк,

Легла курыца ў пясок,

Пер’е, пух перасыпае –

Душ пяшчаны прынімае.

 

Побач з куркай верабей

На сябе пясок грабе,

Крылцамі трапеча –

Мые грудку, плечы.

 

А хвалько-індыку

Хочацца спытацца:

– Блу-блу-блу! Ці ў пяску,

Ці ў вадзе купацца?

 

А мурзаты парсючок

Аб штыкет пацёр бачок,

Мухамі абкружаны,

Сігануў да лужыны,

Пакачаўся ў брудзе –

Вось і чысты будзе!

 

П О Б А Ч   З   Н А М І   Н А   З Я М Л І

 

 

 

Сшытак другі

                                                                                

  

ВУНЬ ПРАЗ ЛЕС ІДУЦЬ ДЗІКІ

 

  

(дзікія жывёлы)

 

  

  

 ЗАЙКА, ДЗЕ, СКАЖЫ, ТВОЙ ДОМ?

 

(Заяц)

.................................................................

 

Па грудочках скок ды скок

Спрытны зайка-шарачок.

У яго прасторны дом

У лагчынцы пад кустом.

Але ён дрыжыць ад страху:

Ў доме тым ні сцен, ні даху.

Звер падкрадзецца, тады

Не схавацца ад бяды.

 

 

Зайка і бабка

 

Між кустамі, між густымі

Скок ды скок,

Бегаў зайка, прытаміўся.

А за дрэвам прытаіўся

Люты воўк.

 

Зайка скокнуў без аглядкі,

Воўк хацеў схапіць за пяткі

Ды за бок.

У адчыненыя дзверы

Да бабулькі зайка шэры

Хутка – скок.

 

Бабка зайчыка пусціла,

Прытуліла, накарміла.

А дзядуля таго воўка

Напалохаў дубальтоўкай.

Ну, цяпер ты, зай, глядзі –

Ў лес без мамы не хадзі!

 

 

Бегаў зайчык па сумётах

 

Бегаў зайчык па сумётах.

Пагубляў панчошкі.

Акалелі, азалелі

Зайчыкавы ножкі.

Босыя сляды на рэчцы

Як пабачыў Вася,

Клікаў зайчыка пагрэцца,

Ды не дагукаўся.

Дзе лядок, дзе сняжок,

Зайчык – коўзь, зайчык – скок,

У лясок дарожка:

Трэба воўну шукаць,

Ніткі прасці, сукаць,

Трэба зайчыку вязаць

Новыя панчошкі.

 

 

Белячок малы хваліўся

 

Белячок малы хваліўся:

Я ад снегу пабяліўся.

А вясна як прыйдзе ў лес,

Буду я зялёны спрэс!

 

Зайка маленькі

 

– Зайка маленькі,

Чым ты жывенькі?

– І сам дзіўлюся,

Чым я жыўлюся.

Пасадзіў капусту

Ні рэдка, ні густа.

Пайду я рана –

Капуста парвана.

Пайду я позна –

У капусце росна.

Плача зайка даўгавухі

 

Блізкі подых завірухі.

Плача зайка даўгавухі:

– Памарожу, мусіць, лапкі.

Хто мне ў краме купіць тапкі?

 

Тата з мамай каля стогу

Супакойваюць малога:

– Купім табе заўтра боты –

Будзеш бегаць праз сумёты.

Ды не плач – вазьмі хусцінку.

Вытры слёзы, мілы сынку.

 

Усміхнуўся зайка маме:

– Слёзы выцер я вушамі.

 

 

Зайка, дзе, скажы, твой дом

 

– Зайка, дзе, скажы, твой дом?

– Пад любым густым кустом.

– Дзе твой ложак, дзе пасцелька?

– Там, дзе цёплая зямелька.

– Ты капусты шмат наквасіў?

– Не люблю рабіць запасаў.

– Зімку жыць, як будзеш, зайчык?

– Хлеба выпрашу акрайчык.

– Сорам, зайка, сорам так –

Жыць на свеце, як жабрак!

 

Зайкава хатка

 

Елачкі-ялінкі чубатыя,

А на іх – сняжынкі бухматыя.

Падымі галінку-бухматку

І патрапіш у зайкаву хатку.

 

 

З хаткі выбег зай вучоны

 

З хаткі выбег зай вучоны

І варон лічыць пачаў:

–  Дзве вароны... Тры вароны...

Спатыкнуўся зай і ўпаў.

 

Рагаталі нават совы:

–  Недарэка з недарэк!

Зай упаў на корч яловы

І губу сабе рассек.

 

Звалі доктара сарокі,

Ды ў ад’ездзе доктар быў.

Недарэка касавокі

Рану кепска залячыў.

 

У сябе над галавою

Зай не лічыць больш варон,

Бо з раздвоенай губою

І сягоння ходзіць ён.

 

 

Заяц-небарака

 

У мядзведзя – бярлога,

У лісіцы – нара.

Толькі ў зайца нічога –

Ні кала, ні двара.

 

І чаго ў небаракі

Лёс гаротны такі?

І ганяюць сабакі,

І шукаюць ваўкі.

 

А яшчэ паляўнічы

Заганяе у кут,

Бач, шыкоўным ён лічыць

Яго белы сурдут.

 

Зайца ў лесе і ў полі

Крыўдзяць сотні гадоў,

А ён хлебам ды соллю

Зноў дзяліцца гатоў!

 

Заяц варыць піва

 

Туман плыве з нізіны сівы

Над нівай голай і пустой.

“Глядзіце, заяц варыць піва!” –

Жартуюць людзі між сабой.

 

А я відушчым бачу зрокам,

Як ён прысеў каля агню,

Трыгубы, шэры, касавокі,

І піва варыць з ячмяню.

Яліна іскрамі страляе,

А ён прыладзіў кацялок

І трэскай варыва мяшае,

Каштуе, сплёўвае набок.

 

І піва заяц варыць густа,

А на закуску – бурачок,

Трава, заечая капуста,

Галін асінавых пучок.

 

З зайчыхай вып’юць па маленькай,

І дзеткам трошкі паднясуць,

Пужлівым голасам таненькім

“Цвіцела морква” завядуць.

 

Пабачыш – не гані з абсады,

Дай хоць на гэты дзень спакой,

Павінна ж быць і ў зайца радасць

Перад халоднаю зімой.

 

 

Зайчыкі выбеглі з лесу на бераг

 

Раненька-рана праглянула сонца,

Пазалаціла галлё на сасонцы.

А на бярозах, асінах, дубочках

Пазалаціла праменнем лісточкі.

Кветкі ў травіцы пялёсткі раскрылі,

Птушкі лясныя ўзняліся на крылы.

І заспявалі прыгожыя спевы,

Загаманілі зялёныя дрэвы.

Зайчыкі выбеглі з лесу на бераг:

Тут іх ніхто не палохае, шэрых.

Бегаюць, скачуць ля возера жвава,

Толькі ўгінаюцца кветкі і травы.

 

 

Пад асінай зайкі след

 

Скок ды скок па сняжку,

Па сцяжынцы на лужку.

Пад асінай зайкі след:

Тут у зая быў абед.

Ён кары усмак пагрыз.

Раптам бачыць – рыжы ліс!

Прахапіўся – скок у бок,

Затаіўся – і маўчок!

 

 

Пад сасною зайка спаў

 

Скок вавёрка па сасне –

Паляцеў з галінак снег.

Пад сасною зайка спаў –

Ён адразу белы стаў.

 

  

СКОК ВАВЁРКА НА ДУБОК

 

(Вавёрка)

………………………………………

 

Ейны дом – не ў полі норка:

У дупле жыве вавёрка.

У пакоіку дупляным

Суха, чыста і прыбрана.

Там насыпана, як з меху,

Шышак, ягад і арэхаў.

Паглядае кожны ласа

На вавёрчыны запасы.

 

 

Вавёрка-працаўніца

 

Вавёрачцы-працаўніцы

На галінцы не сядзіцца:

Скок-скок на дубок,

Адарвала жалудок,

Скок-скок! Паскакала,

Жолуд у дупло схавала.

 

 

Вавёрчына каморка

 

Ціха падаюць лісты

Ў лесе на сцяжынку.

У вавёркі працы шмат –

Скача без супынку.

Мох-пасцельку ператрэсла,

Траўкі свежанькай прынесла,

Падмяла пасля каморку...

Трэба ж рыжай на зімоўку

Назапасіць жалудоў,

І арэхаў, і грыбоў.

 

 

Вось звярок маленькі, чысты

 

Вось звярок маленькі, чысты,

Сам ён гладкі, хвост пушысты,

Скача ўсё туды-сюды,

Любіць шышкі, жалуды.

Ён арэхі падбірае,

На зіму ў дупло хавае.

 

 

Не спалохае мароз

 

У вавёркі –

Арэхаў горкі,

На дубочку –

Па грыбочку,

Ды яловых шышак воз –

Не спалохае мароз!

 

А я жвавая вавёрка

 

А я жвавая вавёрка,

Я арэхаў маю горку,

Ёсць грыбы на запас –

Сыта буду ў зімні час.

Дворык вымашчу,

Хату вычышчу,

Мохам мяккім пацяплю,

Траўкай ложак засцялю.

Што мне холад,

Што мне снег,

Што мне голад –

Жарты, смех.

Я вавёрка-працаўніца,

Мая хатка, як святліца,

Мне ня страшная зіма,

Я спяваю нездарма.

 

Скок вавёрка на дубок

 

Скок вавёрка на дубок!

Ў лапах рыжанькі грыбок!

Нанізала на галінку,

Каб запас зрабіць на зімку.

А сухенькія грыбочкі

У мяшкі кладуць сыночкі.

Дочкі хату падмятаюць,

Маму з працы сустракаюць.

Заўтра пойдуць у дубы

Ўсёй сямейкай у грыбы.

 

 

Вавёрка і дзераза

 

У блакітных верасах

Па кустох ядлоўцу

Вунь віецца дзераза

На асеннім сонцы.

 

Ледзь крані ты каласок –

Дзераза ж сухая –

І пылок, нібы дымок,

На мох аблятае.

 

Вераснёваю парой

Станеш на пагорку

І заўважыш: пад сасной

Бегае вавёрка.

 

То варушыць каласкі

Хвосцікам агністым,

То патрэ свае бачкі

Аб дыван імшысты.

 

І занятая здаўна

Дзіўнаю гульнёю:

Любіць пудрыцца яна

Жоўтай дзеразою.

 

 

Вось дык акрабатка

 

У малой вавёркі

Вочы, быццам зоркі.

Па яліне, па бярозе

Скача, нібы па дарозе.

А дарога тая

К небу узлятае.

Дзівіцца Ігнатка:

Вось дык акрабатка!

 

 

Вельмі ж любяць мяне дзеці

 

Ведаюць усе на свеце –

Вельмі ж любяць мяне дзеці:

Як убачаць на суку

У агністым кажушку,

Да мяне бягуць са смехам,

Ажно лес гудзіць ад рэха.

І мне весела з малымі,

Я люблю дражніцца з імі:

Скок з хваінкі на ялінку,

Ды з бярозкі на асінку,

Нібы тая акрабатка.

А стамлюся – шусь у хатку,

Што збудована ў цяпле

У асінавым дупле.

 

 

Па сасонцы скок ды скок

 

Па сасонцы скок ды скок

Скача рыжанькі звярок.

У мяне рука ў кішэні:

Там арэхаў ёсць дзве жмені.

Пад сасну кладу арэх:

– Злазь, вавёрачка, на снег!

Апусціўся ўніз звярок,

Хоп арэх – і на сучок.

Чую, як трашчаць шкарлупкі –

Так яе працуюць зубкі.

Радасць рыжай ад арэхаў...

Нездарма я ў парк прыехаў!

 

 

 

БЕГЛІ ВОЖЫКІ СЯМЕЙКАЙ

 

(Вожык)

……………………………………

 

Вожык, ты чаму калючы?

Гэтак колешся балюча?

– Бо ваўкі, лісы, мядзведзі –

Не найлепшыя суседзі!

 

 

Ну і дзіўны гэты вожык

 

Ну і дзіўны гэты вожык:

Не відаць ягоных ножак,

Не відаць ягоных вочак, –

Ну, не вожык, а клубочак!

Ды клубочак дужа колкі,

Бо тырчаць з яго іголкі.

І не выцегнеш іголку:

Воўк цягнуў яе бяз толку,

Не пашыў сабе абноў,

Толькі лапу пакалоў!

 

 

Вожык-паляўнічы

 

Няма ва ўсім лесе дарожак,

Якія не ведаў бы вожык.

Усё яму ў лесе вядома,

Бо ён не ў гасцях тут, а дома.

Шархочуць яловыя шышкі,

Грызуць іх рухавыя мышкі.

Клубочкам, нібыта без ножак,

Да іх падкрадаецца вожык.

Ён добра іх хітрыкі знае –

Не вырвецца мышка малая.

 

Бяжыць вожык – тупу-туп

 

Бяжыць вожык – тупу-туп.

Сам калючы, востры зуб.

Вожык, вожык, ты куды?

Ад якой бяжыш бяды?

Вожык лапкамі туп-туп!

Вожык вочкамі луп-луп!

Навакол пануе ціш.

Чуе вожык: ў лісці мыш.

Ён туп-туп і тут як тут –

Мышцы шэранькай капут!

 

 

Шпількі і шыльцы

 

Гэта ж трэба! На сцяжынцы

Шпількі вострыя і шыльцы!

 

 

Пад хвойкамі, пад смолкімі

 

Пад хвойкамі, пад смолкімі

Па лясных дарожках

Бяжыць клубок з іголкамі

На кароткіх ножках.

 

 

Цягне вожык

 

Цягне вожык

Лісця возік.

Мосціць вожык

З лісця ложак.

 

Вожык, дзе твая хаціна?

 

– Вожык, дзе твая хаціна?

Дзе прытулішся ў мароз?

Ён, калючы, як шыпшына,

На іголках лісце нёс.

– Хатка-норка пад хваінай,

Там радзіўся, там узрос.

– А што будзеш есці, вожык?

У адказ запыхкаў ён:

– Лягу спаць я ў цёплы ложак –

Буду спаць да весніх дзён!

 

 

Вожык раніцай прачнуўся

 

Вожык раніцай прачнуўся

І навокал азірнуўся,

Захацелася папіць –

У грыбку вада блішчыць.

Сунуў вожык пыску

У грыбок, бы ў міску,

Задаволіўся, папіў,

Сыраежку пахваліў.

 

Беглі вожыкі сямейкай

 

Беглі вожыкі сямейкай

Па траве, па смолках клейкіх,

Бачаць: спіну ласяняці

Ля асінкі ліжа маці.

Вожыкам зайздросна стала,

– Ты б нас, мама, палізала!

– Дык на вас жа сто іголак –

Язычок я пакалола б.

 

 

Вожык-грыб

 

На ўвесь бор крычыць Піліп:

– Пад кустом вялікі грыб!

Да яго падбеглі ўсе,

І што бачаць? – Грыб паўзе!

Дзіва! З-пад калючай шапкі

Мільганулі раптам лапкі...

Вось табе і баравік!

Гэта ж вожык-лесавік!

 

 

Беглі яблыкі па садзе

 

– Вось дык дзіва, – кажа Ядзя, –

Беглі яблыкі па садзе.

А сястра каля грады

Паказала ёй сляды

Ад маленькіх спрытных ножак

І сказала: – Гэта ж вожык,

Выцягнуўшы доўгі нос,

Нашы яблыкі панёс!

 

 

Выйшлі з хаты важаняты

 

Выйшлі з хаты важаняты,

Павялі іх мама з татам

Баразёнкаю глыбокай,

Дзе шумеў быльнёг высокі.

А куды такой парою

Беглі вожыкі сям’ёю?

Там у садзе, за штыкетам,

Спелі яблыкі-ранеты.

Вожык-тата ўсё разведаў

І, ці смачныя, адведаў:

Іх пад яблыняй нямала

У густой траве ляжала.

Яблык тата ўзяў вялікі,

Насадзіў на голкі-пікі,

І крамяны яблык мама

Хутка выбрала таксама.

Малышок за мамай следам

Тупацеў, што ўзяць, не ведаў,

Ды яму пашанцавала –

На спіну ранетка ўпала!

 

 

Хітранькі звярок

 

Ад бабулі ўчора

Ўвечары ішла,

На сцяжынцы ў садзе

Вожыка знайшла.

Як мяне убачыў

Хітранькі звярок –

Ўраз схаваў ён пыску,

Звіўся у клубок.

Вострыя іголкі,

Быццам бы штыкі,

Натапырыў спрытна

У ва ўсе бакі.

– А ну, хто адважны –

Падыходзь, герой!

Нас не возьмеш, братка,

Голаю рукой!

 

 

Жывы клубочак

 

У лясочку, ля пянёчка,

Сцішыўся жывы клубочак.

Пытаецца ў мамы Ната:

– Можа, возьмем яго ў хату.

– Не, – сказала мама Наце, –

Засумуе ён у хаце.

Тут, дачушка, яго дом,

Тут сябры яго кругом.

 

 

Вожык і каток

 

Тата вожыка прынёс:

Дзе тут вочы? Дзе тут нос?

Падышоў каток. Глядзіць.

Пагуляць яму карціць.

Гэта звер ці мо клубок?

Лапкай лап і скок убок.

Хто ў клубок – падумаць толькі! –

Панатыркаў скрозь іголкі?

А клубок рухава, ходка

Набліжаецца да сподка.

Малака напіўся вожык

Ды палез сабе пад ложак.

 

 

Вожык мае доўгі нос

 

Вожык мае доўгі нос.

Пыхкае, як паравоз,

Ходзіць, тупае па хаце –

Не заснуць ні мне, ні маці.

Запыніўся каля печкі,

Грэе нос сабе і плечкі,

Потым ножкі грэў старанна

І заснуў неспадзявана.

 

 

Вожык, вожык, дзівачок

 

Вожык, вожык, дзівачок,

Не сціскайся ў кулачок.

Я наліў для дзівачка

Поўны сподак малачка.

Але вожык-дзівачок

Не глядзіць у гэты бок.

Малака не хоча ён

І тупоча на балкон.

Ды няма з балкона сцежкі,

Ні лясной, ні палявой,

Толькі пахне вецер свежы,

Пахне лісцем і травой!

 

 

 

МЫЕЦЦА Ў РАЦЭ БАБЁР

 

(Бабёр)

……………………………….

 

Ля рачулак, ля азёр

Будаўнік жыве – бабёр!

Без сякеры, без пілы

Ён спілуе дрэў ствалы.

Зладзіць хатку на вадзе

І плаціну узвядзе

Гэты добры працаўнік,

Гэты слаўны будаўнік!

 

 

Каля старыцы ў бары

 

Каля старыцы ў бары

Завіхаюцца бабры:

І пілуюць, і габлююць –

Новы дом яны будуюць.

 

Брыгадзір, стары бабёр,

Вуха лапаю пацёр:

– Хто ў ляноце бавіць час,

Тым не месца сярод нас!

 

 

Жыць бабру ў вадзе найлепей

 

Жыць бабру ў вадзе найлепей.

Дрэва ён грызе, як рэпу.

Лёгка плавае, нырае,

На сабе галлё сплаўляе.

Асцярожны ён і гладкі,

На вадзе будуе хаткі.

 

 

Бабры – спакойныя звяры

 

Бабры – спакойныя звяры.

Хвасты ў іх, як лапаты.

Без пілаў і сякер бабры

Сабе будуюць хаты.

 

 

Бабры грэблю збудавалі

 

Хочаш – вер, хочаш – не вер:

Без пілы і без сякер

Бабры грэблю збудавалі,

Потым хаткі ўладкавалі

І жывуць цяпер штодзень,

І на сушы, і ў вадзе.

 

 

Лесаруб і плытагон

 

Нагадаю вам, што ён

Лесаруб і плытагон,

Вельмі спрытны працаўнік,

І плывец і будаўнік.

Хатку ладзіць на вадзе,

Каб няблізка ад людзей.

Хвост падобны на вясло,

Каб патокам не знясло.

Падгрызе таўсты камель –

Дрэўца падае на мель

Так, як хочацца звярку –

Вершалінай на раку.

Футра цёплае зімой

Грэе нават пад вадой.

 

Я з маленства дрывасек

 

Я з маленства дрывасек,

Тры асінкі ноччу ссек.

Пойдзе ўся кара на ежу,

Ствол кавалкамі нарэжу,

Ў рэчку скінуць не забуду.

Стану будаваць запруду.

Як надыдзе час для сну,

Вось тады і адпачну!

 

 

Між азёр пратока

 

Між азёр пратока,

Над пратокай кладка,

 

Каля кладкі збоку

Ёсць баброва хатка.

 

Плаваюць ля хаткі

Жвава бабраняткі.

 

 

У хаціне бабровай

 

Хай мароз беліць бровы,

Хай завея штодня,

У хаціне бабровай –

Цеплыня, цішыня.

 

Тут і ўтульна, і люба –

Хоць якая пара...

На сняданак – карэньчык,

На вячэру – кара.

 

Мыецца ў рацэ бабёр

 

Хто купаецца так рана,

Плескатаннем будзіць бор?

Так заўзята, так старанна

Мыецца ў рацэ бабёр.

 

Абліваецца вадою,

Пырскі веерам ляцяць,

І нырае з галавою –

З паўхвіліны не відаць.

 

Зіхаціць на сонцы спіна,

Хоць рукой яе пагладзь.

І бабёр чысцюткі чынна

Адплывае спачываць.

 

Не бубні, не плач, бабёр

 

Пэўна льюцца не з дабра

У азёрнага бабра

Слёзы, быццам бы з вядра.

Як цягнуў паленца,

Абадраў каленца

І ад болю гнецца.

– Лепш бы слёзы ты абцёр,

Не бубні, не плач, бабёр,

Не салі слязьмі азёр.

Ліст да раны прылажы

І каленца абвяжы,

Больш не плач і не дрыжы.

Дабёр-бабёр

 

Дабёр-бабёр,

Бабраняты – нападбор.

Малайцы бабры,

Нашых рэк гаспадары,

Вартавыя крыніц,

І куніц, і суніц,

І лясоў, і ласёў,

І птушыных галасоў.

Хто заб’е бабра –

Не пабачыць дабра.

 

 

Бабровая вёска

 

У завадзі, што тоіцца ў бары,

Ля балаціны без маста і кладкі,

Маленькія цяслярыкі-бабры

Панастаўлялі новенькія хаткі.

 

Ніхто ня чуў ні пілаў, ні сякер,

Ніякай пра будоўлю пагалоскі,

А вось прыйшлі і ўбачылі цяпер

Тут, на рацэ, загадкавую вёску.

 

І гэта ўсё за лічаныя дні!

Відаць, з бабра цясляр надзвычай лоўкі –

Вакол тырчаць завостраныя пні,

Як у пенале жоўтыя алоўкі.

 

ВУНЬ ПРАЗ ЛЕС ІДУЦЬ ДЗІКІ

 

(Буйныя дзікія жывёлы)

…………………………………………

 

 

– Раз, два, тры, чатыры, –

Ліска курачак лічыла.

Пяць, шэсць, сем, восем...

Толькі пер’е засталося.

 

 

 

Запрашала ліска курку

 

Запрашала ліска курку

Да сябе у госці:

– Выйдзі, курка, за рэчаньку,

За кляновы мосцік.

А я ж цябе пачастую

Грэчкай і пшаніцай,

За гарою з крынічанькі

Напаю вадзіцай.

Падмяла хвастом сцяжынкі,

Падмяла дарожкі,

Ідзі, курка, ступай смела,

Не паколеш ножкі.

Разаслана на ўзгорачку

Мяккая салома,

Ты ж у мяне заначуеш,

Як у сябе дома.

 

Пайшла курка да лісічкі

За кляновы мосцік,

Засталіся ад курачкі

Кіпцюры ды хвосцік.

 

Ля нары сядзіць лісіца

 

Сонца паліць. Ну і спёка!

А крыніца так далёка.

Ля нары сядзіць лісіца:

– Вой, каб хто прынёс вадзіцы!

А лісіца-ліска

 

А лісіца-ліска,

Недалёка – блізка

Адшукала норку,

Пачала прыборку.

Вымятае пыл хвастом.

Цёплы атрымаўся дом.

Хай цяпер мароз трашчыць,

Студзіць лес кашлаты...

– Трэба зайца запрасіць

У новую хату!

 

 

У мядзведзевым бярлогу

 

У мядзведзевым бярлогу

Мох насланы на падлогу,

Замест столі – пні ды лом,

Замест бэлек – буралом.

У бярлог той цяжка ўлезці

І няма чаго там есці.

 

 

Дзед Мядзведзь стаміўся троху

 

Дзед Мядзведзь стаміўся троху –

Лёг у мяккую бярлогу.

Смачна спалася яму,

Не ўставаў усю зіму.

Мядзведзь і пчолы

 

А я мост машчу,

Воскам мост вашчу.

За ракою – лес,

На ліпе – калода.

Я на сук палез

Частавацца мёдам.

А з калоды – рой!

Не кусайце, пчолкі, вой!

Вострыя джалы

Колюць, як кінжалы.

Мёд я пчолкам пакіну,

Сам пайду па маліны.

 

 

Воўк схаваўся ў хвошч

 

Хвошча, хвошча дождж.

Воўк схаваўся ў хвошч.

Хвост пад хвашчом,

А сам пад дажджом.

 

Воўк-лайдак

 

А ваўку-лайдаку

Працаваць няма ахвоты,

Ён блукае ў хмызняку

І зайцоў цікуе ўпотай.

А пра дом не дбае, дзе там!

Цешыцца у футры летам,

Бо забыўся ён, нейначай,

Што цяпло вось-вось міне...

Што ж, няхай зімой паскача,

Не шкада звяругі мне.

 

 

Па лесе воўк бадзяецца

 

З вечара да раніцы,

Губляючы сляды,

Па лесе воўк бадзяецца

У пошуках яды.

 

То выйдзе на аселіцу,

То пабрыдзе далей.

Да вёскі не насмеліцца

Ён падысці бліжэй.

 

 

Голад ганяе ваўка без упынку

 

Голад ганяе ваўка без упынку.

Бачыць авечку – аж коўтае слінку.

Змалку да змроку начнога прывыклы,

Вострыць аб месяц ён жоўтыя іклы.

 

 

Ваўчыца ў звярынцы

 

Нялёгка з пушчай вольнай разлучыцца

І апынуцца у сталёвай клетцы...

Кідаецца ва ўсе бакі ваўчыца

І на свабоду вырвацца імкнецца.

 

Ды сталь скрышыць замала ў яе сілы.

Яна прылегла ціхенька ў знямозе.

Засмучана і роспачна завыла

Па ваўчанятах родных, па бярлозе.

 

Кранаў за сэрца голас яе слабы,

Хоць ён і з пашчы воўчае выходзіў.

Яна ж праз краты высунула лапы –

Хай хоць яны пабудуць на свабодзе!

 

 

Рысь

 

У рысі і ўночы

Відушчыя вочы,

Даўгія вусы.

На вушах кутасы.

 

За дуб, як за мур,

Хаваецца рыска

І кажа: мур-мур,

Як свойская кіска.

 

Кажух навырост.

І верыцца ўсё-ткі,

Што вырасце хвост,

Бо вельмі ж кароткі.

Вунь праз лес ідуць дзікі

 

Вунь праз лес ідуць дзікі –

Шчэць на хібе, як цвікі,

Побач з імі парасяткі,

Быццам зебры-паласаткі,

Доўгенькімі рыльцамі

У канаве рыюцца.

Іх пільнуюць кабаны,

Злосна рохкаюць яны:

– Мы дзікі-секачы,

Нашы іклы, як мячы,

Мы іх вострым на ваўкоў,

Бо яны з усіх бакоў

Дзень пры дні пільнуюць статак,

Каб пакрасці парасятак.

 

Паласатыя бачкі

 

Парсючкі, парсючкі –

Паласатыя бачкі.

Хвосцікі – кручочкі,

Вузенькія вочкі:

Як ідуць, дык рохкаюць,

Хоць жыццё іх лёгкае.

Маці-парсючыха

На бок ляжа ціха,

Малачком пакорміць,

Малачком напоіць.

Засынаюць парсючкі –

Паласатыя бачкі.

Дзік жыве у гушчары

 

Дзік жыве у гушчары

Без бярлогу, без нары,

Лычам мох, траву разрые

І ў зямлі ляжыць па шыю.

 

 

Ходзіць лось рагаты

 

У дрымотным лесе

Ходзіць лось рагаты,

У гушчар залезе

І стаіць, цыбаты.

З гушчару прабіцца

Да лясной дарогі

Вельмі ж замінаюць

Кручаныя рогі.

 

 

Лось бязрогі выбег з гаю

 

Лось бязрогі выбег з гаю,

Дзе звініць птушыны грай,

Пастаяў на полі з краю

І назад пабег у гай.

 

Снег панюхаў ля дарогі,

Затрубіў і ў смутку сціх...

Лось згубіў у снежні рогі

І цяпер шукае іх.

Ласіны стажок

 

Заінелы ад марозу,

Крыху схілены набок,

Ён стаіць між вербалозу,

Летам скіданы стажок.

Над ракою, над кустамі

Вецер кружыць снежны дым.

Нехта тут хадзіў начамі,

Да стажка прабіў сляды.

След вядзе шырокім логам

Да камлёў старых асін.

Там стаяць, узняўшы рогі,

Асцярожныя ласі.

 

Яны чуюць, як трасецца

Зледзянелая рака.

Яны ноччу прыйдуць грэцца

Да мурожнага стажка.

 

Зубры

 

Яны ідуць – чутно здаля.

Яны бягуць – дрыжыць зямля.

Раптам спыняцца, нібы

Карчаватыя дубы.

Два рагі, як два сукі.

Цёмна-рудыя бакі.

Не ад працы цяжкай, не,

Па гарбу ў іх на спіне!

Хто прыдумаў, што зубры –

Беларускія цары?

Не цары – гаспадары

У дрымучым гушчары.

Як ідуць, бары гудуць.

П’юць – успеняцца азёры.

Зарыкаюць – нікнуць зоры.

Узвышаюцца, як горы.

Хоць зьяры яны, ды ўсё-ткі

Неўміручыя, бы продкі.

 

 

Белавежаю крочаць зубры

 

Белавежаю крочаць зубры,

Пушчы слаўнае валадары.

І гарбы ў іх крутыя, і рогі.

Саступаюць усе ім з дарогі:

І мядзведзі, і злыдні-ваўкі

Зразу кідаюцца ў бакі.

Толькі зайчык адзін не баіцца

Скача, скача ля светлай крыніцы.

 

 

Зубар і заяц

 

Вось і надышла пара

Завітаць нам да зубра,

Запытацца, ці здароў

Самы грозны цар звяроў.

Ён стаіць каля дарогі,

Апусціўшы долу рогі,

І пільнуе ў пушчы спрат

Для маленькіх зубранят.

Даглядае іх зубрыца

Белавежская царыца,

А перад зубром алені

Ўсе пасталі на калені,

І мядзведзі, і ваўкі,

І калматыя дзікі.

Толькі заяц не баіцца

Ні цара і ні царыцы:

Ён з-пад носа у кусты

Дасць такое ла-та-ты,

Што варона правароніць,

Нават зубар не дагоніць,

Не заўважыць і ваўчыца,

Калі заяц праімчыцца.

Кажуць, заяц палахлівы,

А выходзіць – ён шчаслівы,

Калі пусціцца з гары,

Толькі дзівяцца зубры:

Ні цара і ні царыцы

Шэры заяц не баіцца,

Касавокі, ды відушчы,

Спрытны і няўлоўны ў пушчы.

 

 

Барсучок-працаўнічок

 

Барсучок-працаўнічок

Паваліўся на бачок:

Ён хвілінку адпачне –

Завіхацца зноў пачне.

 

 

Пакаціўся барсучок

 

Быццам шэранькі глячок,

Пакаціўся барсучок,

Ён шукае норку

На лясным пагорку.

 

Цэлы дзень ён там сядзіць –

Небяспечна ў лес хадзіць,

Ён сабак баіцца,

Воўка і лісіцы.

 

Пажуе карэнне й спіць,

Сны салодкія ён сніць.

Ноччу ловіць мышак,

Птушанят-галышак.

 

А надыдуць халады,

Не зазнае ён бяды:

Цёпла спаць зімою

Ў норцы пад зямлёю.

 

 

З норкі вылез барсучок

 

Трэснуў у бары сучок –

З норкі вылез барсучок,

Лёг на сонцы падрамаць,

Адпачыць, пазагараць.

Паглядзеў на лес, на сонца,

Пацягнуўся, пазяхнуў –

І так хораша між соснаў

Раптам ён сябе адчуў.

 

 

Не ў гуморы выдра

 

Не ў гуморы выдра,

Футра ёй абрыдла:

– Мне б як у лісіцы...

От жа дзе дурніца:

Прамакае тое

Футра пад вадою.

 

 

Нутрый добра футра грэе

 

Задажджыцца, завятрэе –

Нутрый добра футра грэе.

Нават заяц пазайздросціў:

– Вы адкуль такія госці?

Адказалі тыя хорам:

– Нас прывезлі з па-за мора.

Зай у футры палінялым

Уздыхаў пасля нямала:

– Так і думаў я пра нутрый,

Што яны ў заморскім футры.

Гэты тоўсценькі янот

 

Вось чысцёха дык чысцёха

Гэты тоўсценькі янот:

Высцілае норку мохам,

Бруднай ежы – ані ў рот.

 

Мышку зловіць пад абрывам,

Яйкі ў птушак украдзе,

Потым ён сваю спажыву

Прапалошча у вадзе.

 

Ён жыве наўскрай балота

Каля рэчкі з чыстым дном.

Нездарма, як бач, янота

Сталі зваць паласкуном.

 

 

У хахулі – сынок

 

У хахулі – сынок,

У сынка – хабаток.

Пахваліўся маме ён:

– Значыць я такі, як слон?!

А хахуля-маці ў рогат:

– У слана вялікі хобат,

А ў цябе, сынок,

Замалы хабаток.

 

 

Тхорык

 

Сымпатычны, з пыскай мяккай,

Ён вось-вось, здаецца, мяўкне,

Як на печы сонны кот:

– А чаго ж у пер’і рот?

Кіпцюркі ў заечай поўсці?

І за што ён людзям помсціць,

Дзеручы курэй і пеўняў?

Не галодны ж ён напэўна:

З’есць адну, зарэжа дзесяць,

Яйкі ў гнёздах перамесіць...

Мо таму ён ваяўнічы,

Што заўзяты паляўнічы?

 

Вось алень бяжыць лугамі

 

Вось алень бяжыць лугамі,

Вецер свішча між рагамі.

Пастарайся, дагані –

Не дагоніш на кані.

 

Працаваць бабёр прывык –

Ён выдатны будаўнік!

У бабра такая хата,

Што не змерзнуць бабраняты..

 

Футра ў ліскі хоць куды!

Ёй праз футра шмат бяды:

На лісу палююць людзі,

Бо каўнер прыгожы будзе.

 

Вожык днём адпачывае,

А ўначы гадзюк знішчае.

Круглы-круглы, нібы мяч!

А памацаеш – хоць плач!

 

А вавёрка штохвіліны

На галінку – скок! – з галіны.

Сцеражыся – гэты звер

Шышку кіне за каўнер!

 

Няма дзіўнага, што ў рысі

Век сяброўкі не вяліся –

Дужа злосная яна,

Вось чаму жыве адна.

 

Добры густ у гарнастая –

Ён касцюм заўжды мяняе:

Летам – цёмны не зашкодзіць,

А зімой – у белым ходзіць.

 

Воўк... ды хто яго не знае!

Дужа злосны нораў мае.

 

У зубра хапае сілы.

Рогі ж, нібы тыя вілы –

Ёсць чым з ворагамі біцца,

Воўк і той яго баіцца.

 

 

Скрозь сляды, сляды на снезе

 

Скрозь сляды, сляды на снезе:

На паляне, ў гушчары, –

Свой буквар зімовы ў лесе

Пішуць птушкі і звяры.

 

Знакі вось, як тыя лыжкі,

Ці як клічнікі: крадком

Распісаўся зай увішны

Пад ядлоўцавым кустом.

 

На наезджанай дарозе,

Капытамі зрыўшы снег,

Да стагоў у вербалозе

Лось па высечцы пабег.

 

А сарокі балявалі

З крумкачамі ля сасны.

Снег наўкол размалявалі,

Як карункамі, яны!

 

 

МЫШКА, МЫШКА, ДЗЕ БЫЛА?

 

(Дробныя жывёлы: мыш, хамяк, крот, кажан, чарапаха, жаба, вуж, гадзюка)

………………………………….

 

Палявая мышка ў норку

Нацягала ежы горку:

Каранькоў, лісткоў, зярнятак

Для маленькіх мышанятак.

Норку мохам пацяпліла,

Уваходы ўсе закрыла,

Каб у зімні дзень мароз

Дзеткам холад не занёс.

 

 

Мышка-палёўка

 

Мышка-палёўка,

Сівая галоўка,

Вушкі – ўсё чуюць,

Вочкі – пільнуюць.

Цягне пад горку,

У цёмную норку,

У свой закуток,

Спелы каласок.

Яе ля паветкі

Сустракаюць дзеткі,

Цешыць немаўлятак,

Цэлы “сноп” зярнятак.

 

 

Мыш-санліўка ўзімку спіць

 

Мыш-санліўка ўзімку спіць,

Нібы мёртвая ляжыць,

А прачнецца – і за справу,

З’есць яна любую страву:

Яблык ці шыпшыну,

Вішню ці маліну,

Мушак, конікаў, жучкоў,

Камароў і матылькоў.

А найбольш санліўка-мышка

Любіць мёд. Яна ў зацішку

Гэтулькі яго наесца,

Што cысці ня можа з месца.

І ляжыць сабе ў вуллі,

Як бы пчолы ні гулі.

І таму яна, вядома,

Называецца мядовай.

 

 

Ходзіць кот па хаце нішкам

 

Ходзіць кот па хаце нішкам,

Не дае спакою мышкам.

Як паткнецца мышка з норкі,

Лёс спаткае самы горкі:

Кот адразу ашчаперыць,

А пасьля... пачне вячэраць.

 

Як далей ім жыць на свеце?

Чым карміць малыя дзеці?

Ні скарынкі, ні зярнятак

Для маленькіх мышанятак

Нельга больш знайсці у хаце,

Бо заўжды там кот на варце.

 

 

Мышка, мышка, дзе была?

 

– Мышка, мышка, дзе была?

– У палацы ў караля.

– Што рабіла?

– Лыжкі мыла.

– А што далі?

– Кавал сала.

– Дзе схавала?

– Пад лаўкаю.

– Чым накрыла?

– Халяўкаю.

– Дзе падзела?

– Котка з’ела.

 

Цягавіты хамячок

 

Коціцца праз хмызнячок

Цягавіты хамячок.

Дзень у жыце шчыраваў,

Зерня два мяхі сабраў.

Ці на колах везці,

Ці самому несці?

Доўга думаў бядак,

І прыдумаў ён так:

 – Да нары ісці далёка.

Дык запхну мяхі за шчокі!

 

Мыш не мыш

 

Мыш не мыш, жыву я ў полі,

Ветрам дыхаю на волі,

За шчакой кішэню маю,

Яе зернем напаўняю.

 

 

 

Васька ў нас жыве – хамяк

 

Васька ў нас жыве – хамяк.

Ён не слухае ніяк

Ні мяне, ні мамы з татам,

Ён задзірлівы і ўпарты.

Белашчокі, з пыскай шэрай,

Сам, як мыш, малы такі,

А за шчокамі – “мяшкі”,

Бы ў штанах маіх кішэні.

Калі сам ты штось ясі,

Падбяжыць і смешна шчоўкне.

Запіхае ўсё за шчокі,

Што яму ты ні дасі.

Потым носіць у куткі –

Во запаслівы які!

 

Чорны крот баіцца сонца

 

Чорны крот баіцца сонца,

Мае хату без ваконца,

Днём у норку уваход

Зачыняе шчыльна крот.

 

Ёсць крату куды падзецца

 

Сыпне дождж ці грымне гром –

Ёсць крату куды падзецца,

Мае ён сваё метро

І спакойна спаць кладзецца.

 

Трактары ідуць, машыны,

Воз туркоча полем, долам,

А крату не страшны шыны,

Не раструшчаць яго колы.

 

Не баіцца крот вятроў,

Не баіцца навальніцы,

Бо глыбокае метро

Збудаваў ён у зямліцы.

 

Да каго ж падобны крот?

 

Кучкі гліны на траве –

Пад зямлёй тут крот жыве.

Папытаў у пеўня кот:

–  Гэта мыш такая – крот?

– Часам, рыжы, ты не кпіш?

Крот ёсць крот, а мыш ёсць мыш!

– Разумею, – кажа кот, –

Як пацук, такі вось крот?

Певень дзівіцца з ката:

– Крот падобны да крата!

Думаў кот на мураве:

“Што за крот такі жыве?”

Лета з восенню прайшлі –

Крот не вылез з-пад зямлі.

І не знае рыжы кот,

Да каго ж падобны крот?

Баязліўка-чарапаха

 

Вось маруда дык маруда!

Не спяшаецца нікуды.

– Ты чаму ўвесь век паволі

Ледзве цягнешся па доле?

 

Адказала чарапаха:

– Я і так дрыжу ад страху –

Раптам дзесьці спатыкнуся:

Панцыр свой пабіць баюся.

 

Вось няўдаха дык няўдаха –

Баязліўка-чарапаха.

 

 

Небарака-чарапаха

 

– Небарака-чарапаха,

Што стаілася пад дахам?

Нейкі домік твой нягеглы,

І не з дрэва, і не з цэглы.

Ані белы, ні ружовы,

Ды, здаецца, і не новы.

Кідай гэтую хаціну!

– Родны свой дамок не кіну!

Хай са мной вандруе хатка,

Як турысцкая палатка!

 

Па дарожцы жвава жабка

 

Па дарожцы жвава жабка

Скача, выцягнуўшы лапкі.

Ква-ква-ква,

Скача выцягнуўшы лапкі.

Скок з балота у старонку

Ды за мушкаю ўдагонку.

Ква-ква-ква,

Ды за мушкаю ўдагонку.

 

 

Цяжка жабцы жыць без хаты

 

Жабка квакае на кладцы:

– Вунь бабры жывуць у хатцы,

А на беразе, на горцы,

Крот жыве у цёплай норцы,

А зусім жа недалёка

Мае дом-гняздо сарока...

Хто ж квакуху пашкадуе,

Скаргу хто яе пачуе?

Пад кустом старым кашлатым

Цяжка жабцы жыць без хаты.

 

Жабіны канцэрты

 

Жабы ўвесну ажылі

І канцэрты пачалі.

Надвячоркам гвалт і шум:

Ква-ква-ква! Корч-корч! Крум-крум!

Абураецца трытон:

– Сапсуюць, крыкухі, сон!

– Хай пяюць хоць сяк, хоць так, –

Да суседзяў кажа рак.

На канцэрт жа па вадзе

Чарада буслоў ідзе.

Жабы ў рэчку – шабулдых!

І адразу брод заціх.

 

 

Гадзюка й вожык

 

Гадзюка вілася, ліняла –

Убор паношаны мяняла.

Рывок усёй мускулатуры

І – выпаўзла яна са скуры.

У верасе між дзвюх дарожак

На выпаўзак натрапіў вожык:

– Гадзюкі, бач, задаў я страху,

Калі згубіла апранаху!

 

 

Кажан

 

Ціш начная ў гушчары.

Спяць і птушкі, і звяры.

Кажану ж, наадварот,

Ноччу хочацца ў палёт.

Чуе ў цемры кожны гук,

Не напорацца на сук.

Раніцой апаў туман,

Засынаць пачаў кажан.

Паглядзіце, як ён спіць:

Галавой уніз вісіць.

Будзе просьба тут адна:

Не будзіце кажана!

 

  

 

П О Б А Ч   З   Н А М І   Н А   З Я М Л І

 

 

 

 

Сшытак трэці

                                                                                

 

 

ПАЧНУЦЬ ПЕЦЬ – НЕ НАДЗІВІЦЦА

 

 

 

(дзікія птушкі)

 

  

 

 

 

ВЕРАБЕЙКА КЛАПАТЛІВЫ

 

(Верабей)

……………………………………

 

Верабейчык: ціў, ціў, ціў,

Колас дзюбкай ухапіў,

А таму што ён быў добры –

Па зярнятку ўсім дзяліў.

Елі зерне ўсе са смакам,

Шчабяталі: дзякуй, дзякуй!

 

 

Верабейчык, верабей

 

Верабейчык, верабей,

Шэранькая птушка,

Не цвілікай на вярбе,

Не будзі дачушкі.

 

Спіць яна салодкім сном

На падушцы белай,

І прыціх увесь наш дом,

Быццам анямелы.

 

Толькі ты адзін у нас

Гэткі несвядомы:

На галінцы ля вакна

Ціўкаеш без стомы.

 

Ці маленькіх у цябе

Не было ніколі,

Што ля дому на вярбе

Ты шуміш, сваволіш?

 

 

Верабейка клапатлівы

 

Яшчэ ранак гаманлівы

Толькі-толькі распачаўся,

Верабейка клапатлівы

Перш, чым хто, за працу ўзяўся.

– Ціву-ціў! ціву-ціў! –

Ён пачысціў пёркі.

Скок-скок! – паляцеў

На двары, падворкі.

Там скарынка, тут авёс –

Дзеткам снеданне прынёс.

Абляцеў ён цэлы свет,

Каб здабыць сабе абед.

 

 

Спрытны і маленькі

 

Спрытны і маленькі,

Сам у шэрай світцы,

Шукае канапелькі –

Трохі пажывіцца.

 

Пад страхою ён гняздзіцца

 

Пад страхою ён гняздзіцца,

Пешаходаў не баіцца:

– Цік-цілік, цік-цілік,

Я да гораду прывык...

 

Вам пад ногі можа сесці,

Каб які драбочак з’есці.

– Цік-цілік, цік-цілік,

Я да голаду прывык...

 

Ён у вырай не ляціць,

Тут жыве і будзе жыць.

Дык цілікай весялей,

Верабейка-верабей!

Скача, скача верабей

 

Прыйшла зіма, насталі сцюжы

І на двары замерзлі лужы.

Скача, скача верабей,

Ён склікае ўсіх дзяцей.

Да дзяцей ён просьбу мае

І цвілікае, як знае:

– Ціў-ціў-ціў, ціў-ціў-ціў!

Дайце есці, я ледзь жыў.

Есці многа мне не трэба –

Трошкі зерня, трошкі хлеба

Кіньце, дзеткі, на зямлю,

Я вам песенку спяю.

 

Верабейка ты мой

 

– Верабейка ты мой,

Адкажы мне шчыра:

Ты чаму ад нас зімой

Не ляціш у вырай?

– А таму і не лячу,

Што я з вамі быць хачу.

 

Верабейка ўвесь дрыжыць

 

Верабейка ўвесь дрыжыць:

– Як тут жыць, як пражыць?

Набліжаецца зіма,

Цёплай вопраткі няма.

Цык-цырык! Цык-цырык!

Я ад холаду адвык.

Змёрз дарэшты і прамок –

Слаба грэе мой пушок!

Цык-цырык! Цык-цырык!

Я ад холаду адвык!

 

 

Шэры верабей

 

Вуліцы й падворкі

Выслаў снегавей.

Натапырыў пёркі

Шэры верабей:

 

Як цяпер у снезе

Зернеткі шукаць?

Як яму, гарэзе,

Перазімаваць?

 

 

Пад страхою верабей

 

Пад страхою верабей

Просіць, просіць у дзяцей:

Цік-цілік, цік-цілік,

Я к марозу не прывык.

Няма куды падзецца –

Пусціце ў дом пагрэцца!

 

 

На дарозе, на марозе

 

На дарозе,

На марозе

Верабейка цік-цілік.

Мітуслівы

І руплівы,

Жыць без працы не прывык.

 

Люты холад,

Цісне голад,

Вецер сыпле снег, нясе.

Адубелы,

І змарнелы,

Ледзь ён крыльцамі трасе.

 

Наш Андрэйка

Верабейку

Не пакіне у бядзе:

Круп аўсяных

І прасяных

У кармушку пакладзе.

 

Кожны ранак

Ён на ганак

Крошак хлебных натрасе...

Вось і скача,

І не плача

Верабейка на страсе.

 

Холад цісне ўсё мацней

 

Холад цісне ўсё мацней,

Стынуць дрэвы ў шэрані.

Прабірае да касцей

Верабейку шэрага.

 

Скача, скача па двары,

Пырхае, цілікае.

Цяжка, што ні гавары,

Гора дый вялікае.

 

Абляцеў усё сяло,

Гумны ўсе і сметнікі –

Ні крупінкай, як назло,

Не разжыўся, бедненькі.

 

Раптам бачыць верабей:

На суку за студняю

У кармушцы на вярбе

Снегіры палуднуюць.

 

Ён туды – цілік-цілік! –

Узляцеў на дошчачкі:

– Расступіцеся, сябры!

Дайце мне хоць трошачкі!

 

 

 

ЁН НЕ ГОСЦЬ У БЕЛАРУСІ

 

(Бусел)

……………………………………..

 

Рады бусел, клякоча

У гняздзе на ўвесь гай,

Радасць выказаць хоча:

– Прыляцеў я ў свой край!

Тут над рэчкай сасонкі,

Морам жыта шуміць,

Без любімай старонкі

Мне б ніколі не жыць.

 

 

Бусел даўганосы

 

Бусел даўганосы

Дзеткам есці носіць.

Ім не трэба хлеба,

Ў іх адна патрэба:

З дзясятак квакушак,

Шэсць мышак – не болей!

Тры соценькі мушак...

З’ядуць – і даволі!

Ці ж гэта так многа

Для бусла малога?

 

 

У гняздзе клякоча клёка

 

На бярозе, так высока,

У гняздзе клякоча клёка.

Тата з мамай на рабоце –

Зранку ходзяць па балоце.

Клёка зверху паглядае

Ды бацькоў дамоў чакае.

Прыляцелі мама з татам

І прынеслі жабянятак.

Пахваліла сына мама:

– Ты у нас разумны самы.

Ты спяваў цудоўна, клёка,

Песня чулася далёка.

 

 

У чырвоных новых ботах

 

У чырвоных новых ботах

Ходзіць бусел па балотах.

Боты ў бусла да калень,

Бусел сёння цэлы дзень

То палюе на вужак,

То на жаб наводзіць жах.

Нахадзіўся між балот,

Ды вось толькі цісне бот!

Як тут буслу цераз гаць

Да лясочка даскакаць?

Бусел кажа: – Не магу,

Не дайду, не дабягу...

Вось чаму ён у лазе

На адной стаіць назе.

 

Бусел-клёка

 

– Бусел, бусел, клёка-клёка,

Дзе ты жыў?

– Я жыў далёка:

За гарамі, за лясамі,

Там, дзе Ніл, на поўдні самым.

– Што за Ніл?

– Рака такая,

Нібы мора, гаманкая,

А ў тым Ніле, хлопчык мілы,

Ёсць страшылы-кракадзілы.

– Як жа ты там, бусел, жыў?

– Я не жыў –  усё тужыў.

Дзе б ні быў, дзе б ні лятаў,

Родны край успамінаў.

 

 

Бусел, бусел-клекатун

 

Бусел, бусел-клекатун,

Схапіў жабу за каўтун,

Па балоце валачыў,

Нагавіцы замачыў!

 

 

Так дражнілі бусла мы

 

– Бусел, бусел-клекатун,

Цягне жабу за каўтун! –

Так дражнілі бусла мы,                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                   

Як ляцеў ён паўз дамы.

Толькі бусел адным вокам

Паглядаў на нас звысоку –

Не хацеў гуляць з блазнотай,

Бо заняты быў работай:

Сваім дзецям на буслянку

Жабак ён насіў адранку,

Каб раслі хутчэй, каб сілы

Набіралі ў свае крылы.

 

Даўганогі землямер

 

Даўганогі землямер

Схапіў жабу за каўнер,

Па траве павалачыў,

У канаве намачыў,

Вострым носам дзеўбануў,

Уздыхнуў і... праглынуў.

 

 

Пераходзіць бусел брод

 

Пераходзіць бусел брод.

Дзюба ўгору ўзведзена –

Гэта едзе бутэрброд

З жабкамі ўсярэдзіне

На вячэру буслянятам.

Добра жыць з цыбатым татам!

 
Чарнеюць гнёзды буславыя

 

А на дубах, як шапкі тыя,

Чарнеюць гнёзды буславыя.

Буслы клякочуць. Бусляняты

Пішчаць жалосна, як шчаняты,

Насы закідваюць угору

І просяць есці ў сваю пору.

А там, дзе буслікі ўздужалі,

Іх пачынаюць вабіць далі;

Яны пачулі ў сабе сілы,

Яны разводзяць ужо крылы,

Ўгару на локаць падлятаюць,

Паветра ловяць, заграбаюць

І неуклюднымі нагамі

Танцуюць смешна над дубамі.

Белы бусел на буслянцы

 

Белы бусел на буслянцы

На пацеху ладзіць танцы.

То адной нагой прытопне,

То крылом увішна лопне,

Ўскіне дзюбу ўгору.

– Гэй! – крычу танцору. –

Кінь ты выхвалянкі!

Звалішся з буслянкі!

 

 

Ён не госць у Беларусі

 

Даўгалыгі, даўганосы,

Ён заўсёды ходзіць босы

Па балоце, па лужку,

Па расяным муражку.

Фрак надзеўшы чорна-белы,

На вужак глядзіць ён смела

І не толькі мае спрыт,

Але й добры апетыт!

А яшчэ – зусім не слаба –

Ловіць яшчарак і жабаў:

Іх ён дзеткам даўганосым

У мяху вялізным носіць.

Ён не госць у Беларусі,

А завецца птушка – бусел!

 

 

 

Буслава шапка

 

Схапіў бусел жабку

За левую лапку,

А пасля – за правую,

Грозіць ёй расправаю.

Просіць жабка: – Не карай!

Слоўца вымавіць мне дай.

Ты блукаеш па балотах

У сваіх чырвоных ботах,

У парадным пінжаку,

З белай хусткай на баку.

Ды ў цябе, браток, ква-ква –

Не пакрыта галава.

Не рабі мне, бусел, ліха.

Я вядомая краўчыха.

Вазьму голку ў лапку

І пашыю шапку

З лісточкаў лілейных,

Самых надзейных.

А, каб кожны бачыў,

Прышпілю гарлачык.

 

Кажа бусел: – Праўда, жабка,

Вельмі мне патрэбна шапка!

Мяне сонца пячэ,

Мяне дожджык сячэ...

 

Тыдзень, два, а, можа, тры

Прамінула з той пары.

Ходзіць бусел па балотах

У сваіх чырвоных ботах,

У парадным пінжаку,

З белай хусткай на баку.

Ходзіць злосны – сам не свой,

З непакрытай галавой:

– Адгукніся, жабка,

Ці гатова шапка?!

 

 

Сцяпан і бацян

 

Аднойчы восенню з грыбоў

Ішлі хлапцы дахаты,

Ды бачаць: бусел між дубоў

Стаіўся, жалю варты!

 

Ужо засланы быў дзірван

Пажоўклымі лістамі...

– Чаму не адляцеў, бацян?

Чаму застаўся з намі?

 

Што будзеш ты рабіць зімой

У маразы ліхія,

Як над палескаю зямлёй

Мяцеліца завые?

 

Ды тут сябрам сваім Сцяпан,

Хлапчына ўсім вядомы,

Гукнуў: “Не прападзе бацян –

Бяру яго дадому!”

 

І ўзяў, і дома пасяліў

У будане з курамі.

А чым карміў? Ды тым карміў –

Даваў, што елі самі.

 

Затое, як прыйшла вясна,

Бацян стаў адмысловы!

На незвычайнасць бацяна

Дзівіўся люд вясковы.

 

Так ён хлапчыну палюбіў,

Так быў удзячны Сцёпку,

Што неразлучны з хлопцам быў,

Паўсюль за Сцёпкам цёпкаў.

 

А як хтось “кухталя дае”

Сцяпану ці штурхае –

Бацян на крыўдніка злуе,

І дзюбаю шчыпае!

 

 

 

Скачуць маладыя бусляняты

 

У гняздзе на ліпе каля хаты

Скачуць маладыя бусляняты.

Угару імкліва узляцяць –

На гняздо бацькоўскае глядзяць.

А бацькі-буслы ў адказ клякочуць,

Пэўна ў гэты час сказаць ім хочуць:

– Расхінайце, дзеткі, шырай крылы

І дужэйце, набірайце сілы,

Зведаць прыйдзецца далёкія прасторы

Вам ляцець у вырай аж за моры!

 


ВЫРАС КОШЫК ПАД СТРАХОЙ

 

(Вясковыяі гарадскія птушкі)

……………………………………..

 

Абжылі сабе гняздзечка

Пад страхою ластаўкі,

Усё лета шчабяталі

Белагрудкі ласкава.

Восенню вятры дыхнулі –

Зніклі нашы госцейкі,

Толькі вострыя мільгнулі

У паветры хвосцікі.

 


Вырас кошык пад страхой

 

Што за дзіва, о-ё-ёй!

Вырас кошык пад страхой.

Гэта ластаўка-касатка

Збудавала кошык-хатку.

 

 

Ластаўкі-будаўніцы

 

Закрылі хмары сонца,

Грыміць сярдзіта гром,

А ластаўкі бясконца

Шчабечуць за вакном.

Яны ляцяць да рэчкі,

Каб там гразі набраць,

Каб пад страхой гняздзечка

На лета збудаваць.

Ім працаваць нястомна

Да самае начы...

Хацеў бы я ім сёння

Хоць чым дапамагчы.

 

Ля стаўка ластаўка

 

– Віць-віць! Хоп-кідзь!

Ля стаўка ластаўка

Мясіла гліну.

Без адной цагліны

Ды без кельмы

Змуравала хаціну

Зграбную вельмі.

Ластаўка-ласкаўка

 

Ластаўка-ласкаўка,

Шчабятушка-птушка,

Чорненькія крылцы,

Беленькае брушка.

 

Хоць сама ты невялічка,

Вельмі ж галасістая –

Забулькочаш, заспяваеш,

Бы крынічка чыстая.

То зальешся, зашчабечаш

Нізка над зямлёю,

То нясеш сваю гамонку

Ў сад па-над ракою.

 

 

Шатавіла-матавіла

 

Ластаўка, ластаўка

Заспявала ласкава:

– Шатавіла-матавіла, –

Ластаўка гаварыла, –

Люблю поле, люблю рэчку

І люблю сваё гняздзечка,

Дзетак маленькіх,

Ды такіх міленькіх.

Ластаўка, ластаўка,

Белая грудачка,

Заспявала ласкава,

Бы зайграла дудачка,

Бы гармонік – ты-лі, ты-лі –

Тылілікае,

Шчабятушка, весялушка,

Галасістая птушка,

Хоць сама і невялікая.

 

 

З носіка – шыльца

 

З носіка – шыльца,

З хвосціка – вільца,

Спадысподу – палатно,

На апашках – шоўк, шоўк.

Зазірнула я ў гумно,

Дзюбачкаю шчоўк, шчоўк.

Як у вырай адлятала

Шмат дабра вам пакідала,

Не ўзяла ні жменькі.

Прыляцела, паглядзела –

Няма нічагенькі:

Усё чыста пералушчылі,

Перацерлі, ператрушчылі...

Што нажалі, накасілі –

Без мяне памалацілі.

Ці-лі, ці-лі, ці-лі...

 

 

Я шпаку прыладзіў дом

 

На бярозцы пад вакном

Я шпаку прыладзіў дом.

Толькі адысці паспеў –

Шпак адразу прыляцеў.

Дом утульны аглядае.

Песню весела спявае.

У шпака ёсць у двары

Вельмі добрыя сябры!

 

 

Два вясёлыя шпакі

 

Як сады зазелянелі,

Зашумелі раўчукі,

К нам з-за мора прыляцелі

Два вясёлыя шпакі.

 

Нацягалі траў, саломкі,

Ложак выслалі пушком,

Цэлы дзень іх голас звонкі

Весяліць шпачыны дом.

 

Аглядзелі дом навокал:

Зверху, знізу і з бакоў,

І прыгожа, і высока –

Чым не замак у шпакоў?

 

Шпакляваў шпакоўню шпак

 

Шпок-шпак, шпок-шпак –

Шпакляваў шпакоўню шпак.

Шпак-шпок, шпак-шпок –

Шпакляваў, пакуль не змок.

Шпак увішны рана-рана

 

Шпак увішны рана-рана

Шпакляваў свой дом старанна,

Каб утульнай стала хатка

Для маленькіх птушаняткаў.

 

 

Шпак, шпак-пераймала

 

Шпак, шпак-пераймала,

Песень ведаеш нямала,

Ты спяваеш салаўём,

І сініцай, і драздом.

Ластаўкай зальешся,

Стрыжам абзавешся...

Ты навошта пераймаеш,

Добра ты і сам спяваеш!

 

 

Прасіў шпак вераб’я

 

Прасіў шпак вераб’я:

–Братка, пасвішчы, як я!

Верабей – і так, і сяк –

Не, не ўмее ён, як шпак.

Не пад сілу вераб’ю

Засвістаць: фію, фію!

 

 

Сеў на градку чорны шпак

 

Сеў на градку чорны шпак,

Кажа вусеню: – Лайдак!

Потым скок на ліст капусты –

І загінуў вусень тлусты.

 

 

Шпачыны вырай

 

Паднябессе свістам-сквірам

Поўніць зноў шпачыны вырай.

Чуецца з-за хмар: – Бывай,

Дарагі наш, родны край!

Да наступнае вясны,

Край цудоўны, край лясны!

З весняй хмаркай, з першым громам

Зноў мы прыляцім дадому!

 

 

Галубы жывуць пад дахам

 

Галубы жывуць пад дахам,

У кашах утульна птахам.

Белы, шызы і пярэсты

(Я яго прывёз з-пад Брэста),

Два бурнатыя, а шосты

За астатніх большы ростам,

Ён з валлём вялікім, дзьмутым,

І завецца дзіўна – дутыш.

Самы хуткі, самы смелы

Мой паштовы голуб белы.

А ля самага карнізу

Дзікаваты голуб шызы.

Я кармлю штодзённа іх...

Палічылі, колькі ўсіх?

 

 

Бурклівы галубок

 

Ледзь-ледзь зара-заранка

Начны рассее змрок –

Буркуе мне шторанку

Бурклівы галубок:

 

– Няхай выводзіць гамы

У парку шпак-хвалько…

Але і я таксама –

Ці чуеш? – не нямко!

 

 

Хмары рэжуць туркачы

 

Хмарарэзы-галубы

Раскудлацілі чубы,

Ў вышыню нябёс ляцяць.

Нібы зоркі зіхацяць.

Робяць петлі і віраж –

Найвышэйшы пілатаж.

Хмары рэжуць туркачы

Ў небе летнім да начы.

Стрыж стрыжэ над хатай неба

 

Ці то трэба, ці ня трэба –

Стрыж стрыжэ над хатай неба.

Неба цэлае было,

А парэзаў – пацякло!

 

ВІСЯЦЬ КАРМУШКІ КАЛЯ ХАТ

 

(Птушкі зімою і зімовыя птушкі)

…………………………………………

 

Зранку вецер зябкі

Студзіць птушкам лапкі.

А мяцеліца мяце...

Што вы, птушачкі, ясце?

Мы вам зробім, птушкі,

Новыя кармушкі.

Прылятайце – кожны раз

Папалуднуеце ў нас.

 

 

Я ў сініцы запытала

 

Я ў сініцы запытала:

– Як ты лецейка гуляла?

– А я летам не гуляла,

Дзецям песенькі збірала.

Назбірала поўны кошык,

Прапяю – сыпні мне крошак!

 

Ля хаты – горы снегавыя

 

Ля хаты – горы снегавыя.

Завея, бы ваўчыха, вые.

Прытулак бедная сініца

Знайшла сабе ля аканіцы.

Я фортку шпарка адчыняю,

Пагрэцца птушку запрашаю.

Яна ж мяне не разумее...

Вох, замяце яе завея!

 

Хто там дзёўбае ў вакно

 

Хто там дзёўбае ў вакно?

Гэта вы, сінічкі?

Я прачнулася даўно,

Упляла каснічкі.

 

Вось надзену кажушок,

Выбегу на ганак,

З лесвіцы змяту сняжок,

Вынесу сняданак.

 

Скварка тут і тваражок,

Скрылічак каўбаскі,

Цёплы з мясам піражок –

Ежце, калі ласка.

 

У абед, сінічкі, зноў

Прылятайце смела.

Ну, а мне пара дамоў,

Я ж сама не ела.

 

Прылятаюць птушкі

 

Прылятаюць птушкі

Ўзімку да кармушкі,

Бо зімой не знойдуць

Ні жучка, ні мушкі.

 

Мы паставілі кармушкі

 

Мы паставілі кармушкі.

– А што ж есці любяць птушкі?

Нам настаўніца сказала,

Што сініцы любяць сала.

Снегірам даваць павінны

Журавіны, арабіны.

Вераб’і, шчыглы, аўсянкі –

Ім давай свае прыманкі:

Проса, хлеб, авёс, каноплі, –

Падзяўбуць усё да кроплі!

 

Сініца і сала

 

Сініца лятала

І ўбачыла – сала

На вострай галінцы

Вішнёвай тырчала.

Дзяўбе скрылік сала.

Чуваць трах-та-та,

Цінь-цінь, цінь-цінь-цінь –

Смаката, смаката.

Спявае сініца:

Цінь-сі, цінь-ці-сі –

Я з’ела ўсё сала,

Яшчэ прынясі!

 

Сыплецца мяккі, пушысты сняжок

 

Сыплецца мяккі, пушысты сняжок,

Белаю коўдрай пакрыўся лужок,

Лес нерухома стаіць за сялом,

Рэчка замоўкла пад тоўстым ільдом.

Птушкам знайсці зараз ежу цяжэй,

Дзеці, змайструем кармушкі хутчэй!

Зерне насыплем – хай птушкі дзяўбуць,

Песню вясёлую нам прапяюць.

 

Птушкі й Міхаська

 

На двары суворы студзень.

Снег мяце.

Птушкі ранкам вас абудзяць

Ў цемнаце:

– Мы не маем сваіх хатак,

Ціў-ціў-ціў.

Мы шукаем тут зярнятак,

Ціў-ціў-ціў.

 

Дык ляціце да Міхаські

На балкон.

Канапелек і зярнятак

Дасць вам ён.

 

Вісяць кармушкі каля хат

 

Лясы атрэслі лісця засень,

Пахаладнела, дождж імжыць.

К жытлу людскому падалася

Сініца цяжкі час пражыць.

 

І прывяла з сабой сястрыца

Шчыгла, гіля. І кожны рад:

Зімы халоднай не збаіцца –

Вісяць кармушкі каля хат!

 

Нашы сябры

 

Снегіры, сінічкі,

Наце вам пшанічкі,

Крупак, крошак хлеба,

Вам жа мала трэба!

Ежце, любыя сябры!

Не ляціце ў лес, бары,

А жывіце на двары

Да вясновае пары.

Вось для вас кармушкі,

Птушкі-шчабятушкі.

 

Скачуць, скачуць снегіры

 

Як агеньчыкі ў двары

Скачуць, скачуць снегіры.

Запытала ў мамы Таня:

– Можа снег ад іх растане?

 

Снягір як макаў цвет цвіце

 

Мароз мацнее, снег мяце,

Снягір як макаў цвет цвіце.

Спявае, весяліцца,

Завеі не баіцца.

 

Яшчэ дужэйшы ўзімку стаў,

Мароз яго падфарбаваў

Ад шыйкі аж да спінкі,

Да чорненькай чупрынкі.

 

Спявае голасна снягір,

Надзеўшы зімні свой мундзір,

У шызым вербалозе

На ветры і марозе.

 

 

 

 

Гіль

 

Мы яго не толькі ў кніжцы

Бачылі ў садку.

У чырвонай ён манішцы,

Шэрым пінжаку.

Ссунуў шапачку на вочы,

Хвосцікам – віль-віль.

Жыць у клетцы ён ня хоча –

Любіць волю гіль.

 

Для чаго снягір каляровы?

 

Петрусёк у дзень зімовы

Запытаў у снегіра:

– Для чаго ты каляровы,

І чырвоны, як зара?

 

Каля хлопца птушка скача...

– Адкажу табе, сябрук:

Каб мяне хутчэй ты ўбачыў

І сыпнуў хоць жменю круп.

 

Прыляцелі снегіры

 

Снег глыбокі на двары –

Прыляцелі снегіры:

Есці хочам! Дзінь-дзінь-ціў!

Хто б нас трошкі падкарміў?

З хаты выскачыў Цімошка,

Птушкам ён насыпаў крошкі.

Скачуць, скачуць снегіры,

Як чырвоныя шары.

 

Спявае шчыгалок

 

Асенні дзень імглісты,

А мне чуваць здалёк,

Як самы галасісты

Спявае шчыгалок.

 

Ой, птушка-весялушка,

З чырвоненькім чубком,

Стракаценькае брушка

Пад шэрым пінжаком.

 

Курапатка

 

Снег вакол, а ў курапаткі –

Ані норкі, ані хаткі.

– Чым жывіцца? Дзе паспаткі?

Мерзнуць ногі ў курапаткі.

З’ела б мерзлую калінку,

Ці кіслінку-журавінку –

За кустамі вельмі блізка

Ходзяць cтрашны воўк і ліска.

Зерне выдзеўбла б з былінкі –

Ды каршун глядзіць з асінкі.

З клёна здзёўбала б пупышку –

Совы тояцца ў зацішку.

Шусь пад снег яна крадком –

Спіць з галодным жыватком.

Раніцой на прыгуменні

Ты сыпні ёй крошак жменю.

 

Крыжадзюб сваёю дзюбай

 

Ён у вырай не лятае:

Добра тут малому ў гаі.

Крыжадзюб сваёю дзюбай

Лузаць шышкі вельмі любіць.

Ён шукае там зярнятаў

Для сябе і птушанятаў.

Іх выводзіць вельмі позна –

У завейны час марозны.

 

Гляньце вы на дзівачка

 

Гляньце вы на дзівачка,

Што з гняздзечка-гамачка

У завею, у мароз

Высунуў дзюбаты нос.

 

Гэта смелы крыжадзюб,

Не баіцца ён завей.

Лес яловы вельмі ж люб

Для яго малых дзяцей.

 

Любата для птушанятак

У гняздзечку ў гэты час –

Ёсць і шышак, і зярнятак

Аж на ўсю зіму запас.

 

Гэта амялушкі

 

Дрэвы быццам расквітнелі –

На галінкі птушкі селі:

Пёры белаватыя,

Крылцы жаўтаватыя.

Гэта амялушкі,

Прыгажуні-птушкі.

З поўначы да нас лятаюць,

Ад марозаў уцякаюць.

А як пройдуць халады –

Палятуць ізноў туды.

 

Прылятае амялушка

 

Ці прыйшлося з вас каму

Бачыць гэту весялушку?

Да нас толькі на зіму

Прылятае амялушка.

 

Скача госця на рабінцы

У чырвоненькай касынцы.

Адну гронку абірае,

На другую паглядае.

Без турбот яна не ўседзіць –

Усе кусцікі агледзіць.

Трохі сонца прыпячэ –

Зноў на поўнач уцячэ.

 

Сойка-лесавод

 

Садзяць леснікі штогод

І дубкі, і хвойкі.

А хіба ж не лесавод

Весялуха-сойка?

 

Птушка чуе халады

І ў асенняй пушчы

То збірае жалуды,

То арэхі лушчыць.

 

Не спалохае зіма

Галадоўкай птушку:

На запас чаго няма

Ў сховах весялушкі.

 

Толькі вось бяда адна:

Сойка забывае

Тыя месцы, дзе яна

Свой запас хавае.

 

Дрэўцы вырастаюць там –

Ці дубок, ці хвойка.

Лес вырошчваць леснікам

Памагае сойка!

 

ДЗЯЦЕЛ – СТУК, ДЗЯЦЕЛ – ГРУК

 

(Дзяцел, жаўна)

………………………………………

 

Без сякеры і без рук

Стукае ён: тук-тук-тук.

Сабе ежу у бары

Дастае ён з-пад кары.

У стары замшэлы сук

Стукнуў гучна: тук-тук-тук!

Адчыняй, караед,

Да цябе я на абед!

 

 

Быццам дзесяць малаткоў

 

Быццам дзесяць малаткоў

Грукаюць заўзята,

То шукае чарвякоў,

І лічынак, і жукоў

Птах рабы, чубаты.

Ўвесь агледзеў ён дубок

І вярбу старую.

Грук ды грук, як малаток –

І перазімуе!

 

Дзяцел п’е салодкі сок

 

Голаду зімой не ведаў:

Ён выдзёўбваў караедаў.

Зернеткі вылузваў з шышкі,

Дзёўб прамерзлыя пупышкі.

Тут, у лесе, ён адзіны

Лечыць хвоі ды яліны.

А вясной, як пацяплее,

Жыць у лесе палягчэе.

Корміцца ён мурашамі

І жукамі-вусачамі.

Пырхне потым да бярозы:

Сок закапаў там, як слёзы.

Дзяцел сядзе на сучок,

Дзюбкай п’е салодкі сок.

Лес задыхаў цеплынёй.

Добра дзятлу жыць вясной.

Дзяцел – стук, дзяцел – грук

 

Дзяцел – стук, дзяцел – грук,

Аглядае кожны сук.

Як ляціць па лесе ён,

Дрэвы б’юць яму паклон –

Сябруком завуць сваім,

Добрым доктарам лясным.

Нішчыць дзюбкай ён сваёй

Караедаў пад карой.

Дзяцел – стук, дзяцел – грук,

Аглядае кожны сук.

 

Я на елку палячу

 

Я на елку палячу –

І галінкі палячу:

Дзюба ў мяне доўгая,

Буду стукаць доўга я.

 

Дзяцел працаваць мастак

 

– Дук-дак, дук-дак!

Дзяцел працаваць мастак.

– Дак-дук, дак-дук!

Ён абслухаў кожны сук.

 

 

 

 

Дзятлік сівы

 

Дзятлік сівы,

Як праменьчык жывы,

То ўверх, то ўніз,

На суку павіс,

Схаваўся ў дупле,

І зноў на ствале.

 

Дзяцел-цесля

 

Недалёка ад двара

Бачу цеслю-цесляра:

Па бярозавай кары

Цэлы дзень дзяўбе стары.

Трэскі сыплюцца ў бакі.

– Цесля, хто ты ёсць такі?

Што шукаеш пад карой

Доўгай дзюбкаю сваёй?

– Здаўна дзятлікам мяне

Клічуць ў нашай старане.

А шукаю я, сябрук,

Дзе схаваўся шкоднік-жук.

 

Чорны дзяцел лечыць дрэвы

 

Чорны дзяцел здаўна

Называецца – жаўна.

У чорнага волата –

Магутнае долата.

Дзеўбане ў хваёвы сук –

Па ўсім лесе ідзе грук.

Ён не думае пра спевы –

Чорны дзяцел лечыць дрэвы.

 

Дзятлы-майстры

 

Дзятлы майструюць тут і там

Дамкі з адным ваконцам:

Дупло – шпакам, дупло – драздам,

Дупло – сіваваронцы.

З цямна лясныя цесляры

Дзяўбуць нястомна дрэвы,

Бо вельмі ж любяць на зары

Сваіх суседзяў спевы.

 

Не забуду век дзятлоў

 

У густым бары адна

Занядужала сасна...

– Што цяпер са мною будзе?

Млеюць рукі, ныюць грудзі.

Нехта есць маю кару,

Я засохну, я памру.

Не пражыць мне сто гадоў –

Трэба клікаць дактароў!

І назаўтра на зары

Прыляцелі дактары:

– Вы нас выклікалі ў час –

Караеды точаць Вас!

Паляцеў па лесе стук:

Тук-тук-тук! Тук-тук-тук!

Весялей шуміць сасна –

Зноў здаровая яна:

– Буду жыць я сто гадоў,

Не забуду век дзятлоў,

Знакамітых дактароў!

 

Дзяцел чорны па чарзе

 

У яго аблёт лясны –

Ад сасны і да сасны.

Снег, мароз – тае бяды:

Пад карою шмат яды.

Дзяцел чорны па чарзе

Аглядае дрэвы ўсе,

Аглядае кожны сук –

Цэлы дзень у лесе стук.

 

Жыве крыклівая жаўна

 

У цёмным ельніку здаўна

Жыве крыклівая жаўна.

Дуплянка яе выслана

Травой і лісцем высахлым.

Скрыпіць жаўна, а не пяе.

Адзенне простае яе

Пад колер дрэў лісцвяных,

Жаўцянак берасцяных.

Яна гадуе птушанят –

Шыракаротых пяць блізнят,

Галодных, нецярплівых,

Як і яна, крыклівых.

 

ТАМ ЖЫВЕ СТРАШЭННЫ ЛУНЬ

 

(Буйныя драпежныя птушкі)

…………………………………….

 

На суку старога дуба –

Лунь лупаты, крукам дзюба.

Дзюбу ў пух ён прыхаваў

І нібыта задрамаў.

Зайка шэранькі, мой любы,

Будзь далей ад гэтай дзюбы.

 

 

Там жыве страшэнны лунь

 

Па чароце, па трысці

Не пралезці, не прайсці.

Мышка, носік свой не сунь,

Там жыве страшэнны лунь –

Крывадзюбы мышалоў,

Вочы ззяюць, быццам шкло,

Кіпці – вострыя нажы.

Ён, прысеўшы на лаўжы,

Натапырыў грозна крылы.

Уцякай што маеш сілы,

Бо здалёк усё ён бачыць –

На цябе глядзіць, няйначай.

 

Гэтак вухкае пугач

 

Ледзь ссутоніцца крыху,

Чуецца: “У-ху! У-ху!”

Гэтак вухкае пугач –

Страх усіх бярэ, хоць плач.

І жукі, і павукі

Распаўзаюцца ў бакі.

Ад ускрыкаў пугача

Заяц даў наўцекача.

Нават лось паджгаў наўскач –

Так спужаў яго пугач!

 

 

 

 

 

Пануры згорблены пугач

 

У сасняку, на скразняку,

Сядзіць на зломленым суку

Пануры згорблены пугач

З маркотнай думкаю пра харч.

Калі атуліць змрок гушчар,

Ён будзе цар і гаспадар,

А ўдзень узбіўся ён на сук,

Дрыжыць і ловіць кожны гук.

Упаў кавалачак кары.

Шкрабецца мышанё ў нары...

Завухкай з голаду, заплач,

Пануры згорблены пугач!

 

Сядзіць сыч на капе

 

Сядзіць сыч на капе,

А сава на другой.

Гой-гой-гой! на другой,

Гой-гой-гой! на другой.

У савы сыч пытае:

– Хто у лесе гукае?

Гу-гу-гу! гукае,

Гу-гу-гу! гукае.

– Дрывасекі мае

Сякуць лес у мяне.

Чах-чах-чах! у мяне,

Чах-чах-чах! у мяне.

І сякуць, і крычаць,

Каб зьвяроў напужаць.

Пух-пух! напужаць,

Пух-пух! напужаць.

 

Сава, соўка

 

Сава, соўка,

Маладая ўдоўка,

Сядзіць на павеці,

Люба паглядзеці:

Сама шарэнька,

Дзюбка крывенька.

 

Крывадзюбая сава

 

Чые ноччу ў гушчары

Зіхацяць два ліхтары?

Хто ўсю ноч гагоча,

Спачываць ня хоча?

Хто, пабачыўшы святло,

Хутчэй лезе у дупло?

Хто адкажа мне? Раз, два...

– Крывадзюбая сава!

 

Сыч на сонейка сычыць

 

Сыч на сонейка сычыць –

Не дае сычу сачыць.

Сыч-сусед сказаў сычу:

– Ты паспі, я – пасачу!

 

Восаў ловіць асаед

 

Птушаняткам на абед

Восаў ловіць асаед.

Тыя ж восы – хто куды –

Паўцякалі ад бяды.

Асаед лятаў паўдня

І злавіў ён авадня.

Ды ня цешацца ядзе

Асаедзікі ў гняздзе:

– Дрэнь глытаць і не прасі!

– Ты нам восаў прынясі!

З вечных скаргаў на абед

Пасівеў аж асаед.

 

Ястраб

 

Паміж лясное гушчыні

Убачыце вы часта,

Як кідаецца з вышыні

Уніз дзюбасты ястраб.

Ня ловіць мошак ён і мушак –

Драпежнік забівае птушак!

 

Закружыўся дробны сокал-дзербнік

 

На балоце, дзе лаза і вербнік,

Закружыўся дробны сокал-дзербнік.

Даўгахвосты і кароткакрылы,

Ён сюды ляцеў праз небасхілы.

Ён жытла не ўе між голляў кроны –

Селіцца ў старым гняздзе вароны.

Там і шум, і піск бесперастанку:

Птушаняты просяць харчу зранку:

– Што тут есці? Мала для пракорму!

Тройчы гэтулькі – якраз у норму!

Дзербяняты – добрыя абжоры,

Бедны дзербнік кружыцца да зморы,

Ці на дрэва сядзе грозны сокал

І ахвяр высочвае навокал.

Дзербнік – паляўнічы адмысловы,

Дык, вядома ж, удаюцца ловы.

Вось і люба дзербніку балота,

Хай палюе, калі ёсць ахвота!

 

 

 

 

 

 

ПАЧНУЦЬ ПЕЦЬ – НЕ НАДЗІВІЦЦА

 

(Лясныя, палявыя, лугавыя птушкі, птушкі вадаёмаў)

………………………………….

 

Я – сінічка-невялічка,

Дрэвы ў садзе берагу.

У мяне такая звычка,

Што без працы не магу.

Чарвякоў лаўлю і мушак

І стараюся я так,

Каб ні ў яблыку, ні ў грушы

Не заводзіўся чарвяк.

 

 

У веснавым лясочку

 

У веснавым лясочку

Звіняць, звіняць званочкі,

Звіняць, пераклікаюцца,

Здалёку адгукаюцца.

 

То ў кусціку яловым,

То ў голлейку хваёвым

Вяртлявыя, як пстрычкі,

Звіняць наўкол сінічкі.

 

Жаўручок мой, жаўручок

 

Жаўручок мой, жаўручок,

Сябар мой вясёлы,

Дзе ж ён, дзе ж ён, твой куток –

Тут, у полі голым?

 

Лапік снегу ды дзірван –

Гэта твой прытулак?

Поўнач праз густы туман

Холадам дыхнула.

 

Ты замоўк... Ды сціх павеў,

Сонца засвяціла –

Зноў чуцён твой звонкі спеў

Над зямлёю стылай.

 

 

 

 

Жаўранак узвіўся ў паднябессе

 

Жаўранак узвіўся ў паднябессе

І звініць вясёлым ручаём,

Бачыць ён – успыхвае на ўзлессі

Лісцейка зялёненькім агнём.

 

Жаўранак віецца вышай, вышай.

Зверху, бы стажок, відаць сасна.

Ходзіць лесам вечаровай цішай

З песнямі вясёлая вясна.

 

Ён – нябёсаў сувязны

 

Над зямлёю ад вясны

Ён – нябёсаў сувязны.

Дорыць песню, як сябрук,

Заліваецца жаўрук.

 

Салавейка, пташачка маленька

 

Салавейка, пташачка маленька,

Дзе ж ты будзеш зімку зімаваці?

Дзе ж ты будзеш зімку зімаваці,

Дзе ж ты будзеш гняздзечка звіваці?

Не ляці ты за сіняе мора,

Зві гняздзечка ў маёй каморы.

Ты нас будзеш песняй весяліці,

А мы цябе хлебцам карміці.

Ты нам будзеш песенькі спяваці,

Стане ўзімку лецейка у хаце.

 

Салавейка, салавейка

 

– Салавейка, салавейка,

Дзе, скажы, твая жалейка?

Хто так хораша спявае,

Той жалейку, пэўна, мае?

 

Адказаў нам салавейка:

– Голас мой – мая жалейка,

Што ў ляску зялёным, веснім

Распявае звонка песні.

 

Заспяваў салавей

 

Па-над рэчкаю лясной,

Гаманліваю вясной

Заспяваў салавей

Весялей і весялей.

І паліўся галасок,

Нібы срэбны ручаёк:

– Хлопчык сала пёк-пёк,

Жыжка – цырр-цырр-цырр –

Пацякла на лясок,

Пацякла на жвір.

Хлопчык здагадаўся,

Ад агню падаўся

І паставіў хлябок…

Хлопчык сала спёк-спёк,

Скаштаваў, скаштаваў.

 

Чорны грак

 

Чорны грак, чорны грак,

У яго блішчасты фрак,

Дзюба белая,

Птушка смелая,

Па разоры ходзіць,

Галавою водзіць.

Возьме дзюбкай чарвяка

І нясе малым гракам

На сасну, што па-над рэчкай,

У свой дом, сваё гняздзечка.

 

Грак стаіць на раллі

 

Грак стаіць на раллі,

Бы прырос да зямлі.

– Чорны грак, чорны грак,

Што згубіў, калі і як?

– Не згубіў я анічога –

Чарвякоў тут вельмі многа!

 

Ходзіць грак, як аграном

 

Па палетку ясным днём

Ходзіць грак, як аграном.

Сёння ў гэты дзень вясны

Свята першай баразны.

І да вечара ніяк

Не пакіне поле грак.

 

Грачаня злавілі дзеці

 

Грачаня злавілі дзеці –

Корпаўся малеча ў смецці,

Чарвякамі накармілі

І вадзіцай напаілі.

Крылы, дзюбку разглядалі,

– Мой дзюбаценькі, – казалі.

– Мой харошанькі, – хвалілі.

Цесным кругам абступілі.

Чорны птах хацеў на волю.

Птаха выпусцілі ў поле.

З поля ў лес ён паляцеў,

Толькі крыллем лапацеў.

 

Выхваляўся ранкам грак

 

Апрануўшы чорны фрак,

Выхваляўся ранкам грак:

– Хоць не сею, не ару я,

А з аратымі сябрую,

Дзетак я сваіх люблю,

Ім вясной гняздо ляплю

З трэсак, з пер’я, з лісця, з пуху.

Я працую без аддухі.

Ты ж, зязюлечка, – гультайка,

Гэта праўда, а ня байка –

Пакладзеш яечка лоўка

Да заранкі, мухалоўкі.

– Што гняздо я, братка-грак,

Не будую – гэта так.

Але з першых дзён вясны,

Калі з поўдня прылячу,

Аблятаю край лясны,

Ад хвароб усіх лячу.

Ем лічынак, насякомых –

Гэта добра ўсім вядома.

 

Прыляціць зязюля ў лес

 

Яблыня цвіце на ўзмежку –

Добра ластаўцы ў застрэшку.

Зацвіце бухматы бэз –

Прыляціць зязюля ў лес.

І за луг, і за раку

Паплыве яе “ку-ку!”

 

Зязюлечка ля сяла

 

Ку-ку, ку-ку, – кукавала,

Усю весну пралятала,

Зязюлечка ля сяла

І гняздзечка не звіла

Ні з лісточкаў, ні з галінак,

Ні з саломін, ні з пушынак.

Птушанятка ж хоча жыць...

Дзе яечка палажыць?

Палажыла салаўісе,

Палажыла вераб’ісе,

І адно яечка –

Дзятлу у гняздзечка.

 

Зязюля-гультайка

 

Мець сваё гняздо – ці чулі? –

Захацелася зязюлі.

Сойка вучыць: – Ты з ялінак

Наламі сухіх галінак.

Раіць ластаўка: – За рэчкай

Глею многа для гняздзечка.

Дзяцел кажа: – Слухай, любка,

Выдзеўбі дупельца дзюбкай.

Бусел хмыкнуў: – Лепш вясною

Кола зацягні на хвою.

Птушкі ўсе ляцяць з парадай,

Ды зязюля ім ня рада:

– Гэта столькі многа працы!

Не, не трэба мне палацаў!

І ў гняздо заранкі яйка

Зноў падкінула гультайка.

 

 

Добра на любым суку

 

Ку-ку, ку-ку!

Добра на любым суку

Мне, зязюльцы маладой,

Цёплым летам і вясной.

Мне гнязда не будаваць,

Мне дзяцей не гадаваць,

Дык навошта бедаваць!

 

Зрабіла зязюля на лузе гняздзечка

 

Зрабіла зязюля на лузе гняздзечка

І ранкам пярэстае знесла яечка.

Калі налівалася зернем калоссе,

З яечка таго птушаня прадзяўблося.

Яму калыханку зязюля кувала,

Ад граду яго і ад спёкі хавала.

А людзі касілі траву каля рэчкі,

Яны не заўважылі тое гняздзечка,

Таму выпадкова яго падкасілі.

Заплакала з гора зязюля штосілы.

У лес паляцела. Надоўга знямела.

Ды віць яна гнёзды на дрэвах не ўмела.

Касцоў з таго часу зязюля баіцца.

Гадуюць дзяцей ёй то дрозд, то сініца.

Яна ж папярэджвае звонкім куваннем,

Як толькі заўважыць касца на паляне.

 

Белабока сарока

 

Белабока сарока

Прыляцела здалёка.

Села ж яна на таку,

Ў яе хвосцік на баку.

 

 

 

 

 

Скача, круціцца сарока

 

Скача, круціцца сарока,

Сыпле шчэбет навакол,

Пазірае скоса вокам,

Каб схапіць што у прыпол.

 

Любіць перапёлачка жартаваць

 

Любіць перапёлачка жартаваць,

Жыта недаспелае кліча жаць:

– Ідзі жаць! Пара жаць!

Не паспеюць жніва распачаць,

А яна пабегла ў сенажаць:

– Ідзі спаць! Пара спаць!

 

А хто цябе, перапёлачку, разбудзіў?

 

–  А хто цябе, перапёлачку,

Разбудзіў?

Ніхто яшчэ сцежкамі

Не хадзіў.

– Кветкі на паўзмежку

Раніцой звіняць,

Не даюць мне, звонкія,

Соладка паспаць.

– Ветрык і званочкі,

Кіньце шапатаць,

Дайце перапёлачцы

З дзеткамі паспаць.

 

Перапёлка

 

Лёгка мне знайсці яе,

Бо гнязда ж яна ня ўе

Ні ў дупле і ні ў галлі:

Зробіць ямачку ў зямлі,

Высцеле травою, –

Вось і ўсе пакоі.

Да зямлі ўсё туліцца,

Дзюбкай жыта чэша,

А лятаць лянуецца,

Болей ходзіць пеша.

Спіць яна цалюткі дзень,

А як ляжа ночы цень,

Выйдзе першая зара,

Закрычыць тады яна:

– Спаць пара! Спаць пара!

 

На кірмаш пайшла цяцера

 

На кірмаш пайшла цяцера,

Не замкнула ў хаце дзверы.

А дасужая сарока

Зранку тут як тут была:

Скокам-бокам, скокам-бокам –

І ўсе яйкі папіла.

 

 

 

 

Ганарысты цецярук

 

Ганарысты цецярук

Прыляцеў і сеў на сук.

Хвост яго, бы ліра,

 

Толькі струны нацягні,

Песню веснюю пачні

Весела і шчыра.

 

 

Заспяваў глушэц

 

На паляне ціш ды мір.

Заспяваў глушэц: скір-скір!

 

Ясным золкам колькі дзён

Так сяброўку кліча ён.

 

Тая ж выбегла з кустоў:

– Як ты, мілы, ці здароў?

 

Не пачуў глушэц – пяе,

Нат ня гляне на яе.

 

Не шанцуе маладой,

Скардзіцца радні сваёй:

 

– А ці ж гэта жаніхі?

Пяты ўжо – і зноў глухі!

 

Журавелька даўганогі

 

Журавелька даўганогі,

Мабыць, збіўся ён з дарогі.

Сеў на нашыя вароты

І ад пылу чысціць боты.

А вароты – скрып, скрып...

Наш сыночак спіць, спіць.

 

Як пачулі журавы

 

Як пачулі журавы

Шум асенні баравы,

Паляцелі на імшары

І разбіліся па пары.

Сталі дружна ў карагод,

Цешаць танцамі народ.

– Гэй, цыбатыя танцоры,

Вам ляцець у вырай скора,

Не таміце лёгкіх ног,

Не тапчыце мох, трыснёг.

Не тапчыце, журавы,

На балоце журавін.

 

Чапля

 

Чапу-ляпу, па вадзе

Птушка шэрая ідзе.

Хай там спёка, хай там слота –

Жыць ня можа без балота!

 

Вы куды, скажыце, гусі

 

– Вы куды, скажыце, гусі,

Сінім небам паплылі?

Хто ляцець вас з поўдня змусіў,

З цёплай ласкавай зямлі?

Тут і пальмы, і бананы,

Райскіх яблыкаў сады.

Каб на край чароўны глянуць,

Кожны просіцца сюды.

 

– Так, тут добра, тут цудоўна,

Ды нас кліча край другі.

Мы ляцім туды, на поўнач,

Дзе зімой ляжаць снягі,

Дзе сярод віроў глыбокіх

Рыба плёскае ў рацэ,

Дзе на купінах далёкіх

Нашы гнёзды ў асацэ.

Нам не трэба край інакшы,

Нам адзін – туды маршрут.

Гэты край – радзіма наша,

Родны наш спрадвечны кут.

 

Кнігаўка кігоча

 

Па-над самай галавой

Кнігаўка кігоча,

Лётае, злуецца,

Бы сказаць мне хоча:

– Кі-гі-кі, кі-гі-кі,

Не ідзі да ракі.

Мітусіцца ўжо занадта

Птушка гаманкая,

І чаго крычыць яна,

Злосная такая:

– Кі-гі-кі, кі-гі-кі,

Ты і гэткі і такі.

Здагадаўся толькі,

Як прыйшоў да рэчкі:

Між травы гняздзечка,

А ў ім – два яечкі.

Ой, дарэмна, кнігаўка,

Лемантуеш гэтак,

Не крану яечак –

Выводзь сабе дзетак.

 

Кнігаўкі

 

Ад світання і да змроку

У дажджлівы дзень і спёку

Яны кружаць над палямі,

Паплавамі, курганамі,

Каля возера і рэчкі –

Сцерагуць свае гняздзечкі.

Яны лётаюць, галосяць,

Хлапчукоў, дзяўчынак просяць:

– Нашых гнёздаў не шукайце,

Малых дзетак не чапайце,

Не бурыце, кі-гі-гі,

Наш прытулак дарагі!

 

Вылезла з яечка чаяня

 

Вылезла з яечка чаяня,

Закрычала: – Мама, гэта я!

Паплыло па рэчцы смела так…

Толькі б чаяняці не схапіў шчупак.

Неспакойна сэрца ў маці за дзіця.

Выплыла малое на прастор жыцця.

 

Звонка мэкае “баранчык”

 

Над балотцам веснім ранкам

Звонка мэкае “баранчык”.

То падымецца ў аблокі –

Не відаць яго нідзе,

А то зробіць круг шырокі

І на купіну ўпадзе.

Я кажу сябрам: – Баранчык

Узляцеў з балота зноў...

Кпяць сябры: – А ці ня бачыў

Ты лятаючых сланоў?

Паляўнічы тут якраз

З дубальтоўкаю праходзіў.

Ён сказаў сябрам: – Бакас

Так ахрышчаны ў народзе.

Ён такуе на дасвецці,

Гэта птах маленькі, дзеці.

Мэкаць ён зусім не ўмее –

Гэта вецер грае пер’ем

Даўгадзюбай порсткай птушкі.

Вось адкуль яе мянушка.

 

Па-над рэчкай нізка

 

Па-над рэчкай нізка

Любіць лётаць пліска.

Там, дзе беражок не топкі,

Ціха сядзе. Вочкі-кропкі,

Хвасток-трасунок,

Пер’е – мяккі-мяккі шоўк.

Тут жа ёсць і хатка,

А ў ёй плісяняткі.

 

Каля рэчкі блізка

 

Каля рэчкі блізка

Скача, скача пліска

 

На цыбатых ножках

У чорных панчошках,

 

Хвосцік толькі бліскае –

То ўгары, то нізка ён.

 

Плісачка ківаецца,

Дзеці пацяшаюцца:

 

– Вазьмі мяне, птушка,

На хвасце пагушкай!

Івалга прыносіць лета

 

Вам адно сказаць магу:

Не забудзьце ўсе, хто гляне,

На красуню івалгу

У жоўтым каптане,

У народзе ёсць прыкмета –

Івалга прыносіць лета!

 

Залатая івалга

 

Ляціць да краю мілага

Залатая івалга.

Села на вярбе спачыць

І ў раку сабе глядзіць.

Завітаць бы і ў сяло –

Ды вада блішчыць, як шкло,

Як люстэрка, ззяе,

Птушку забаўляе.

Кажа івалга сабе:

– Буду жыць я на вярбе,

Буду бавіцца ў цяньку,

Пазіраючы ў раку!

 

Казадой паўдня на грудзе

 

Казадой паўдня на грудзе

Аваднёў і мух лавіў,

Але выдумалі людзі,

Што ён іхных коз даіў.

Вельмі крыўдна казадою –

Хоць хавайся у лазу!

Толькі ж чуе за сабою:

– Казадой, даі казу!

 

Бяжыць, бяжыць падманачка

 

На сонечным прагалачку

Бяжыць, бяжыць падманачка,

Ў траве шукае ямачку,

Каб звіць сабе гняздзечка –

Хацінку для яечкаў.

Падманачка-трасушка,

Шэранькая птушка,

Хоць ростам невялічка,

А ў чорных завушнічках.

Падманка на дарозе –

Вясна ўжо на парозе!

 

Берасцяначка, скажы

 

– Берасцяначка, скажы,

Дзе ты ў лесе любіш жыць?

Ці ў нізіне ля ракі,

Ля чароту, асакі?

Ці ў глухім асінніку?

Ці ў густым малінніку?

– Там, дзе многа сонейка,

Ў чысценечкім хвойніку

Мой узгорачак відаць –

Там люблю я жыць, спяваць!

Берасцянка-гаспадынька

 

Ёсць таемная хаціна

Ў берасцяначкі малой

На галіне, на яліне,

Заімшэлай і старой.

На маленькае гняздзечка

Разаслала птушка мох,

Каб каршун ніяк угледзець

З вышыні яго ня мог.

Берасцянка-гаспадынька

Птушанят выводзіць тут.

Хораша ёй на ялінцы,

Дзе таемны родны кут.

 

Мухалоў і мухалоўка

 

Мухалоў і мухалоўка

Ловяць мух і мошак лоўка.

Але самі не ядуць –

Да гняздзечка іх нясуць.

А ў гняздзечку – пяць галовак.

Гэта – дзеткі мухаловак.

Мухалоўкам з імі гора –

Незвычайныя абжоры.

Штохвіліны ў бацькі й маткі

Просяць есці птушаняткі.

І пішчаць, пішчаць штодуху:

– Дайце муху! Дайце муху!

 

Адкажы, чаму ты, дрозд

 

– Адкажы, чаму ты, дрозд,

Гэтак здорава падрос?

– Шмат увосень еў рабіны,

Ну, а гэта ж – вітаміны!

 

Гарыхвостка

 

Пусціў погаласку дрозд:

– Ў гарыхвосткі гарыць хвост!

– Хвост заўсёды мой палае,

А ніколі не згарае!

 

Сіваваронка

 

Добра, дзеці, паглядзіце

Ды запомніце сяброўку,

Што пашыла з аксаміту

Сабе сінюю абноўку.

 

Наша госця – афрыканка,

Мілая сіваваронка,

Адлятае сёння зранку

У далёкую старонку.

 

Хоць завуць яе аляпка

 

Хоць завуць яе аляпка,

Ды ня дрэмле птушка ў шапку:

Згаладаецца – нырцуе,

Бегае па дне, жыруе.

А пад’есць – на бераг зноўку:

– Дзякуй, рыбкі, за сталоўку!

 

Дзікі голуб туркае па лесе

 

Дзікі голуб туркае па лесе,

А самога птаха не відаць,

Бо каршун высока ў паднябессі

Выглядае, каб упаляваць.

 

А ў гняздзе на хвоі вузлаватай,

Пад якой бруістая рака,

Камячкі з пушынак, птушаняты,

Калыханку слухаюць турка.

 

У дупле удоду

 

У дупле удоду

Жыць у асалоду.

Чулі спеў: “У-уп,

Хто абскуб мой чуб?”

 

Пачнуць пець – не надзівіцца

 

Ў нашым краі – Беларусі –

Ёсць буслы, сарокі, гусі,

Качкі, кнігаўкі, саколкі,

Чаплі, совы, перапёлкі,

Каршуны, сіваваронкі,

І шчыглы, і жаваронкі.

Галкі, крумкачы, вароны,

Галубочкі нахахлёны.

Дзятлы, чыжыкі, зязюлі,

Кулікі, сяўцы, жаўнулі,

Зяблы, шпакі і цяцеры,

Курапаткі пер’ем шэры.

Ластаўкі і верабейкі,

І сініцы, салавейкі,

Сойкі, пігліцы, удоды,

Што лятаюць без ахвоты.

І вядуцца на балотах

Жураўлі ў густых чаротах.

Пачнуць пець – не надзівіцца,

Ёсць дзе пець і весяліцца!

 

Усе птушкі мову маюць

 

Усе птушкі мову маюць,

Мовай роднай размаўляюць,

Мілагучнаю, сваёй,

Гэтак, як і мы з табой:

Галубок буркуе,

Зязюля кукуе,

Сарока стракоча,

А бацян клякоча.

Ценькае сінічка:

– Дзе мая сястрычка?

Цёхкае салоўка:

– Дзе мая сяброўка?

Ластаўка шчабеча:

– Дзе мая малеча?

Кукуе зязюлька:

– Дзе мая матулька?

 

Хто як спявае

 

Вясновай парой, як усё ажывае,

Былінка маленькая нават спявае,

Кожны жучок, і камарык, і муха, –

Спеў гэты весні бясконца б я слухаў.

Песня сінічкі ціцінькае зранку,

Коціцца срэбрам з галін на палянку

І абуджае навокал прасторы,

Хмурыя елкі замшэлага бору.

Драч не спявае, а горла дзярэ,

Мабыць, высокую ноту бярэ:

– Дра-дра-дра-дра, драчаняты,

Не адыходзьце ад хаты.

Там, дзе ў балоце трава,

Жабчына песня – ква-ква!

Жабчына песня крум-крумкае –

Рэха даносіцца гулкае.

Жорава песня адметная,

Вясёлая – весняя, летняя,

Восенню – сіратлівая,

Нейкая сумна-тужлівая.

Ластаўка песні шчабеча,

Як сонца заходзіць пад вечар,

І летнім прыгожым ранкам,

Як свеціцца зорка-заранка.

Дзюбасты пугач напявае,

Як дзетак сваіх калыхае,

Ён вухкае, вохкае грозна,

Што слухаць яго ажно млосна.

Жаўрук сваю звонкую песню

Высока пяе ў паднябессі,

Яна над палямі, ляскамі,

Звініць над зямлёй ручайкамі.

Спявае варона са сваркаю

І, дзе ні лятае, там каркае,

Ці страх для яе, ці здабыча –

Кар-карканне песняю лічыць.

Сарока трашчыць, не спявае,

Ці ліса яна сустракае,

Мядзведзя, ці чалавека, –

Стракоча заўсёды, спрадвеку.

Імшараў, лясоў вартаўніца,

Ёй ноччу спакойна не спіцца.

А як салавейка зальецца,

Аж рэха яму адгукнецца,

То моцна гучыць, то паціху,

І лашчыць ён слых салаўіхі.

 

  

 

 

 

П О Б А Ч   З   Н А М І   Н А   З Я М Л І

 

 

 

Сшытак чацверты

                                                                                

 

 

ВОСЬ ПРЫЙШЛІ МУЗЫКІ

 

 

 

(кузуркі)

 

 

 

 

 

 

 

КЛІЧА ПЧОЛАК СЕНАЖАЦЬ

 

(Пчала, труцень, чмель)

…………………………………….

 

Як ты, пчолка, зімку зімавала?

– Без духмяных красак сумавала.

– Шмат яшчэ на лузе снежных латак...

Дзе ж ты возьмеш першы свой узятак?

– Палячу на сонечныя ўзлескі,

Там з-пад гурбаў вылезлі пралескі.

 


Над вясёлкай кружаць пчолкі

 

На лужку зіхціць вясёлка.

Над вясёлкай кружаць пчолкі.

Пчолкі мёд збіраюць з кветак –

Пачастуюць мёдам дзетак.

 

Рана раненька пчала

 

Рана раненька пчала

Пакідала вулей,

Заспявала-загула,

Каб усе пачулі:

– Жу-жу-джу! Жу-жу-жу!

Я без справы не сяджу!

 

Палячу я на лужок,

Потым на палетак.

І збяру духмяны сок

Самых лепшых кветак.

Жу-жу-жу! Жу-жу-жу!

Я над кветкамі кружу.

 

Кліча пчолак сенажаць

 

Сонца ўстала над гарой,

Шчодра прыгравае.

Вулей дружнаю сям’ёй

Пчолкі пакідаюць.

Кліча пчолак сенажаць,

Грэчка запрашае.

На любую кветку сядзь –

Бы цукерка тая.

Будзе вулей поўны сот –

Гэтулькі тут кветак.

Ну, а ўвосень прыйдзе мёд

На сталы да дзетак.

 

Пчолка рупная гудзе

 

Каля саду на градзе

Пчолка рупная гудзе.

Рана дзень яе пачаўся,

Каб ты мёдам частаваўся.

 

Я работніца-пчала

 

Я работніца-пчала,

Дзе я толькі не была!

У лугах, садах, лясах,

На кіпрэі, верасах,

На званочках, на лілеях, –

Так стамілася, аж млею.

Шмат было ў мяне работы,

Я насіла мёд у соты,

Пасяджу ў пялёстках трошкі,

Адпачнуць хай крылы, ножкі.

 

 

 

 

 

Дрэмлюць усё лета трутні

 

У вуллі на рамках кутніх

Дрэмлюць усё лета трутні.

Енчыць узялі за моду:

– Дайце мёду! Дайце мёду!

Потым з раніцы да ночы

Папракаюць пчол рабочых:

– Малачком сваім спачатку

Нас карміце, а не матку!

 

Ды аднойчы ў дзень асенні

Кончылася ў пчол цярпенне.

Узяліся пчолы ўбокі:

– Пачакайце ж, абібокі!

Крылцы ў трутняў пазгрызалі

І з вулля на двор прагналі!

 

Светка й кветка

 

Вось пайшла на поле мама,

Светка з ёй пайшла таксама,

І гаворыць маме Светка,

Што яе ўкусіла кветка.

Кажа: “Я сама дастала

З пальца востранькае джала!”

І няўцям маленькай Светцы,

Што пчала была на кветцы.

 

 

 

Джэма джэм салодкі ела

 

Джэма джэм салодкі ела,

Ёй на джэмпер пчолка села,

Пчолка Джэму напужала:

Паказала Джэме джала.

 

Прытаміўся чмель-бухмацік

 

Над палянкаю лятаючы,

Верасовы мёд збіраючы,

Прытаміўся чмель-бухмацік,

Захацеў крыху паспаці.

Апусціўся ён на кветку,

Задрамаў там неўпрыкметку.

Ну, а кветачка лагодная

Ціха чмеліка пагойдвае.

Сняцца сны яму чароўныя,

Сняцца соты, мёду поўныя.

 

Паласаты чмель

 

– Ты з якіх зямель,

Паласаты чмель?

Можа, з Афрыкі, з саваны,

Дзе жырафы-веліканы?

Ці з пустыні, дзе бураны

Намялі пяскоў барханы,

Ты, бухматы, прыляцеў,

Што так дзіўна пажаўцеў?

 

– Я адтуль, дзе рэчка з гаю

Як жывая выбягае.

Тут, у ціхім наваколлі,

Для мяне прастор і воля.

 

Чмель, не будзь сур’ёзны гэткі

 

– Чмель, не будзь сур’ёзны гэткі,

Не злятай так хутка з кветкі!

Пагуляць з табой хачу,

Колькі ножак, палічу.

Бач, які ты працавіты –

Да сваёй ядвабнай світы

Дакрануцца не даеш!

 

– Ж-ж-ж, – прамовіў чмель сярдзіта, –

Адыдзі з дарогі лепш!

Не цярплю я перашкод

Ў час, калі збіраю мёд!

 

Залацістыя чмялі

 

Зашумелі, загулі

Залацістыя чмялі.

З дуплаў паляцелі

І на краскі селі.

А маленькі чмелік

Спіць сабе ў пасцелі,

Крылцы склаўшы на спіне,

Ціха дзумкае у сне.

 

Чмель на гусельках іграе

 

Чмель на гусельках іграе:

Бом-бом-бом!

Струны ён перабірае:

Дзінь-дзі-дон!

Добра ведае чмель ноты:

Бом-бом-бом!

Назбіраў ён мёду ў соты:

Дзінь-дзі-дон.

Вельмі любіць чмель прыроду:

Бом-бом-бом!

Слава кветкам! Слава мёду!

Дзінь-дзі-дон!

 

КРОСНЫ ВЫТКАЎ ПАВУЧОК

 

(Павук)

………………………………….

 

Павучок, павучок!

Дзе купіў ты чаўначок,

Каб наткаць сабе тканіны,

Што завецца павуцінай?

– Не плаціў нікому грошай,

Сам жа майстар я харошы:

На галінах, на суку

Сам праду і сам я тку!

 

 

Павучок – ткач-ткачок

 

Павучок – ткач-ткачок –

Сеў на тоненькі сучок.

Павуцінне сваё праў

І на голлейку снаваў.

Нітку да ніткі –

Kамарам на світкі.

 

Пачапіўся павук

 

Пачапіўся павук

За асінавы сук,

Павуцінку снуе

Ды наcупіўся, злуе:

– Вось я з гэтага матка

Мухам хустку буду ткаць,

І кашулькі, і сукенкі, –

Няхай носяць, як паненкі!

Уцякаюць гуртам мухі,

Павука не хочуць слухаць,

Узняліся, паляцелі,

Ажно крылцы затрымцелі.

 

Кросны выткаў павучок

 

Кросны выткаў павучок,

Сам схаваўся за сучок.

Замаркоціўся ён трошкі:

– Ані мухі, ані мошкі

Сёння ў нерат не ляцяць –

Зноў галодны буду спаць.

 
 
Павучок-мухаед

 

Павучок-мухаед

Злавіў муху на абед.

Просіць муха павука,

Ненажэру-крыжака:

 

– Адпусці, не вяжы,

Дай на свеце пажыць!

Вой, не рві ты, павук,

Маіх тоненькіх рук,

Не цягні за касу,

Не губі маю красу,

І не рэж, не катуй –

Весялушку пашкадуй,

Дзі-дзі-дзі! Дзі-дзі-дзі!

Ад мяне ты адыдзі!

 

Вострыць нож павук,

Аж сагнуўся ў крук.

Муха скокнула –

Вязка лопнула.

Азірнуўся мухаед –

Паляцеў яго абед.

 

 

 

 

Павукі-манцёры

 

Павукі жывуць здавён

У глушы адвечнай.

Радыё і тэлефон

Трэба ім, канечне.

 

Правады ва ўсе бакі

Ад ствалоў замшэлых

Нацягнулі павукі

З павуцінак белых.

 

Пільных клопатаў і спраў

Шмат у сувязістаў:

Нехта недзе абарваў

Провад серабрысты.

 

І снуюць сюды-туды

Павукі-манцёры –

Рамантуюць правады

Паміж дрэў да зморы.

 

 

Павучок з пакалечанай ножкай

 

У пакоі з маленькім акном,

За скрыпучым, паломаным ложкам,

Адзінока жыве і даўно

Павучок з пакалечанай ножкай.

 

Ён хаваецца днём у куток

І адтуль за табою цікуе,

І то смех яго дзіўны здалёк,

То пасопванне грознае чую.

 

А ўначы прыпаўзе на пасцель

І цішком да цябе падкрадзецца,

На руках павуціну спляце

І да раніцы глуха смяецца.

 

 

 

ВОСЬ ПРЫЙШЛІ МУЗЫКІ

 

(Кузуркі)

………………………………..

 

Матылёчкі-матылі,

Дзе ляталі, дзе былі?

– Мы ляталі на лугах,

Начавалі на палях.

– Матылёчкі-матылі,

Што вы елі, што пілі?

– Быў на кветачках мядок,

На траве салодкі сок.

 

 

Матылёк і вусень

 

Убачыў вусеня здалёк

Зялёна-жоўты матылёк:

– Гэй ты, агіднае стварэнне,

З якога вырас ты насення?

Прамовіў вусень:  – Ну й дзівак,

А ты хто быў? Такі ж чарвяк!

 

Адмірал

 

Кружацца вакол палянкі

І жаўтушкі, і бялянкі.

Паміж іх лятае раннем

Матылёк з высокім званнем.

Кожны нам яго пакажа:

Крылцы чорныя, як сажа,

Па краёх чырвоны пасак.

Матылёк – нібы ў лампасах!

Вось за гэта ён – ці ж мала? –

Носіць званне адмірала.

 

Стракозка на галінцы

 

Стракозка на галінцы

Ад сонца аж зіхоча.

Вясёлкавыя крылцы,

Смарагдавыя вочы.

 

Танюсенькія ножкі,

Вузенькая сукенка...

Пабудзь са мной шчэ трошкі,

Прывабная паненка!

 

З лісціка ўзляцела страказа

 

Ля ракі крушына і лаза.

З лісьціка ўзляцела страказа.

Крылцамі трапеча і гудзе –

Толькі цень бліскучы на вадзе.

Так і кружыць цёплай раніцою

Самалёцік сіні над ракою.

 

Божая кароўка, чорная галоўка

 

Божая кароўка,

Чорная галоўка,

Чырвоныя крылцы,

Крапінкі на шыйцы.

Села на лісцінку,

Выпіла расінку.

 

Божая кароўка, паляці на неба

 

Божая кароўка,

Паляці на неба,

Прынясі нам хлеба

Чорнага і белага,

Толькі негарэлага.

 

 

 

Багоўка

 

Што за кароўка такая? –

Не мукае, не рыкае,

З двума рожкамі,

А не бадаецца,

З шасцю ножкамі,

А не брыкаецца,

І малака не дае,

Затое з вялікай ахвотаю

На пашу не ходзіць, а лётае,

Бо крылцы ёсць у яе.

Пацеха, а не кароўка!

Як клічуць яе?

– Багоўка!

 

Камары-званары

 

Камары-званары

Мак таўклі у бары.

Мак таўклі да начы

У сто два таўкачы.

Цвёрды трапіўся мак –

Не стаўчы аніяк!

 

Мак таўкуць камары

 

На гары, на гары

Мак таўкуць камары.

Гэй, старайся талака –

Будзе з маку мука!

Камарыкі мак стаўкуць,

З той мукі бліны спякуць.

Ну й бліны, ну й бліны!

Лезуць самі ў рот яны!

Камары-камары –

Чым не пекары-майстры:

Пакаштуеш бліна з макам –

Праглынеш язык ад смаку!

 

Камары звіняць як восы

 

Камары зьвіняць як восы

І за ногі джгаюць босых.

– Гэй, – пачуўся голас Наткі, –

Раскладзем агонь, дзяўчаткі!

 

На агні трашчыць ігліца,

Па зямлі дымок клубіцца

І нырае пад яліны,

Як пушысты хвост лісіны.

Уцякаюць камары:

– Гвалт! Ратуйцеся! Гарым!

 

Пазляталіся хрушчы

 

Пазляталіся хрушчы

І гудзелі да начы,

На бярозку селі,

Лісцейка аб’елі.

Горайка ў бярозкі,

Паліліся слёзкі:

– Памажыце, памажыце,

Хрушчоў, птушкі, праганіце!

 

І пачулі шпакі,

Прыляцелі на сукі,

І хрушчоў патрушчылі,

І хрушчоў палушчылі.

Асушыла слёзкі

Лісцейка бярозкі.

 

Разгайдаліся хрушчы

 

Разгайдаліся хрушчы,

Аж галінка трашчыць.

– Гу-гу-ду! Гу-гу-ду!

Узлятаюць, гудуць.

На бярозе, дзе ні глянеш,

Рэжуць лісце на сняданне.

 

– Фі-у-фак! Фі-у-фак! –

Раззлаваўся раптам шпак.

– Фі-у-чы! Фі-у-чы!

Ненажэрныя хрушчы!

 

Скокнуў чорны шпачок

Зверху ўніз на сучок

І рагатага хрушча

Дзюбай біць распачаў:

– Фі-у-чы! Фі-у-чы!

Задзяўбу я вас, хрушчы!

Сярдзіты хрушч

 

– Ты мяне не руш, не руш! –

Прахрыпеў сярдзіты хрушч,

Ды ў бярэзіну ілбом

Бом – і няма!

Фанабэрыўся дарма!

 

Авадзень

 

Хоць малы я, хоць малы –

Трошкі большы ад пчалы –

Ды, ледзь мой пачуе зык,

Уцякае з поля бык.

І для коней страхата,

Ад мяне – наўскапыта.

Крута ўскінуўшы хвасты,

Ад мяне ў кусты, ў кусты

Па іржышчы стрымгалоў

Уцякае гурт кароў.

Злосны я ў спякотны дзень.

Хто ж такі я? Авадзень!

 

Авадзень цалюткі дзень

 

Авадзень цалюткі дзень

Каля вуха мне гудзеў:

– Жу-жу-жу, жу-жу-жу,

Укушу, укушу!

Ад мяне жарабкі

Уцяклі да ракі.

Ад мяне цяляткі

Уцяклі да хаткі.

Казляняткі – у кусты,

Качаняткі – да вады.

 

Дом будуюць мурашы

 

Шу-шу-шу! Шы-шы-шы!

Шамаціць хтось у цішы.

Гэта дом сабе будуюць

Пад ялінай мурашы.

– Майна – віра! Майна – віра!

Робяць справу спорна, шчыра.

Ты не крыўдзі іх, малых,

Працаваць вучыся ў іх!

 

Працаўнічок спяшацца дахаты

 

Лясной сцяжынкай, дзе густыя шаты,

Працаўнічок спяшаецца дахаты.

Яго амаль і не відаць, малога,

А цягне – болей за сябе самога.

 

Мурашнік

 

Агонь пад дрэўцам не гарыць,

Кацёл не грэўся, а кіпіць.

Кіпіць, кіпіць, не выкіпае,

Кранеш рукою – апякае.

 

Небывалы ўзняўся дом

 

Паміж хвояў пад кустом

Небывалы ўзняўся дом.

Сто ўваходаў, сто дзвярэй,

Для дарослых і дзяцей.

Сто паверхаў, сто падлог,

Каля дома тупат ног.

Ад зары і да зары

Тут працуюць жыхары.

– Гэй, з дарогі, дайце шлях,

Дуб нясу я на плячах!

Хто з калодай, з бервяном –

Тупацяць мурашкі ў дом.

А ў калысках у цішы

Спяць малыя мурашы.

 

Светлякам няма цаны

 

Хоць маленькія яны –

Светлякам няма цаны.

Ціха свецяць у бары

У дрымотным гушчары.

І таму не страшна там

Засынаць усім звярам!

 

Светлячкі, светлячкі

 

Светлячкі, светлячкі

На атаўцы ўзбоч ракі,

Ля лазовага куста,

На хвашчы каля маста

І на шчаўі паўз разорку...

Быццам летняй ноччу зоркі,

Густа ўсеялі лужок:

Крапіву, траву, стажок.

Гэтулькі блішчыць вакол –

Як у горадзе вакон!

 

Па лісточку поўзаў смоўж

 

І упоперак, і ўздоўж

Па лісточку поўзаў смоўж.

След пакінуў мокры, слізкі –

Дзве зялёненькія рыскі.

За ўсю ноч у нашым садзе

Ён прайшоў ледзь-ледзь тры пядзі.

Ён жа думаў, што паўсвету

Перапоўз за ночку гэту.

 

Толькі смоўж сядзіць спакойна

 

Сонца нізіцца над полем,

Адыходзіць дзень паволі.

І дамоў спяшаюць птушкі,

Мошкі, конікі і мушкі.

Толькі смоўж сядзіць спакойна,

Дзень ці ноч – яму ўсё роўна.

Падпаўзае жук вусаты:

– Смоўж, хадзем хутчэй дахаты!

– Ты, паўзі, спяшайся, братка –

У мяне ж на спіне хатка!

 

Смаўжы – маруды, недатыкі

 

З прамоклых зарасцяў ажыны

Пасля абложнае імжы

Павыпаўзалі на сцяжыны,

Каб панцыры сушыць, смаўжы.

 

Павытыркалі рогі-пікі,

Нібыта ў латах ваяры,

Ды так і пруць пад чаравікі

Смаўжы – маруды, недатыкі,

Вільготных нетраў жыхары.

 

Ах, грозны выпаўзак смаўжыны,

Каб пад абцас прыпадкам вы

Не трапілі, вас са сцяжыны

Перанясу ў гушчар травы.

 

Там ішла станожка

 

Ёсць ля хаты ў нас дарожка,

І па ёй ішла станожка.

Сотня ножак у яе,

Сотня іх – і ўсе свае.

Як нялёгка кожнай ножцы

Крочыць па адной дарожцы,

Бо патрэбна кожнай ножцы

Крочыць роўна, у нагу,

Бо калі адна саб’ецца,

А другая спатыкнецца, –

Выгнуць гэткую дугу!

Могуць грымнуць і ў адхон

І не ўстаць за сотню дзён!

Сотня – гэта вам не трошкі.

Але ў нашае станожкі

Ёсць два вочкі-ліхтары,

Бачаць знізу і ўгары.

Вочкі ў крыўду не дадуць,

Сотню ножак тых вядуць.

 

Весялун-цвыркунок

 

Весялун-цвыркунок

Купіў скрыпку, смычок,

Каб ніхто іх ня ўзяў –

У запечку схаваў.

А як вечар надышоў,

Ён у хату прыйшоў,

Толькі ўлёгся я спаць,

Тут цвыркун пачаў іграць.

І пілікаў, і пілікаў

Аж да раніцы музыка.

 

Папытаўся ў цвыркуна

 

Папытаўся ў цвыркуна:

– Дзе, скажы, твая струна?

На якой і ўдзень, і ўночы

Граеш ты, калі захочаш?

Ды цвыркун не адказаў

І адразу зноў зайграў.

 

Цвыркунок, цвыркунок

 

– Цвыркунок, цвыркунок,

Дзе жывеш ты, кумок?

– Між травы, у норцы,

На зялёнай горцы.

– Цвыркунок, цвыркунок,

Што ты робіш, кумок?

– Ночку сустракаю,

На скрыпачцы граю.

 

Скача конік праз лужок

 

Скок, скок, скок, скок...

Скача конік праз лужок,

Даўганогі, сівакрылы,

Скача, скача з усёй сілы.

Мігам я бяру сачок,

І – папаўся скакунок!

Буду коніка карміць,

Буду я яго паіць.

Хай расце ён, падрастае

І канём сапраўдным стане.

Я тады на ім паеду

У адведкі к свайму дзеду.

 

Трубіць конік у дуду

 

Ду-ду-ду! Ду-ду-ду! –

Трубіць конік у дуду,

Трубіць дзень, і трубіць вечар –

Не стамляецца малеча.

Я ў адчаі: “Дзед Піліп!

Каб той конік не ахрып,

Я зраблю сабе дуду –

Памагаць яму пайду!”

 

Вось прыйшлі музыкі

 

Вось прыйшлі музыкі

Чарадой вялікай.

Граў на скрыпачцы камар,

На дудачцы чмель-дудар.

Муха на цымбалах

Струны калыхала,

Авадзень на леры

Выцінаў без меры,

А чырвоны конік

Жарыў у гармонік.

 

На лісток усеўся конік

 

На лісток усеўся конік,

На калена ўзяў гармонік.

Грае польку-весялуху

Гэтак хвацка – люба слухаць.

Грае весела камарык,

Скрыпку ўзяў пад бараду.

Паласаты чмель-дударык

Дзьме ў вярбовую дуду.

 

На вялікім кантрабасе

 

На вялікім кантрабасе

Жук гудзе сярдзітым басам.

– Жу-жу-бом! Жу-жу-бом! –

Водзіць доўгім ён смыком.

Жабка слухае музыку –

Самі скачуць чаравікі!

 

Кузуркі розныя і мушкі

 

Ўгары над хвойнікам зялёным

Снуюцца пчолкі з ціхім звонам,

Кузуркі розныя і мушкі

Свае спраўляюць гулі-гушкі

І так танюсенька гудуць,

Што ледзьве-ледзьве можна ўчуць.

А на прагалінах на голых

Гулянне конікаў вясёлых.

І толькі ступіш там нагою –

Так і заскачуць прад табою,

Вось так і пырснуць у надзем’е,

Як бы сявец той сыпне сем’е.

А матылькі сваім убраньнем

Касуюць тут усіх дазвання

І не лятаюць – танцы правяць,

Ну, каго хочаш, зацікавяць.

 

 

П О Б А Ч   З   Н А М І   Н А   З Я М Л І

 

 

Сшытак пяты

                                                                                

  

ЯК ПАПЛЫЎ ПА РЭЧЦЫ ЯЗЬ

 

  

(Рыбы, іншыя жыхары вадаёмаў, акварыум, рыбалка)

 

 

 

 

 

 

ЯК ПАПЛЫЎ ПА РЭЧЦЫ ЯЗЬ

 

……………………………………

 

 

 

Мы калючыя яршы

 

Хоць мы росту і малога –

Не баімся мы нікога:

Ні самоў, ні акунёў,

Ні зубастых шчупакоў.

Мы калючыя яршы,

Нашы спіны, як нажы.

 

Ён уцёк ад рыбака

 

Ён уцёк ад рыбака,

Ён уцёк ад шчупака

І жыве за іх не згорш

У рацэ – калючы ёрш.

 

У калючага ярша

 

У калючага ярша

Шмат сяброў было спярша.

“А нашто? – падумаў ёрш. –

І без іх не будзе горш”.

Нахахорыўся яршом,

Зубы камнем-галышом

Навастрыў і так крычыць:

– Марш, маляўкі, пад карчы!

 

Паразбегліся сябры...

Ёрш адзін... І дзень, і тры...

І няма з кім паспрачацца,

І няма з кім праімчацца

Наўздагонку... І каму

“Добры дзень” сказаць яму?

 

Ходзіць ёрш сам не свой –

Хоць ты ў вір галавой...

 

Закапаўся карась

 

Закапаўся карась

У азёрную гразь.

Цёпла, добра яму –

Так праспіць ён зіму.

 

А імя маё – карась

 

Я люблю ў затоках гразь,

А імя маё – карась.

У гразі на самым дне

Шчупакі не страшны мне.

 

Як паплыў па рэчцы язь

 

Як паплыў па рэчцы язь,

Кажуць рыбкі: “Язь, бы князь.

Вунь сарочка серабрыстая

Паміж хваль ажно паблісквае”.

 

Тут убачыў шчупака

Наш язь,

Ды як дасць драпака

У гразь!

 

Шчупак

 

Рэчка, сажалка, рака

Добра знаюць шчупака.

Ён плыве за ўсіх шпарчэй,

Рыбкам гора – не ўцячэш!

Ды, пражэрлівы такі,

Сам трапляе на кручкі.

На жыўца, часамі ў нерат –

І тады ні ўзад, ні ўперад.

 

 

За вусы ня тузай сома

 

Пад карчагай у вадзе

Сом і вусам не вядзе.

Рыбы ведаюць, што сом

Спачывае перад сном.

Да яго падплыў мянтуз:

– Можна таргануць за вус?

І – у пашчы знік, вядома...

За вусы ня торгай сома!

 

 

Плаўніком па хвалі лешч

 

Плаўніком па хвалі лешч

Плешча: “Хто з вас можа лепш?”

 

Малайчына вугор

 

Малайчына вугор,

Павучыцеся ў яго:

І плывец, і пешаход,

Хоць яму – чацверты год.

З рэчкі ў рэчку пад дажджом

Поўзае вугор вужом.

 

Печкурок-паласкун

 

Печкурок-паласкун

Хату выладзіў з пяску:

Сцены, дзверы, дах і столь –

Добра тут схавацца ў золь,

Ну, а ў спёку – на баку

Паляжаць у халадку...

Ды наехаў плывунец,

Зачапіўся – і канец:

Зноў пячкур без хаты...

Ах ты, чорт рагаты!

 

 

Рак-вусач

 

Пад карэннямі ракіты

Рак сядзіць, вусач сярдзіты,

З доўгімі вусамі,

З чорнымі вачамі,

Зыркімі, лупатымі,

З лапамі разгатымі,

Шырачэзны ў шыі,

Клешні – во якія!

А як вусам павядзе –

Страшна робіцца ў вадзе!

Рыбкі хвосцікам мяльнуць,

Ды галоўкамі кіўнуць

І хутчэй наўцекача

Ад страшнога вусача.

 

Небарака гэты – рак      

 

Ён і гэтак, ён і так,

Але ўперад – аніяк,

Небарака гэты – рак!

 

Кажа меншанькі з трытонаў

 

Кажа меншанькі з трытонаў:

– Важу я амаль тры тоны!

– Ой, хвалько, – смяецца мама, –

Мы, трытоны, важым грамы!

 

Шыцік

 

Цвеліць верхаводка,

Балбатуха-цётка:

– Шыцік-ныцік,

Ручай выцек!

– Хітрыкі твае вядомы,

Думаеш – вось выйду з дому,

А там – хоп на язычок:

Будзь здароў, чарвячок!

 

Краба я злавіў

 

Краба я злавіў і храбра

Захацеў стаць крабу сябрам.

І яму сваю руку

Працягнуў, як сябруку.

Варухнуўся раптам краб

Ды мяне за палец – шкраб!

З гэтым сябрам будзе гора:

Адпушчу цябе я ў мора.

 

Наш акварыум

 

То хвасточкамі варушаць,

То мільгаюць плаўнікамі,

То плывуць чародкай рыбкі,

То хаваюцца пад камень.

 

І адтуль уверх імчацца

Праз травінкі і лісточкі,

Ззяюць спінкі-залацінкі,

Чырванеюць кропкі-вочкі.

 

Я любуюся на рыбак

Са сваім малодшым братам.

Наш акварыум прыгожы,

Наш акварыум багаты.

 

Незвычайны вадаём

 

У пакоі ля сцяны

Вадаём стаіць шкляны.

Сонечны, нібы крышталь,

Ані бур няма, ні хваль.

Мірна плаваюць у ім

Рыбкі, дробныя зусім:

Тэлескоп, хамелеон,

Сомік, барбус і неон.

Ім давай без лішніх слоў

Інфузорый і рачкоў.

Любяць свежую яду,

Любяць чыстую ваду

Тэлескоп, хамелеон,

Сомік, барбус і неон.

Вось які прынеслі ў дом

Незвычайны вадаём!

 

 

У акварыуме сомік

 

У акварыуме сомік

Носам тыцкаецца ў шыбку

Так пацешна, нібы гномік,

Палюбуйцеся на рыбку!

Падмятае донца вус.

Тут ахвота – не прымус.

 

Ходзяць рыбы ў карагодзе

 

Я прабіў палонку ў лёдзе –

Там празрыстая вада,

Ходзяць рыбы ў карагодзе,

Аж лавіць мне іх шкада.

 

Над вадой я нахіліўся,

Доўга з цудаў тых дзівіўся.

Зразумеў – пад Новы год

Водзяць рыбы карагод!

 

 

Бліскучыя рыбы ідуць чарадой

 

Стаіўшыся ў дзікім густым лазняку,

Закінуў рыбак свае вуды ў раку.

А там, адліваючы срэбнай луской,

Бліскучыя рыбы ідуць чарадой.

Напяўшы тугія свае плаўнікі,

Хвастамі ад прагнасці б’юць шчупакі.

У змроку, у твані, ляжаць карасі,

У зеллі багністым жыруюць язі,

У ціне лянівыя ходзяць ліні,

А ў тонях пярэстыя спяць акуні.

Мільёны вялікіх і дробненькіх рыб

Наверх усплываюць, ныраюць углыб,

Гуляюць па хвалях, шныраюць па дне,

А вось за кручок ні адна не кране.

І раптам, схіліўшыся трохі набок,

Хіснуўся і знік пад вадой паплавок,

Вудзільна сагнулася ў спрытнай руцэ,

І хвалі кругамі пайшлі па рацэ.

І вось праз хвіліну, а, можа, праз дзве

Трапечацца лешч на вільготнай траве.

На шчасце закінуўшы вуду ізноў,

Рыбак аглядае свой першы улоў.

 

 

 

Ля кустоў прыціхлі хлопцы

 

Ля кустоў прыціхлі хлопцы.

Кожны з вудай у руцэ.

Карасінае балотца

У зялёнай асацэ.

 

Хмара чорная з пагорка

Над бярэзнікам паўзе.

Зіхатлівая вясёлка

Фарбы выгнула усе.

 

Звоніць цененька камарык,

Пагражае пекануць.

Не зважаючы на хмары,

Крывасмокі мак таўкуць.

 

Не, не мець хлапцам спакою,

Бо камар – не матылёк:

– Адчапіся!.. Што такое?

Дзе падзеўся паплавок?!

 

Як вудзільна утрымае! –

Па вадзе хвасцілам – лясь!

І, як сонца, выплывае

З чорнай сажалкі карась!

 

 

Кот сядзеў ля Нарачы

 

Кот сядзеў ля Нарачы,

Юшку сабе варачы.

У катле няспешна

Лыжкаю памешваў.

Падсыпаў паволі

Перчыку і солі.

Кідаў ліст лаўровы

Кухар адмысловы.

Ён гасцей паклікаў,

Бо кацёл вялікі.

Хлеб накроіў ножыкам

Яноту і вожыку,

Барсуку сівому

І сабе самому.

Юшка з лустай сітнаю

Дужа апетытная.

Госці шчыравалі,

Весела сказалі:

– Дзякуй за абед,

Шчодры наш сусед!

 

П О Б А Ч   З   Н А М І   Н А   З Я М Л І

 

  

Сшытак шосты

                                                                                

  

ЕДУ Ў ГОСЦІ ДА СЛАНА

 

 

 

(Экзатычныя звяры і птушкі, заапарк, жывы куток)

 

 

 

 

 

ЕДУ Ў ГОСЦІ ДА СЛАНА

……………………………………..

 

Эх, якія коні –

Маленькія поні!

Падбярыце хутчэй

Мне каня – ды гарачэй!

Цок-цок капыточкі,

Ток-ток малаточкі.

Б’юць усе чатыры ў лад.

Еду, быццам на парад.

 

 

Хто, сябры, не бачыў поні?

 

Хто, сябры, не бачыў поні?

Поні – гэта тыя ж коні!

Тая ж грыва, той жа хвост,

Толькі вось маленькі рост.

 

Зебра

 

Вось дык конік – дзіўны нейкі,

Быццам сшытак у лінейку!

Для чаго ты – для катання

Ці для чыстага пісання?

 

Зебра, конік паласаты

 

– Зебра, конік паласаты,

Завязі мяне дахаты!

Я табе замест аўсу

Геркулесу прынясу.

І са сподка, а не з цэбра,

Напаю цябе я, зебра.

 

Кажа конік паласаты:

– Не прасі мяне дарма ты.

Ні на волі, ані тут,

Як бы цяжка не было,

Не палезу я ў хамут

І не дамся пад сядло.

Вось каб мог ты памагчы

Мне адгэтуль уцячы!

Паляцела б я штосілы

Ў афрыканскі край мой мілы,

Каб да спёкі на світанні

Зноўку гойсаць па саване...

 

Пазірае сумна зебра,

А ў вачах – сляза, як срэбра.

 

Ён завецца – насарог

 

Ён завецца – насарог,

Бо на носе носіць рог.

Я смяюся: – Вось дзівак!

Хіба рогі носяць так?

Раю шчыра я табе:

Не на носе – на ілбе,

Не адзін, а два насі,

Як алені, як ласі...

Глянуў ён улева, ўправа:

– А табе якая справа?

Калі скіну з носа рог,

Дык які я насарог?

І ўзлаваўся, і засоп,

Каб не клетка – што было б!

 

Кенгуру, кенгуру

 

Кенгуру, кенгуру

Спрытна скача ўгару,

І ўгару, і ў даўжыню –

Я яго не даганю!

Паглядзі: ў кенгуркі-маткі

 

Паглядзі: ў кенгуркі-маткі

Торба ёсць на жываце.

Там жывуць кенгураняткі

Ў цеплыні ды ў цеснаце.

 

– Кенгурыха-кенгурыха,

Ну чаго сядзець ім ціха?

Ты маленькіх не няволь,

Пагарэзаваць дазволь!

 

А яна глядзіць з дакорам,

Нібы кажа: – Як не сорам?

Па абедзе, як і ў вас,

У маленькіх – ціхі час!

 

Скачуць дружна кенгуру

 

У спякотную пару

Скачуць дружна кенгуру

І нясуць сваіх дзяцей

У мяшку на жываце.

Ды пайшла такая чутка,

Што спаборніцтва ўжо хутка,

Што збягуцца бегуны –

Поні, стравусы, сланы.

– Медалі ўсе забяру, –

Абяцае кенгуру.

Абганю усіх, як бач!

А пабегла – хоць ты плач –

Сын маленькі просіць есці.

Давялося ўсё ж прысесці.

Покуль сына накарміла –

Пра спаборніцтва забыла!

 

Жырафа

 

Паспрабуй рашыць шараду!

Вось запарка, дык запарка!

Як са станцыі жырафу

Везці нам да заапарка?

 

Як устане на ўвесь рост –

Не пазбавішся бяды:

Галавой зачэпіць мост,

Пазрывае правады.

 

Як уздоўж працягне шыю –

Зноў хвалюецца шафёр:

– У вітрыне выб’е шыбу,

Перакуліць светлафор!

 

Не! Па горадзе жырафу

Не правезці нам без штрафу!

 

Шымпанзе

 

Паглядзіце, шымпанзе

Нешта смачнае грызе,

Топае, падскоквае,

Языком прыцмоквае,

Весела куляецца,

Смешна так крыўляецца.

 

Еду ў госці да слана

 

Вось якая навіна:

Еду ў госці да слана!

Родны дом яго далёка,

Каля той ракі Замбезі,

Дзе заўсёды паліць спёка,

Дзе не ведаюць аб снезе.

У слана-асілка там

Ёсць сваяк – гіпапатам.

Без дарог, мнучы трыснёг,

Прэцца грозны насарог.

Пры ўзбярэжку лёг у іл

Ненажэрны кракадзіл.

Ды гарыла – вось граміла! –

Не баіцца кракадзіла.

Фанабэрыстыя львы

Не схіляюць галавы.

А жырафы толькі крышку

Меншыя за тэлевышку.

 

Слаўны слон, магутны слон

 

Вось і ён, вось і ён,

Слаўны слон, магутны слон!

Нібы шэрая гара,

Ён стаіць сярод двара.

А навокал і гамоніць,

І смяецца дзетвара.

Ледзь прабіўся праз гурму,

Каб частунак даць яму.

– Абаранак хочаш? На! –

Не шкадую для слана.

 

Шмат на свеце слон пажыў

 

Шмат на свеце слон пажыў,

Шмат ён людзям паслужыў.

Там, у джунглях, безупынна,

Працаваў ён, як машына.

На сабе цягаў бярвенне,

Вырываў з зямлі карэнне,

Каб на месцы тым былі

Ураджайныя палі.

 

Хлопчык глянуў на вярблюда

 

Хлопчык глянуў на вярблюда:

– Вось няўклюда, дык няўклюда!

І нязграбны, і грубы,

І на спіне два гарбы,

Але гонару ў вачах,

Нібы ён султан ці шах.

 

Запярэчыў я адразу:

– Лепш назад вазьмі абразу!

На вярблюда грузяць людзі

Велізарныя цюкі.

Едуць людзі на вярблюдзе

Праз зыбучыя пяскі.

Па барханах, як па хвалях,

Ён ступае дзень за днём.

Нездарма яго назвалі

Сухаземным караблём.

Колькі так, па бездарожжы,

Ходзіць ён – не ўзяць на ўлік.

Ён таму ўжо і прыгожы,

Што сапраўдны працаўнік!

 

Навакол рагоча люд

 

Навакол рагоча люд:

– Ну і смехата – вярблюд!

Раптам – дзіва! Раптам – цуд!

Гаварыць пачаў вярблюд.

І пачулі ад вярблюда:

– Не такі я ўжо няўклюда.

Век хаджу я па пустэльні,

Па гарачай, як патэльня.

Я выгод не патрабую –

Ем расліну я любую.

П’ю салёную ваду,

Калі іншай не знайду.

І вязуць на мне, вярблюдзе,

Сто цюкоў заўсёды людзі.

 

 

 

Не варухнецца ў клетцы леў

 

Ці ён памёр? Ці ён самлеў?

Не варухнецца ў клетцы леў.

Ляжыць знясілены асілак.

А грыва – поўная апілак.

Натоўп шуміць, натоўп гудзе,

А ён і вухам не вядзе.

І што за цар? Чаму звяры

Абралі гэткага ў цары?

 

Леў у клетцы закалеў

 

Леў у клетцы закалеў,

Захацеў у цёплы хлеў.

А карова: му-му-му,

Малака ня дам яму!

А парсюк: рох-рох, рох-рох,

Лыч наставіў, быццам рог.

Шарык грозна грыз ланцуг:

Прэч ганіце валацуг!

Толькі певень прамаўчаў –

Шпоры ён вастрыць пачаў.

Ледзь ад страху не самлеў

І вярнуўся ў клетку леў.

 

У вачах у леапарда

 

У вачах у леапарда –

І насмешка, і пагарда.

Ён глядзіць з-за агароджы,

Гэткі зграбны і прыгожы.

Мые лапай вусы, рот,

Як звычайны свойскі кот.

Мо чакае ён кагосьці

Да сябе – у клетку – ў госці?

 

Леапард прымружыў вочы,

І варкоча, і варкоча:

– Падыдзі бліжэй, а хоць

Засаўку адсунь, заходзь.

Я лагодны і рахманы,

Кіпцюры мае схаваны,

Лапы мяккія ў мяне –

Ты не бойся, хлопчык, не:

Мы б з табой маглі ў зацішку

Пагуляць у “котку-мышку”...

 

– Не мані! Дурных няма! –

І адсунуўся я крышку. –

Хто б між намі, між двума

Быў за “котку”, хто – за “мышку”?

 

 

У звярынцы ёсць пантэра

 

У звярынцы ёсць пантэра.

Бачылі такога звера?

Зграбны, гнуткі, спрытны, хуткі –

У блішчастым чорным футры.

 

 

У гіены гігіена

 

У гіены гігіена

Не на ўзроўні, несумненна.

Ржой паедзеныя іклы

З чорнай выткнуліся пашчы,

Бо гіена не прывыкла

Ні да шчоткі, ні да пасты.

На скамечаную шчэць

Проста сорамна глядзець.

Ані ў якім грабянцы

Не ўцалелі б тут зубцы.

Колькі пылу, колькі бруду...

Сябраваць з такой не буду!

 

Палярны мядзведзь

 

Тры кропкі на белае нехта нанёс:

Дзве – чорныя вочы, а трэцяя – нос.

Пазнаеш здалёку, угледзеўшы ледзь,

Што гэта славуты палярны мядзведзь.

На крызе ён плыў у прастор ледавіты,

І сам – нібы з чыстага лёду адліты.

А тут – не ляжыцца яму, не сядзіцца,

Зацёплай здаецца ў басейне вадзіца.

Ад мілае Поўначы гэтак далёка...

Ледзь сонца прыгрэе – яму ўжо й спёка.

А што як сапраўдная спёка настане?

Спяшайцеся ўбачыць, бо раптам растане!

 

Дзе жыве пінгвін?

 

Запытаўся ў мамы сын:

– Мама, дзе жыве пінгвін?

Адказала маці сыну:

– У Антарктыцы пінгвіны.

Трэба ім мароз ўвесь год,

Каб даваць нырца пад лёд.

Там ім хораша купацца,

Загартоўвацца, ныраць –

Кожны раз вясне здзіўляцца,

Пінгвінятак гадаваць.

 

Пінгвін і карціна

 

У святочны дзень пінгвіну

Падарыў сусед карціну.

Разабраў пінгвіна смех:

Бо навокал толькі снег.

І няма куды пінгвіну

Вешаць гэтую карціну.

 

Напэўна, думае паўлін

 

Напэўна, думае паўлін,

Што ў свеце гэткі – ён адзін.

І, ў захапленні ад сябе,

Зямлю ён лапаю грабе.

І шмат вышэй за ўласны рост,

Як веер, узнімае хвост.

А хвост – якая прыгажосць!

І перлы ў ім, і срэбра ёсць.

Нібыта з неба ўпалі ў  пёркі

Вясёлка – днём, а ноччу – зоркі.

Услед глядзяць і млеюць павы:

– Які прыгожы і цікавы!

 

Жыў дзядуля-бегемот

 

Пасярод дрымотных вод

Жыў дзядуля-бегемот

І пад сонцам афрыканскім

Грэў то спіну, то жывот.

У разважлівага дзеда

Быў унучак-непаседа.

Знаць карцела ўсё яму:

– Як?

– Адкуль?

– Куды?

– Чаму?

Не ў дакуку, а ў навуку

Гаварыў дзядуля ўнуку:

– Маем тут мы ўсё, што трэба.

Ёсць вада, зямля і неба.

Дык жыві, як жыў твой дзед,

Не цягайся ў белы свет,

А жыруй сабе ў трысці

Ды расці, расці, расці.

Так з цябе праз колькі год

Спраўны будзе бегемот!

 

Але ўнучак-бегемоцік

Пазяхаў на ўвесь свой роцік.

Ён ад дзедавых парад

Уцячы быў тут жа рад,

Бо даўно гарэза марыў

Зазірнуць за далягляд.

Як там, хто там,

Дзе там, што там –

Ён усім раскажа потым:

І маленькім, і сярэднім,

І дарослым бегемотам.

 

Уначы, калі паснулі

Ўсе бабулі і дзядулі,

Калі зоркі ў цёмнай ціне

Як у хмары патанулі,

Бегемоцік – вось які! –

Ціха выбраўся з ракі

І падаўся без дазволу

Ў свет шырокі напрасткі.

Колькі ён спаткаў на волі

Дзіваў розных і прыгод,

Не дазнаецца ніколі

Аніводзін бегемот.

Бо жыве цяпер гарэза

Ў ванне, зробленай з жалеза.

Тут яго частуюць ежай

Самай смачнай, самай свежай.

А наўкол гудзе народ:

– Колькі ўлезе ў гэткі рот?

І зусім няўцям нікому,

Што сумуе бегемот:

– Дзе блакіт, што цешыў вока?

Дзе ўзбярэжак у трысці?

Ах, як Афрыка далёка –

Не даплыць, не дабрысці!

А сярод дрымотных вод

Вось ужо каторы год

Слёзы горкія па ўнуку

Лье старэнькі бегемот:

– Ах нашто ты, мой гарэза,

Ўсё рабіў наадварот?!

 

Вось джунглі – зараснік густы

 

Вось джунглі – зараснік густы,

Цямнюткі свет, заспаны.

Шыракалістых дрэў камлі

Аблыталі ліяны.

 

Там трэба сіла, каб прайсці,

Каб праз гушчар пралезці.

Там шмат сланоў, і тым сланам

Ёсць, дзе паспаць, што з’есці.

 

Там – воля малпам! Між галін

Гуляюць без прынукі.

А ўнізе, у густой траве,

Блішчастыя гадзюкі.

 

 

Какаду

 

У Сымонкавай кватэры

Папугай жыве –

З белым брушкам, жоўта-шэры

Чуб на галаве.

 

Ловіць дзюбкаю спрасонку

Сонечны прамень.

І вітае ён Сымонку:

– Доб-ры дзень!

 

Даспадобы сыр і каша,

І арэшкам рад.

А калі наесца, кажа:

– Дзякуй, бр-рат!

 

Нагуляўшыся, Сымонка

Вернецца з двара –

Папугай напомніць звонка:

– Спаць па-ра!

 

Разумее ўсё, здаецца,

Ловіць на ляту.

А спытаеш, як завецца:

– Ка-ка-ду!

 

 

Жывы куток

 

Хто імчыцца на каток,

Хто – глядзець мультфільм вясёлы,

Ну, а я – ў жывы куток,

Ён у школе нашай сёмай.

 

У кутку не першы год

І звяркі жывуць, і птушкі.

Тут вавёрка і янот,

Зайчанё – даўгія вушкі.

 

Вожык, круглы, як клубок,

Суслік, тоўсты і рахманы,

Пара рэдкіх галубоў,

Нат арол з крылом зламаным.

 

Вуж балотны і шпачок,

І мангуст – жыхар трапічны,

І куртаты хамячок

З белай пыскай сімпатычнай.

 

Я гасцінцы ўсім прынёс:

На арэхі суслік ласы,

Галубы дзяўбуць авёс,

Рве арол сырое мяса.

 

Крышыць сушку какаду,

Зайчанё хрумсціць капустай,

Ды нічога не знайду

Я ў кішэні для мангуста.

 

А мангуст чакае ўжо

І за сеткаю не ўседзіць...

Паабедаў бы вужом,

Ды яны – сябры-суседзі.

 

П О Б А Ч   З   Н А М І   Н А   З Я М Л І

 

 

Сшытак сёмы

                                                                                

 

СТАРЫ МЯДЗВЕДЗЬ НА КАЛОДЗЕ

 

 

(Жывёлы, як людзі)

 

 

 

 

 

СТАРЫ МЯДЗВЕДЗЬ НА КАЛОДЗЕ

 

(Жывёлы працуюць, гуляюць у гульні, забаўляюцца)

…………………………………..

 

Верабей устаў да сонца,

Пацілікаў ля ваконца

І паехаў працаваць –

Поле роўнае араць.

Да абеда абараў,

Мякка забаранаваў,

Адпачыў каля ракіты

І засеяў поле жытам.

 


 

Стары мядзведзь на калодзе

 

Стары мядзведзь на калодзе

Боты падшывае,

А лісічка-невялічка

Хату прыбірае,

А каток пячэ аладкі,

Масла падлівае,

Мышанятка жвава, гладка

Катку памагае,

А варона-сцеражона

На скрыпачцы грае,

А ваўчонак-скрыпачонак

Пяе-падпявае,

А сарока-белабока

Госцейкаў склікае.

 

Села котка на парожку

 

Села котка на парожку,

Вяжа коціку панчошку,

А пасля пашые тапкі,

Каб кату не мерзлі лапкі.

 

Вавёрчына майстэрня

 

На палянцы, на лясной

Ёсць майстэрня пад сасной,

Там вавёрка-працаўніца

Спрытна вяжа рукавіцы,

Цёплыя, зімовыя,

Рознакаляровыя.

 

На ўвесь бор, на ўвесь бор

 

На ўвесь бор, на ўвесь бор

Гучна грукае тапор.

Гэта Мішка клышаногі

Чэша дошкі для падлогі.

Ставіць ложак, бо яму

Спаць і спаць усю зіму.

Ледзьве холад на парог,

Мішка шусь у свой бярлог.

Кладучыся, пазяхне,

Зарыпяць масніцы...

Хай яму ў мядзведжым сне

Толькі лета сніцца.

 

Клапатлівы бацька-слон

 

Клапатлівы бацька-слон

Для сябе зрабіў услон,

А для сына-сланяняткі

Збіў услончык-усланятка.

Паглядзі на ўслон і ўслончык,

Ну, нібыта слон і слончык.

 

 

 

 

Муха-папрадуха

 

Жыла муха-маладуха,

Была муха папрадухай.

Дзень і ночку працавала,

Нітак тоненькіх напрала.

І спявала, і круціла,

Аж гудзела матавіла.

Пасля села і сказала:

– Ой, як многа я напрала!

Я пастаўлю новыя

Кросенкі кляновыя,

Ручнікоў натку,

Панясу на раку,

У ваду памачу.

Пранікам адкалачу,

Пасцялю на сенажаць,

Хай на сонцы паляжаць,

Пабялеюць ручнікі

На травіцы ля ракі.

 

 

Сарочы дамок

 

Скача, пырхае сарока

Каля гаю недалёка.

Узляцела на калок

Нахілілася на бок:

– Дзе сякера? Дзе піла?

Іх хіба я не ўзяла?

Пабудую я дамок,

Высачэзны да аблок:

Дзесяць светлых акон

І вялікі балкон,

Зраблю лесвіцы,

Праб’ю весніцы.

Агароджу-частакол

Я пастаўлю навакол.

А на прыпеку

Пірог выпеку.

Масла ў кашу намяшу

І дзяцей запрашу.

І пастаўлю сто калодак,

А на кожнай – з кашай сподак.

Буду кашу раздаваць,

Буду дзетак частаваць.

Ежце, дзетачкі,

Мае кветачкі!

Дам па лыжцы тварагу,

Па кавалку пірагу.

Пойдзе слава кругом

Пра гасціну і дом!

Так стракоча сарока,

А ўжо ноч недалёка.

Самахвалка скок і скок...

– Дзе ж твой дом да аблок?

 

 

 

Ваўчыха-краўчыха

 

Вые шэрая ваўчыха:

– Я выдатная краўчыха!

Абарванчыкам-баранчыкам

Шыю курткі і жупанчыкі.

Авечкам кудлаценькім –

Фартушкі й халацікі.

Ягняткам малюсенькім –

І кашулькі, і трусікі.

Для цялят і жарэбчыкаў –

Накідкі ды чэпчыкі.

Мае зубы вельмі вострыя –

Швы раблю я імі простыя.

 

 

Воўк вяроўку віў

 

Воўк вяроўку віў,

Воўк ад крыўды выў:

– Эх, была б вяроўка –

Не ўцякла б кароўка!

 

 

Індык-шавец

 

– Я шавец, – сказаў індык. –

Шыць абутак прывык.

Глю-глю-глю, глю-глю-глю!

Добрай дратвы нараблю

І пашыю чаравікі

Гусяняткам невялікім,

Гусаку старому,

Каб хадзіў ля дому,

Адмайструю тапкі

На крывыя лапкі.

Закрычалі гусяняткі:

– Мы не можам выйсці з хаткі,

Мы даўно чакаем, просім:

Шый хутчэй, прыйшла ўжо восень!

 

Сарочына цырульня

 

У ляску каля крыніцы

Зноўку ляскаюць нажніцы.

Тут цырульня недалёка,

А цырульніца – сарока.

Просіць ліска ганарліўку:

– Хоць разок зрабі завіўку!

Прыбягае сюды вожык:

– Пастрыжы мяне “пад вожык”!

Мне папраў ты, – кажа ласка, –

Чубчык рыжы, калі ласка.

Вунь бабёр сеў пад бярозкай –

Бобрыкам яго прычоска.

А мядзведзь, увесь калматы,

Наступіў казлу на пяты.

І барсук тут даўгапысы.

А чаго ён? Ён жа лысы!

Тут куніцы, тут яноты, –

У сарокі шмат работы!

Скача хлопчык-кенгуру

 

Скача хлопчык-кенгуру.

Скок – убок, пасля – ўгару.

Цэлы дзень вось так мінае.

Скача, маме замінае.

Трэба хату ёй падмесці,

Згатаваць усім пад’есці.

Неслух гойсае па хаце –

Зазлавала ўрэшце маці,

Надавала у каршэнь,

Пасадзіла у кішэнь.

 

Прыснілка

 

Я прысніла кракадзілаў –

Кракадзілы елі мыла,

Мыла елі, запівалі,

З роту бурбалкі пускалі.

 

Я прысніла чарапаху –

Яна лезла мне пад паху,

Мне пад пахай казытала,

А я моцна рагатала.

 

Я прысніла папугая,

Папугая-гарладрая.

Ён таксама рагатаў,

І за мною паўтараў:

 

Я прысніла кракадзілаў...

 

Зай вусаты

 

Зай вусаты – добры тата –

Робіць лыжы зайчанятам.

Не дагоніш, цюцька рыжы, –

Зайчаняты ўсе на лыжах!

 

Зайкі ціснуць на педалі

 

Сцежка-круг вакол сасонак –

Месца добрае для гонак.

Зайкі ціснуць на педалі –

Толькі спіны замільгалі.

 

Просіць зайчык-русачок

 

Просіць зайчык-русачок:

– Мама, вытчы ручнічок!

Вытчы не абы-які,

Вытчы, каб былі грыбкі

І арэхаў горачка –

Любіць іх вавёрачка.

А яна ў садку між нас

Імянінніца якраз.

Падару ёй ручнічок,

Хай павесіць на сучок!

– Добра! – мовіла зайчыха

І за кросны села ціха.

Рады зайчык-русачок –

Тчэцца, тчэцца ручнічок.

 

Ехаў кот у лес па дровы

 

Белахвосты, чарнабровы,

Ехаў кот у лес па дровы,

Не прывёз кот ні паленца,

Бо забыў сякеру ў сенцах.

 

Пайшоў коўзацца каток

 

Пайшоў коўзацца каток

На рачулку, на лядок.

Як імчаўся, на хаду

Праваліўся у ваду.

Замачыў ён чаравічкі,

І касцюм, і рукавічкі.

Нетрывалы быў лядок,

Неслухмяны быў каток.

А яму ж казала маці,

Каб лавіў мышэй у хаце,

Каб маленькіх калыхаў,

І на печы цёплай спаў.

 

Запаліўся котчын дом

 

Бім-бом! Бім-бом!

Запаліўся котчын дом.

Бяжыць курка з вядром

Ратаваць котчын дом.

Певень з гакам спяшыць

Дом крышыць і тушыць.

Котку страх абхапіў.

Вочы дым заляпіў.

Котка стала мяўкаць,

Цюцькі сталі гаўкаць.

 

А у печы жар, жар

 

А у печы жар, жар,

На прыпечку дзіва:

Наварыў верабей

Пшанічнага піва.

 

Для гасцей дарагіх

Мурашку зарэзаў,

Кубел сала насаліў,

Шост каўбас навесіў.

 

Чалом, чалом, верабей,

Лятуць, лятуць госці,

Ідзі хутчэй сустракаць

Важных ягамосцяў.

 

Ляціць доўгі журавель,

За ім чапля і хрушчэль.

І сама чачотка –

Яна яму цётка.

 

Сіняя сінічка –

Родная сястрычка.

Прыляцелі совы,

Селі па застоллі.

 

Прыляцелі каўкі,

Паселі на лаўкі.

А варона хлябок кроіць

Муха міскі строіць.

 

Камар піва носіць,

Піці, есці просіць.

На гасціне ў вераб’я

Весяліліся да дня.

 

Елі кашу са швядамі,

Елі верашчаку.

Як пад’елі, напіліся,

Ўсе сказалі: “Дзякуй!”

 

 

Запражыце сівых коней

 

Запражыце сівых коней

У вазок шырокі:

Хоча ехаць верабейка

У госці да сарокі.

Як прыехаў верабейка

Ды шпорамі ляснуў,

Выскачыла сарочанька:

– Прашу, калі ласка!

Прашу, прашу, верабейка,

Мяне не цурацца, –

І за стол саджае госця,

Просіць частавацца.

Прыйшоў мядзведзь дзіва глядзець

Ды стаў выскаляцца.

Тут наш верабейка

Не змог утрымацца.

Як задаў мядзведзю дыхту,

Каб не забываўся

І над смелым верабейкам

Больш не насміхаўся.

 

 

 

 

ПРАКАЛОЎ КАМАРЫК НОЖКУ

 

(Жывёлы хварэюць, лечацца)

…………………………………………

 

Пракалоў камарык ножку

Аб паломаную дошку.

Нясе маці сына ў хату,

Дастае бінты і вату.

– Куды ж цябе ліха несла?

Ну, сядай, сынок, у крэсла!

Будзем ножку бінтаваць,

Рану ёдам заліваць.

 


 

 

Зайчык вушы прастудзіў

 

Зайчык вушы прастудзіў,

Закладае вату.

Каля лесу заблудзіў,

Ледзь прыплёўся ў хату.

 

Рукавічкі пагубляў

І прыбег без шапкі,

Снежкі часта ён шпурляў,

Адубелі лапкі.

 

Ён казаў, што лёд крышыў,

Прамачыў валёнкі,

Клаў у роцік ледзяшы,

Піў ваду з палонкі.

 

Варыць лекі мядзведзь

 

Сталі дзеці хварэць,

Варыць лекі мядзведзь:

Аднаму – сунічнік,

Другому – чарнічнік,

Трэцяму – чабарок,

І для кожнага – мядок.

Бегаюць медзведзяняты:

“Ты выдатны доктар, тата!”

 

 

Зубны доктар крыжадзюб

 

Зубны доктар крыжадзюб

У мядзведзя вырваў зуб.

Хваляваўся той дарма –

Мац, а зуба ўжо няма.

Доктар скача насупроць:

– Як балецьме, зноў прыходзь!

І сядзіць мядзведзь ля дуба,

Дужа хваліць крыжадзюба:

– Рвалі дзік, ліса, алень –

Не звалодалі за дзень,

А маленькі крыжадзюб

За секунду вырваў зуб!

 

 

Кажа божая кароўка

 

Кажа божая кароўка:

– Вой, баліць мая галоўка!

Трэба, мабыць, палячыцца,

Ды далёка да бальніцы.

Не змагу дайсці сама,

А радні ў мяне няма.

Гэта жук-сусед пачуў:

– Памагчы табе хачу,

У бальніцу к дактарам

Занясу цябе я сам.

 

Курка-квактуха

 

Курка-квактуха

Вадзіла дзяцей

Каля кляцей:

Квох-квох...

Дзеці зярнят

З’елі зашмат:

Квох-квох!

Жоўценькі пеўнік

Зляжа, напэўна:

Квох-квох!

Грэлку на брушка

Нясе квактушка:

Ох-квох...

 

Захварэў пявун, ахрып

 

Захварэў пявун, ахрып,

Пэўна ў пеўня страшны грып.

Маці, курыцы-квактухі,

Не хацеў, крыклівы, слухаць.

Ён хадзіў па садзе босы,

Абтрасаў на траўцы росы.

Пасля гýляў, прапацеўшы,

Ён крычаў, на плоце сеўшы.

Па халодных лазіў лужах,

Вось таму і занядужаў.

Мо ангіна, можа грып?

Захварэў пявун, ахрып.

 

Скочыў певень у аптэку

 

Скочыў певень у аптэку:

– Вой, ратуйце, ку-ка-рэ-ку!

У квактухі Рабкі

Адняліся лапкі!

Не злазіць Рабка з седала,

Уранку не паснедала,

Апоўдні не абедала!

Патрэбна мне мікстурка,

Каб зноў хадзіла курка!

 

Сказаў індык-аптэкар:

– Які ты недарэка!

Бяжы хутчэй дахаты

Праз купіны й пянёчкі,

Бо прападуць без таты

Піскляты-кураняты –

Твае сыны і дочкі!

Бяжы на ўсе лапаткі,

Бо плачуць немаўляткі:

Вакол іх котка ходзіць,

Вачэй з малых не зводзіць.

 

Захварэў вусаты кот

 

Захварэў вусаты кот –

У яго баліць жывот.

Раіць пеўнік: – Кукарэку!

Не ляжы, схадзі ў аптэку!

 

Чы-чы-чы, верабей

 

– Чы-чы-чы, верабей,

Не клюй маіх канапель,

Бо я табе, вераб’ю,

Кіем ножку пераб’ю!

Верабейка палятаў,

Канапелек не чапаў.

Пачаў лавіць мошачку,

Звіхнуў сабе ножачку.

Я на тую ножку

Пашыю панчошку,

Я на тое цельца

Вытку палаценца.

 

Верабей, не дурэй

 

– Чы-чы-чы, верабей,

Не скачы, не дурэй!

Не паслухаў ён мяне,

Стаў скакаць на бервяне.

Хацеў злавіць мошку,

Зламаў сабе ножку.

Я каленца вераб’ю

Палаценцам пераўю.

На хворую ножку

Пашыю панчошку.

Чы-чы-чы, верабей,

Не скачы, не дурэй.

 

 

Застудзіўся вожык

 

Застудзіўся вожык,

Прадыхнуць не можа,

Кажа дзяцел: – Выпі

Ты адвару ліпы!

 

 

Грып скруціў сіваваронку

 

Грып скруціў сіваваронку,

Не сакоча ў лесе звонка.

– Праганяе грып часнок.

Вось табе адзін зубок!

 

 

Пры даліне ў гушчары

 

Пры даліне ў гушчары

Калыхаліся камары.

Дуб да дуба пахіліўся,

Камар з дуба зваліўся.

Пабіў камар патыліцу

Аб дубовую карыцу.

Ой, пабіў камар бакі

Аб дубовыя сукі.

Ды пабіў камар калені

Аб дубовае карэнне.

Высыпаліся ўсе зубы

Ды з камарыкавай губы.

Ляціць муха ратаваць,

Вадой зімнай адліваць.

– Камарочку, родны браце,

Як жа цябе ратаваці?

– Пасылайце да аптэкі.

Прынясеце добры лекі,

У бальніцу завязіце,

І мяне там палажыце.

Там добрыя дактары,

Вымуць душу да пары.

– Камарочку, добры браце,

Дзе ж мне цябе пахаваці?

– Не хавайце пры даліне,

Бо вырыюць мяне свінні.

Не хавайце ля дарогі,

Бо дратаваць будуць ногі.

Пахавайце ў цёмным лесе

Пры зялёненькім арэсе.

Будуць арэхі шчыпаць,

Камарочка ўспамінаць.

 

Плача, жаліцца янот

 

Плача, жаліцца янот:

– У мяне баліць жывот!

 Восем рыбак цалкам з’еў,

Чысціць іх не захацеў,

Костачкаю падавіўся,

З лужыны вады напіўся

Бруднай, цёплай і гнілой.

Ой, баліць як! Ой-ой-ой!

Гаварыць я сіл не маю,

Я, напэўна, паміраю.

 

– Піць-піць-піць! – звініць сініца. –

Трэба даць яму вадзіцы.

 

– Не вадзіцы, а рыцыны, –

Ўсе пачулі піск мышыны.

 

Вожык добры чмыша носам,

І яноту кажа: – Досыць

Плакаць-вохкаць на ўвесь лес!

Падрыхтуем мы кампрэс,

На жывот табе павяжам,

Ну, а горла ёдам змажам.

 

А янот баіцца, хныча,

Маму ён, нябога, кліча,

Не дае сябе лячыць,

Як апараны, крычыць:

– Не жадаю я кампрэсу!

Уцяку ад вас я з лесу!

Не магу рыцыны піць –

У мяне жывот баліць.

Ай-ай-ай! Ой-ой-ой!

Што вы робіце са мной!

 

– Ты не войкай і не айкай, –

Адказаў яноту зайка, –

Ты забыў усе парады,

Вось цяпер і сам не рады.

Цалкам рыбу не глытай,

Добра косці выбірай

І, каб зноў не мець бяды,

Бруднай больш не пі вады.

 

– А каб вылечыць жывот,

Пі рыцыну, – вучыць крот.

 

З той пары мінуўся год.

Весела жыве янот,

Прагна рыбу не глытае,

Добра косці выбірае

І, каб зноў не мець бяды,

Бруднай больш не п’е вады.

 

 

Захварэла ласяня

 

Захварэла ласяня.

З лесу збеглася радня:

Тата, мама, бабка, дзед.

Брат, сястрычка і сусед.

Плача, енчыць ласяня:

– Мне не вытрымаць да дня:

Коле, торгае, скубе

За вушамі і на лбе,

З боку ў бок мяне вядзе,

Галава, як звон гудзе,

Жар абсыпаў галаву...

Не, да дня не дажыву.

 

Плача мама, плача татка,

Што загіне ласянятка.

Плачуць брат, сястра, сусед,

Але ўсіх суцешыў дзед:

– Пацярпі, дзіцятка, трошкі –

Бо прарэзваюцца рожкі.

 

 

Доктар Ёдка лечыць блох

 

Зь дзесяці да чатырох

Доктар Ёдка лечыць блох.

Доктар Ёдка лечыць дарам,

Мажа спінкі шкіпінарам.

 

 

МАМА МЫШ КУПІЛА КНІЖКУ

 

(Жывёлы вучацца)

…………………………..

 

Кукарэка-певунок,

Залаценькі чубок,

Пад паветку пайшоў,

Курку-рабку знайшоў.

Пачаў курку пытаць,

Ці умее чытаць.

– Не чытаю, не пішу,

Толькі яйкі нясу.

Штодня дзеткам нашу

Аж па цэламу кашу.

 

 

Злезла з печы котка Мурка

 

Злезла з печы котка Мурка,

Пахадзіла ля падмурка,

Прыкмеціла кніжку,

Паклікала мышку:

– Досыць, мышка, гуляць,

Будзем кніжку чытаць!

 

Мама Мыш купіла кніжку

 

Мама Мыш купіла кніжку

Для сваёй дачушкі Мышкі:

– Час табе ужо за парту,

На, грызі навуку ўпарта.

Мама Мыш прыйшла з работы:

– Без мяне рабіла што ты?

Адказала маме Мышка:

– Натамілася я з кніжкай,

Гэтакую мела муку,

Але згрызла ўсю навуку!

 

Кажа качка

 

Кажа качка: – Кра-кра-кра!

Не купіла буквара.

А таму так бесталкова

Паўтараю адно слова:

– Кра-кра-кра! Кра-кра-кра!

Павучыцца мне пара!

Пад восень рупная чубатка

 

Пад восень рупная чубатка

Буквар купіла кураняткам.

Чытаць іх вучыць па складах:

– Куд-ку-дах! Куд-ку-дах!

 

Шэршневы вершы

 

Пахваліўся кветцы шэршань:

– Я шкладаць наўчыўша вершы!

Гэта мне зусім няцяжка.

Што – не верыш? Калі лашка!

Я ляшу, ляшу, ляшу,

Шаду там, дзе захашу!

 

Не вылазь з дупла, удод

 

З галавы да плеч руды,

Сам стракаты і сівы.

Гэткай доўгае дуды

Не бачылі зроду вы.

Прычасаў свой чубок

І бярэцца за ўрок.

Сеў над кнігай: ду-ду-ду,

Скора ў школу я пайду.

Не вылазь з дупла, удод,

Не смяшы лясны народ.

Ты да школы не дарос,

Хоць і маеш доўгі нос.

 

Юрок на ўроку

 

У птушынай школе ўрок,

Каля дошкі дзяцел,

А маленечкі юрок

Круціцца на парце.

То падскоча, то прысвісьне,

То крыло жаўне прыцісне,

Дзюбкай колецца, дзівак,

Штурхане саву-суседку...

Дзяцел кажа: –  Калі так,

Пасаджу цябе я ў клетку!

Напалохаўся юрок,

Ціха слухае урок.

 

 

Чырок чакаў у чаратах

 

Чырок чакаў у чаратах

Чыр-чыранят чародку.

Чаротнік чарацяны дах

Трымаў над ім, як шчотку.

 

Чыранка села ў чараты:

– Чаму не бачу чарады?

 

На чысты плёс кіўнуў чырок:

– У качанят нырання ўрок!

 

 

 

Цямнота

 

На буслянку з самай раніцы

Вераб’і з-пад стрэх злятаюцца.

Бусел дзюбаю памахвае,

Выкладае геаграфію.

Пры манішцы, ў фраку чорным, –

Дужа бусел той вучоны,

Бо з усёй сваёй фаміліяй

Зімаваў на сінім Ніле ён,

Паўзямлі, відаць, аблётаў –

І расказвае з ахвотай.

Потым дзюбкаю паважна,

Як указкаю, пакажа:

– Вунь туды, на поўдзень, мы

Уцякалі ад зімы...

Верабей тут як падскоча,

Языком як залапоча:

– Уцякалі? Уцякалі?

Хлеба лёгкага шукалі?

Школа нам не трэба гэта –

Нам не лётаць за паўсвета.

Дык нашто лысець, старацца?

З пачатковай адукацыяй

Пад застрэшкам пражывём –

І пап’ём, і падзяўбём...

Апусцела мігам школа,

Глянуў бусел невясёла,

Уздыхнуў: – Эх вы, цямнота,

А што з вамі будзе потым?

 

 

Газелі

 

Дарослыя газелі

З вільготнымі вачыма

На лузе скублі зелень.

А юныя газелі

Батаніку вучылі

З настаўніцаю ланню

На сонечнай паляне.

Маленькія ж газелі

Круглявымі вачыма

З цікавасцю сачылі,

Як мамы іх, газелі,

Траву і лісце елі,

А сёстры іх, газелі,

Батаніку вучылі.

 

 

Зубраня зубрыла

 

Зубраня зубрыла. Зубар

На траве ляжаў пад дубам.

Хвалявалася зубрыца:

– Зубрык можа зазубрыцца!

З лесу ж чуўся рык зубрыны:

– Мы зубры, а не зубрылы!

 

 

Кніга Белавежы

 

Паміж дрэў – дыван куп’я,

Тут зубрыная сям’я.

Бацька зубар лёг на мох,

Аб пянёк пачухаў рог:

– Што ж, у добры, сынку, час,

Рушыць трэба ў першы клас!

Бавіць час табе даволі,

Вучаць у Пушчанскай школе:

Хто твой сябар, хто чужы.

Як сумленна трэба жыць...

А падручнік самы лепшы –

Гэта кніга Белавежы!

 

 

 

 

 

 

 

 

Змест

 

Сшытак першы. ЗНАЙ, ЯК З ІМІ СЯБРАВАЦЬ

(Свойскія жывёлы і птушкі)

 

Пра ката і котку (кот, котка, “спяваць ката”)     

Шэранькі каток. А. Жаўрук, А. Ушакоў             7

Пайшоў кот у дулі. З народнага                        8

Ходзіць коцік па палёх. З народнага                 8

Сядзіць коцік на кухні. З народнага                  8

Не хадзі, коцік, па лаўцы. З народнага              9

Хто зялёнымі вачамі. З народнага                     9

Коцік басаногі. І. Муравейка                             10

         Хлопчык любіць коціка. Я. Журба                    10

А наш коцік – лаўчачок. Невядомы аўтар        11

         Ходзіць хітры кот-варкот. В. Гардзей                12

У Савосева суседа. Я. Колас                              12

         Пра ката і котку. Л. Геніюш                                13

         Дзе ты, коцік? У. Мацвеенка                              14    

         Лежабока рыжы кот. Л. Шырын                        15

         Брудным быць не хоча коцік. В. Гардзей          15

         Белыя калготкі. С. Шушкевіч                              15

         Дапамагае бабцы нашай. І. Муравейка              16               Фарфор. Р. Барадулін                                               16

         Села Мурка на падмурку. М. Чарняўскі            16

         Каток, мой сябра валахаты. А. Мінкін                17

         Да коткі у адведкі. А. Мінкін                              17

         Колькі ў коткі кіпцяў-драпкаў? С. Шушкевіч    17

 

Жучка дрэмле каля ганку (сабака)

Выбег Тузік з будкі. Г. Іванова                          19

У яго пушасты хвосцік. Н. Гілевіч                      20

         Юлька й Люцік. З. Бядуля                                  20

Жучка , лепшы мой сябрук. І. Сідарук              21    

У дзяўчынкі сёння сьвята. В. Шніп                    21

Вельмі я хачу сабачку. Н. Адзінокіна                 22    

Бонка. Д. Бічэль-Загнетава                                22

         Жучка дрэмле каля ганку. І. Юкляеўскі             22

         Аб’ява. А. Кобец-Філімонава                             23

         Рыжык і кніжкі. А. Пісмянкоў                            23

Мая ўлюбёная аўчарка. І. Мураўёў                     23

Сябрык аблавухі. А. Мінкін                                24

Сабака я дваровы. В. Швед                                24

 

Знай, як з імі сябраваць (свойскія жывёлы)

Я пасу авечкі. А. Дзеружынскі                           26               Ідзе каза рагатая. З народнага                     27

         Козачка-свавольніца. С. Шушкевіч                    27

         Не хадзі, каза, на грады. Н. Галіноўская            27

         Я вяду на луг казу. К. Жук                                 28

         Козлік бег бязрогі. І. Муравейка                        28

         Барада ў казла старога. В. Гардзей                    28

         Мой баран, баранок. А. Дзеружынскі                29

         Ягнятка. С. Шушкевіч                                        29

         Ой бычок мой, бысенька. З народнага              29

         Гэй, бычок-трацячок. Г. Шмань                        30

         Бык бадлівы. А. Дзеружынскі                            30

         Хай пабегае цялё. У. Карызна                           30

Цёмная бяз вокан. М. Маляўка                           31

         Я кармлю сваю цялушку. А. Дзеружынскі         31

         Му-у спытала ў Іго-го. І. Бурсаў                        32

Свінка бруднабокая. С. Шушкевіч                     32

         Парсючок пад’еў. С. Шушкевіч                          32

         Вось які ў нас парсючок. А. Дзеружынскі         33

         Жарабятка скок ды скок М. Рудзішкін               34

         Скачуць, скачуць жарабяткі. А. Лойка              34

         У мяне аж два кані. Д. Бічэль-Загнетава           34

         Людзі коней падкавалі. В. Гардзей                    35

         Сівы конік. А. Лойка                                          35

         Быццам з казкі тыя коні. В. Рабкевіч                 36

         Трусяняткі – глянуць люба. І. Муравейка          36

         Эх, якія трусікі. М. Калачынскі                          37

Пайшлі каровачкі. З народнага                         37

Знай, як з імі сябраваць. С. Шушкевіч                38

 

Курачка сакоча (свойскія птушкі)

Курачка сакоча. А. Дзеружынскі                       39    

Прыляцелі куры. З народнага                            40

         Яйка знесла я з кулак! І. Шуцько                       40

         Куркі, куркі. А. Вольскі                                      41

         Ходзяць кураняты. В. Шніп                               41

         Курачка квактала. Л. Геніюш                             42

         На падворку певень ходзіць. Я. Колас               42

         Толькі пеўніку не спіцца. У. Місцюк                  42

         Кліча пеўня ў лес ліса. Н. Галіноўская               43

         Выйшла курачка на снег. Л. Геніюш                  43

         Бегаў певень па марозе. Л. Геніюш                    43

На плот высока певень узляцеў. В. Гардзей      44

         Пявун-забіяка. Г. Пашкоў                                  44

У мяне з’явіўся вораг. А. Пісмянкоў                  44

         Забіяка беленькі гусачок С. Шушкевіч               45

         Просіць Верачка гусей. Я. Крупенька                45

         Гыля, гыля, гусачкі. С. Шушкевіч                      46

         Я пашыла гусцы тапкі. А. Дзеружынскі             46

         Ў гусака чырвоны нос. В. Шымук                      46

         Гусі гоняцца за мною. У. Мацвеенка                 47

Што за дзіва качаняткі. М. Чарняўскі                47

         Ежце, ежце, качаняты. І. Муравейка                  47

         Шукалі качаня. Р. Барадулін                              48

         Крэкча качка раніцою. Г. Шмань                      48

         Індык-хвалько. К. Кірэенка                                49

         Пляж курыны на грудочку. В. Гардзей              49

         Хто як мыецца. В. Зуёнак                                   49

 

 

Сшытак другі. ВУНЬ ПРАЗ ЛЕС ІДУЦЬ ДЗІКІ

(Дзікія жывёлы)

 

Зайка, дзе, скажы, твой дом? (заяц)

Спрытны зайка-шарачок. Г. Шмань                  52    

Зайка і бабка. Л. Геніюш                                     53

         Бегаў зайчык па сумётах. В. Зуёнак                    53

Белячок малы хваліўся. Д. Бічэль-Загнетава    54

Зайка маленькі. З народнага                              54

         Плача зайчык даўгавухі. С. Грахоўскі               55

Зайка, дзе скажы, твой дом. Я. Крупенька         55

         Зайкава хатка. Д. Бічэль-Загнетава                   56

         З хаткі выбег зай вучоны. В. Гардзей                56

Заяц-небарака. А. Пісмянкоў                              57

         Заяц варыць піва. У. Караткевіч                       57

         Зайчыкі выбеглі з лесу на бераг. У. Дубоўка     58

         Пад асінай зайкі след. І. Юкляеўскі                   59

         Пад сасною зайка спаў. В. Іпатава                    59

 

Скок вавёрка на дубок (вавёрка)

У дупле жыве вавёрка. С. Шушкевіч                  60    

Вавёрка-працаўніца. Я. Крупенька                    61              Вавёрчына каморка. Л. Шырын                    61

         Вось звярок маленькі, чысты. У. Дубоўка          61    

         Не спалохае мароз. Н . Галіноўская                   62

         А я жвавая вавёрка. А. Дзеружынскі                  62

         Скок вавёрка на дубок. Л. Глушко                     63

         Вавёрка й дзераза. Ю. Сьвірка                           63

Вось дык акрабатка. П. Прануза                        64

         Вельмі ж любяць мяне дзеці. М. Скрыпка         64

         Па сасонцы скок ды скок. Н. Галіноўская          65

 

 

Беглі вожыкі сямейкай (вожык)

Вожык, ты чаму калючы. С. Шушкевіч             66    

Ну і дзіўны гэты вожык. П. Марціновіч             67

         Вожык-паляўнічы. М. Хведаровіч                      67

         Бяжыць вожык – тупу-туп. У. Луцэвіч               67

         Шпількі й шыльцы. Д. Бічэль-Загнетава           68

         Пад хвойкамі, пад смолкімі. Н. Гілевіч              68

         Цягне вожык. П. Сушко                                     68

         Вожык, дзе твая хаціна? Н. Гілевіч                     69

Вожык раніцай прачнуўся. А. Дзеружынскі      69

         Беглі вожыкі сямейкай. В. Гардзей                    69

         Вожык-грыб. Х. Жычка                                      70

         Беглі яблыкі па садзе. Т. Кляшторная               70

         Выйшлі з хаты важаняты. І. Вярбіцкі                71

         Хітранькі звярок. А. Жаўрук, А. Ушакоў            71

         Жывы клубочак. С. Бестава                              72

         Вожык і каток. У. Місун                                     72

         Вожык мае доўгі нос. М. Салаўцоў                    73

         Вожык, вожык, дзівачок. А. Вольскі                  73

 

Мыецца ў рацэ бабёр (бабёр)

Гэты слаўны будаўнік. В. Гардзей                     75

Каля старыцы ў бары. С. Бестава                     76

Жыць бабру ў вадзе найлепей. Ю. Свірка         76

Бабры – спакойныя звяры. А. Якімовіч              76

Бабры грэблю збудавалі. У. Мацвеенка             77

Лесаруб і плытагон. Ю. Свірка                          77

         Я з маленства дрывасек. У. Мацвеенка              77

Між азёр пратока. П. Сушко                              78

У хаціне бабровай. І. Муравейка                       78

Мыецца ў рацэ бабёр. Н. Галіноўская                79

Не бубні, не плач, бабёр. С. Шушкевіч               79

Дабёр-бабёр. В. Вітка                                        80

Бабровая вёска. Г. Пашкоў                                 80

 

Вунь праз лес ідуць дзікі (буйныя дзікія жывёлы)

Ліска курачак лічыла. П. Сушко                        81

Запрашала ліска курку. С. Шушкевіч                 82

Ля нары сядзіць лісіца. С. Бестава                    82

         А лісіца-ліска. І. Бурсаў                                     83

У мядзведзевым бярлогу. С. Шушкевіч             83

         Дзед Мядзведзь стаміўся троху. Д. Б.-Загнетава 83

         Мядзведзь і пчолы. В. Коўтун                           84

         Воўк схаваўся ў хвошч. В. Вітка                       84

         Воўк-лайдак. І. Бурсаў                                       84

         Па лесе воўк бадзяецца. Я. Пархута                 85

Голад ганяе ваўка без упынку. Я. Піркуліеў       85

         Ваўчыца ў звярынцы. Я. Сіпакоў                       85               Рысь. М. Скобла                                                 86

Вунь праз лес ідуць дзікі. Р. Тармола                87

         Паласатыя бачкі. А. Дзеружынскі                      87

         Дзік жыве у гушчары. С. Шушкевіч                   88

         Ходзіць лось рагаты. П. Глебка                         88

Лось бязрогі выбег з гаю. В. Гардзей                 88

         Ласіны стажок. Ю. Свірка                                  89

         Зубры. Д. Бічэль-Загнетава                               89

Белавежаю крочаць зубры. Л. Геніюш               90

Зубар і заяц. С. Грахоўскі                                   90

Барсучок-працаўнічок. П. Сушко                       91

         Пакаціўся барсучок. М. Хведаровіч                   92

         З норкі вылез барсучок. І. Юкляеўскі                 92

         Не ў гуморы выдра. В. Зуёнак                            93

Нутрый добра футра грэе. В. Гардзей               93

Гэты тоўсценькі янот. В. Гардзей                      94

У хахулі – сынок. В. Коўтун                              94

         Тхорык. Х. Гурыновіч                                         95

         Вось алень бяжыць лугамі. У. Корбан               95    

         Скрозь сляды, сляды на снезе. І. Юкляеўскі       97

 

Мышка, мышка, дзе была? (дробныя жывёлы)

Палявая мышка ў норку. А. Дзеружынскі          98

Мышка-палёўка. І. Юкляеўскі                            99

         Мыш-санліўка ўзімку спіць. А. Дзеружынскі    99

         Ходзіць кот па хаце нішкам. У. Дубоўка            100

         Мышка, мышка, дзе была? З народнага            100

         Цягавіты хамячок. В. Коўтун                            101

         Мыш не мыш. Невядомы аўтар                        101

         Васька ў нас жыве – хамяк. Х. Гурыновіч          102  

Чорны крот баіцца сонца. С. Шушкевіч             102

         Ёсьць крату куды падзецца. С. Шушкевіч          102

         Да каго ж падобны крот? В. Гардзей                 103

         Баязліўка-чарапаха. П. Марціновіч                    104

         Небарака-чарапаха. П. Марціновіч                    104

         Па дарожцы жвава жабка. У. Луцэвіч                 105

         Цяжка жабцы жыць без хаты. С. Шушкевіч       105

         Жабіны канцэрты. В. Гардзей                            105

         Гадзюка й вожык. В. Гардзей                             106

Кажан. В. Гардзей                                               106

 

Кніга трэцяя. ПАЧНУЦЬ ПЕЦЬ – НЕ НАДЗІВІЦЦА

(Дзікія птушкі)

 

Верабейка клапатлівы (верабей)

         Верабейчык: ціў, ціў, ціў. З. Верас                     109

         Верабейчык, верабей. А. Лойка                         110

         Верабейка клапатлівы. А. Дзеружынскі             110

         Спрытны і маленькі. Н. Гілевіч                          111

         Пад страхою ён гняздзіцца. У. Мацвеенка         111

         Скача, скача верабей. Невядомы аўтар            112

Верабейка ты мой. Э. Грахавец                         112

Верабейка ўвесь дрыжыць. С. Шушкевіч           112

         Шэры верабей. А. Мінкін                                    113

         Пад страхою верабей. Г. Шмань                        113

         На дарозе, на марозе. М. Хведаровіч                  114

         Холад цісне ўсё мацней. Н. Гілевіч                    115

        

 

Ён не госць у Беларусі (бусел)

Рады бусел, клякоча. А. Дзеружынскі                116

Бусел даўганосы. У. Луцэвіч                              117

         У гняздзе клякоча клёка. С. Бестава                 117

         У чырвоных новых ботах. В. Гардзей                118

Бусел-клёка. А. Дзеружынскі                             118             Бусел, бусел-клекатун. З народнага                     119

Так дражнілі бусла мы. К. Цвірка                      119

Даўганогі землямер. В. Вітка                            119

Пераходзіць бусел брод. Р. Барадулін               120

Чарнеюць гнёзды буславыя. Я. Колас               120

Белы бусел на буслянцы. М. Мятліцкі              121

         Ён не госць у Беларусі. К. Жук                          121

Буслава шапка. А. Вольскі                                  122

Сцяпан і бацян. Г. Пашкоў                                123

Скачуць маладыя бусляняты. А. Дзеружынскі  124

 

 

 

Вырас кошык пад страхой (вясковыя й гарадскія птушкі)

Абжылі сабе гняздзечка. С. Панізнік                 126

Вырас кошык пад страхой. Н. Галіноўская        127

         Ластаўкі-будаўніцы. М. Хведаровіч                   127

         Ля стаўка ластаўка. Р. Барадулін                       127

         Ластаўка-ласкаўка. А. Дзеружынскі                  128

         Шатавіла-матавіла. А. Дзеружынскі                  128

         З носіка – шыльца. В. Вітка                              129

Я шпаку прыладзіў дом. Т. Кляшторная           129

Два вясёлыя шпакі. У. Луцэвіч                           130

         Шпакляваў шпакоўню шпак. Р. Барадулін        130

         Шпак увішны рана-рана. П. Сушко                    131

         Шпак, шпак-пераймала. А. Дзеружынскі           131

         Прасіў шпак вераб’я. В. Вітка                           131

Сеў на градку чорны шпак. С. Шушкевіч           132

         Шпачыны вырай. І. Юкляеўскі                           132

         Галубы жывуць пад дахам. Х. Гурыновіч           132

Бурклівы галубок. А. Мінкін                              133

Хмары рэжуць туркачы. А. Дзеружынскі           133

Стрыж стрыжэ над хатай неба. Е. Лось             134

 

 

Вісяць кармушкі каля хат (птушкі зімою і зімовыя птушкі)

Што вы, птушачкі, ясце? А. Дзеружынскі         135

Я ў сініцы запытала. Л. Шырын                        136

         Ля хаты – горы снегавыя. І. Муравейкa             136             Хто там дзёўбае ў вакно. В. Вітка                      136

         Прылятаюць птушкі. П. Сушко                          137

         Мы паставілі кармушкі. А. Дзеружынскі           137

         Сініца й сала. А. Дзеружынскі                           138

         Сыплецца мяккі, пушысты сняжок. А. Ставер  138

         Птушкі і Міхаська. Л. Геніюш                            138

         Вісяць кармушкі каля хат. Д. Сасеў                   139

         Нашы сябры. С. Шушкевіч                                 139

         Скачуць, скачуць снегіры. П. Прануза              140

         Снягір як макаў цвет цвіце. М. Хведаровіч        140

         Гіль. В. Вітка                                                     141

         Для чаго снягір каляровы. І. Муравейка            141

         Прыляцелі снегіры. М. Парахневіч                    141

         Спявае шчыгалок. М. Хведаровіч                      142

         Курапатка. Д. Бічэль-Загнетава                         142

         Крыжадзюб сваёю дзюбай. М. Скрыпка            143

         Гляньце вы на дзівачка. В. Вітка                      143

         Гэта амялушкі. А. Дзеружынскі                         144

         Прылятае амялушка. В. Вітка                           144

         Сойка-лесавод. В. Гардзей                                 145

 

Дзяцел – стук, дзяцел – грук (дзяцел, жаўна)

Без сякеры і без рук. Л. Шырын                        146             Быццам дзесяць малаткоў. Д. Сасеў                 147  

Дзяцел п’е салодкі сок. Ю. Свірка                     147

Дзяцел – стук, дзяцел – грук. А. Дзеружынскі   148

         Я на елку палячу. С. Грахоўскі                          148             Дзяцел працаваць мастак. Р. Барадулін              148

         Дзятлік сівы. Д. Бічэль-Загнетава                     149

         Дзяцел-цесля. І. Юкляеўскі                                149

         Чорны дзяцел лечыць дрэвы. В. Вітка              149

         Дзятлы-майстры. В. Гардзей                              150

Не забуду век дзятлоў. І. Муравейка                 150

Дзяцел чорны па чарзе. М. Рудзішкін                151  

Жыве крыклівая жаўна. М. Хведаровіч              151

 

Там жыве страшэнны лунь (буйныя драпежныя птушкі)

Лунь лупаты, крукам дзюба. Л. Шырын            152

Там жыве страшэнны лунь. С. Шушкевіч          153

         Гэтак вухкае пугач. В. Гардзей                          153

         Пануры згорблены пугач. А. Мінкін                   154

Сядзіць сыч на капе. З народнага                      154

         Сава, соўка. З народнага                                    155

Крывадзюбая сава. В. Вітка                              155

Сыч на сонейка сычыць. М. Чарняўскі              155

Восаў ловіць асаед. В. Гардзей                          156

Ястраб. В. Вітка                                                156

Закружыўся дробны сокал-дзербнік. В.Гардзей 156

 

Пачнуць пець – не надзівіцца (лясныя, лугавыя, палявыя птушкі, птушкі вадаёмаў і вадаплаваючыя птушкі)

Я – сінічка-невялічка. М. Скрыпка                    158

         У веснавым лясочку. М. Хведаровіч                  159

         Жаўручок мой, жаўручок. Л. Мароз                  159

Жаўранак узвіўся ў паднябессе. Дзеружынскі   160  

         Ён – нябёсаў сувязны. У. Мазго                         160

Салавейка, пташачка маленька. З народнага     160

Салавейка, салавейка. А. Дзеружынскі              161

         Заспяваў салавей. А. Дзеружынскі                     161

Чорны грак. А. Дзеружынскі                              162

         Грак стаіць на раллі. М. Хамянкоў                     162

         Ходзіць грак, як аграном. В. Гардзей                 162

         Грачаня злавілі дзеці. А. Дзеружынскі               163

         Выхваляўся ранкам грак. М. Бусько                  163

         Прыляціць зязюля ў лес. В. Лукша                    164

Зязюлечка ля сяла. Л. Геніюш                            164

         Зязюля-гультайка. В. Гардзей                            165

Добра на любым суку. Р. Барадулін                  165

         Зрабіла зязюля на лузе гняздзечка. Гурыновіч   166

Белабока сарока. З народнага                            166

         Скача, круціцца сарока. В. Карпечанка             167

         Любіць перапёлачка жартаваць. С. Шушкевіч   167

         А хто цябе, перапёлачку, разбудзіў? Шушкевіч 167

         Перапёлка. В. Вітка                                           168

         На кірмаш пайшла цяцера. Х. Жычка                168

Ганарысты цецярук. В. Коўтун                         169

         Заспяваў глушэц. В. Гардзей                             169

         Журавелька даўганогі. З народнага                   170

         Як пачулі журавы. С. Шушкевіч                        170

Чапля. В. Жуковіч                                               170

Вы куды, скажыце, гусі. К. Цвірка                    171

Кнігаўка кігоча. А. Дзеружынскі                       171

         Кнігаўкі. М. Шаховіч                                         172

Вылезла з яечка чаяня. А. Дзеружынскі             173

Звонка мэкае “баранчык”. Х. Гурыновіч            173  

Па-над рэчкай нізка. А. Дзеружынскі                174

         Каля рэчкі блізка. В. Вітка                                174

         Івалга прыносіць лета. В. Вітка                         175

Залатая івалга. В. Коўтун                                   175

Казадой паўдня на грудзе. В. Гардзей               175

Бяжыць, бяжыць падманачка. М. Хведаровіч    176

         Берасцяначка, скажы. С. Шушкевіч                   176

         Берасцянка-гаспадынька. А. Дзеружынскі         177

         Мухалоў і мухалоўка. А. Вольскі                       177

Адкажы, чаму ты, дрозд. В. Вітка                     178

Гарыхвостка. В. Вітка                                       178

Сіваваронка. В. Вітка                                        178

Хоць завуць яе аляпка. В. Зуёнак                       178

Дзікі голуб туркае па лесе. Г. Пашкоў               179

У дупле удоду. М. Чарняўскі                             179

Пачнуць пець – не надзівіцца. А. Гурло             179

         Усе птушкі мову маюць. В. Жуковіч                  180

         Хто як спявае. А. Дзеружынскі                          181

 

Сшытак чацверты. ВОСЬ ПРЫЙШЛІ МУЗЫКІ

(Кузуркі)

 

Кліча пчолак сенажаць (пчала, труцень, чмель)

         Як ты, пчолка, зімку зімавала? В. Гардзей        184

Над вясёлкай кружаць пчолкі. Н. Тулупава       185

         Рана раненька пчала. А. Вольскі                         185

Кліча пчолак сенажаць. М. Парахневіч              185

         Пчолка рупная гудзе. Л. Шырын                       186

         Я работніца-пчала. С. Шушкевіч                        186

         Дрэмлюць усё лета трутні. С. Грахоўскі            187

Светка і кветка. М. Смагаровіч                          187

         Джэма джэм салодкі ела. У. Мазго                    188

Прытаміўся чмель-бухмацік. П. Сушко             188

         Паласаты чмель. К. Цвірка                                188

         Чмель, не будзь сур’ёзны гэткі. А. Мінкін          189

         Залацістыя чмялі. В. Коўтун                              189

         Чмель на гусельках іграе. П. Сушко                  190

 

Кросны выткаў павучок (павук)

Павучок, павучок. П. Прануза                           191

         Павучок – ткач-ткачок. Л. Геніюш                     192

         Пачапіўся павук. С. Шушкевіч                           192

         Кросны выткаў павучок. А. Грачанікаў             192

         Павучок-мухаед. С. Шушкевіч                           193

         Павукі-манцёры. В. Гардзей                               194

         Павучок з пакалечанай ножкай. А. Бадак          194

 

Вось прыйшлі музыкі (кузуркі)

         Матылёчкі-матылі. А. Пысін                              196

         Матылёк і вусень. А. Дзеружынскі                    197

         Адмірал. В. Гардзей                                           197

Стракозка на галінцы. А. Мінкін                        197

         З лісціка ўзляцела страказа. В. Гардзей             198

Божая кароўка, чорная галоўка. І. Юкляеўскі    198

Божая кароўка, паляці на неба. З народнага     198

Багоўка. Н. Мацяш                                             199

         Камары-званары. В. Карпечанка                       199

         Мак таўкуць камары. К. Цвірка                         199

         Камары звіняць як восы. М. Смагаровіч            200

Пазляталіся хрушчы. А. Дзеружынскі               200

         Разгайдаліся хрушчы. С. Шушкевіч                   201

         Сярдзіты хрушч. Р. Барадулін                           202

         Авадзень. К. Цвірка                                           202

         Авадзень цалюткі дзень. Д. Бічэль-Загнетава   202

         Дом будуюць мурашы. Х. Жычка                      203

         Працаўнічок спяшаецца дахаты. Н. Гілевіч        203

         Мурашнік. Н. Гілевіч                                          203

         Небывалы ўзняўся дом. А. Пысін                       204

Светлякам няма цаны. П. Марціновіч                204

         Светлячкі, светлячкі. Х. Гурыновіч                    204

Па лісточку поўзаў смоўж. С. Шушкевіч           205

         Толькі смоўж сядзіць спакойна. Галіноўская     205

         Смаўжы – маруды, недатыкі. А. Мінкін              206

         Там ішла станожка. К. Камейша                        206

Весялун-цвыркунок. Я. Крупенька                    207

         Папытаўся ў цвыркуна. Н. Галіноўская             207

         Цвыркунок, цвыркунок. В. Коўтун                    208

         Скача конік праз лужок. І. Муравейка               208

         Трубіць конік у дуду. К. Жук                             208

         Вось прыйшлі музыкі. Я. Колас                         209

         На лісток усеўся конік. Л. Шырын                     209

         На вялікім кантрабасе. А. Кобец-Філімонава     210

         Кузуркі розныя і мушкі. Я. Колас                      210

 

 

Сшытак пяты. ЯК ПАПЛЫЎ ПА РЭЧЦЫ ЯЗЬ

(рыбы, іншыя жыхары вадаёмаў, рыбалка)

 

Як паплыў па рэчцы язь

 

Мы калючыя яршы. В. Карпечанка                   213

         Ён уцёк ад рыбака. У. Мазго                              213

У калючага ярша. В. Зуёнак                               213

Закапаўся карась. Н. Галіноўская                       214

         А імя маё – карась. М. Скрыпка                         214

         Як паплыў па рэчцы язь. В. Коўтун                   214

         Шчупак. М. Скрыпка                                         215

За вусы не тузай сома. М. Чарняўскі                  215

Плаўніком па хвалі лешч. К. Камейша              215

Малайчына вугор. В. Зуёнак                               216

Печкурок-паласкун. В. Зуёнак                            216

Рак-вусач. Я. Колас                                            216

         Небарака гэты – рак. М. Салаўцоў                     217

         Кажа меншанькі з трытонаў. В. Коўтун            217

         Шыцік. В. Зуёнак                                                217

Краба я злавіў. П. Марціновіч                            218

         Наш акварыум. А. Дзеружынскі                        218

         Незвычайны вадаём. В. Гардзей                        219

У акварыуме сомік. Д. Бічэль-Загнетава           219

Ходзяць рыбы ў карагодзе. Х. Жычка               220

         Бліскучыя рыбы ідуць чарадой. П. Глебка        220

         Ля кустоў прыціхлі хлопцы. Г. Пашкоў             221

         Кот сядзеў ля Hарачы. П. Сушко                       222

 

Сшытак шосты. ЕДУ Ў ГОСЦІ ДА СЛАНА

(Экзатычныя звяры і птушкі, заапарк, жывы куток)

 

Еду ў госці да слана

Маленькія поні. А. Вольскі                                 224

         Хто, сябры, не бачыў поні? Л. Рашкоўскі          225

Зебра. Л. Рашкоўскі                                           225

         Зебра – конік паласаты. А. Вольскі                     225

         Ён завецца – насарог. А. Вольскі                        226

         Кенгуру, кенгуру. А. Вольскі                              226

         Паглядзі: ў кенгуркі-маткі. А. Вольскі               227

         Скачуць дружна кенгуру. В. Коўтун                 227

         Жырафа. А. Вольскі                                            228

         Шымпанзе. В. Коўтун                                        228

         Еду ў госці да слана. А. Вольскі                         229

         Слаўны слон, магутны слон. А. Вольскі             229

         Шмат на свеце слон пажыў. А. Вольскі              230

         Хлопчык глянуў на вярблюда. А. Вольскі          230

         Навакол рагоча люд. П. Марціновіч                   23

         Не варухнецца ў клетцы леў. А. Вольскі            232

         Леў у клетцы закалеў. М. Скобла                       232

         У вачах у леапарда. А. Вольскі                           232

         У звярынцы ёсць пантэра. Н. Галіноўская         233  

У гіены гігіена. А. Вольскі                                  234

         Палярны мядзведзь. А. Вольскі                          234

         Дзе жыве пінгвін? І. Юкляеўскі                          235             Пінгвін і карціна. У. Марук                                     235

Напэўна, думае паўлін. А. Вольскі                     235

         Жыў дзядуля-бегемот. А. Вольскі                      236

         Вось джунглі – зараснік густы. У. Карызна       238

Какаду. М. Маляўка                                           239

Жывы куток. Х. Гурыновіч                                 240

 

Сшытак сёмы. СТАРЫ МЯДЗВЕДЗЬ НА КАЛОДЗЕ

(Жывёлы, як людзі)

 

Стары мядзведзь на калодзе (жывёлы працуюць, гуляюць у гульні)

Верабей устаў да сонца. П. Сушко                     243

Стары мядзведзь на калодзе. З народнага          244

Села  котка на парожку. З народнага                 244

         Вавёрчына майстэрня. П. Сушко                       244

         На ўвесь бор, на ўвесь бор. І. Бурсаў                 245

         Клапатлівы бацька-слон. І. Муравейка              245

         Муха-папрадуха. С. Шушкевіч                           246

         Сарочы дамок. С. Шушкевіч                              246

         Ваўчыха-краўчыха. С. Шушкевіч                       248

Воўк вяроўку віў. М. Чарняўскі                         248  

Індык-шавец. С. Шушкевіч                                 248

Сарочына цырульня. В. Гардзей                        249

Скача хлопчык-кенгуру. М. Скобла                    250

Прыснілка. П. Вітушкава                                  250

Зай вусаты. У. Бабкоў                                        251

         Зайкі ціснуць на педалі. Н. Галіноўская             251

         Просіць зайчык-русачок. М. Маляўка                251

         Ехаў кот у лес па дровы. П. Сушко                    252  

         Пайшоў коўзацца каток. С. Шушкевіч               252

         Запаліўся коткін дом. З народнага                    252

А у печы жар, жар. З народнага                         253

         Запражыце сівых коней. З народнага                253

 

Пракалоў камарык ножку (жывёлы хварэюць, лечацца)

         Пракалоў камарык ножку. С. Шушкевіч            256

Зайчык вушы прастудзіў. С. Шушкевіч              257

         Варыць лекі мядзведзь. Н. Галіноўская             257

         Зубны доктар крыжадзюб. У. Марук                 258

         Кажа божая кароўка. Н. Галіноўская                 258

         Курка-квахтуха. Е. Лось                                    259

Захварэў пявун, ахрып. С. Шушкевіч                 259

         Скочыў певень у аптэку. А. Мінкін                     260

         Захварэў вусаты кот. М. Хамянкоў                     260

         Чы-чы-чы, верабей. З народнага                       261

Верабей, не дурэй. С. Шушкевіч                        261

         Застудзіўся вожык. В. Лукша                             262

         Грып скруціў сіваваронку. В. Лукша                 262

Пры даліне ў гушчары. З народнага                  262

Плача, жаліцца янот. Р. Кобец                           263

Захварэла ласяня. С. Грахоўскі                          265

         Доктар Ёдка лечыць блох. З народнага             266

 

 

 

 

 

Мама Мыш купіла кніжку (жывёлы вучацца)

Кукарэка-певунок. З народнага                         267

Злезла з печы котка Мурка. Я. Крупенька         268

Мама Мыш купіла кніжку. І. Муравейка           268

         Кажа качка. Н. Галіноўская                                268

         Пад восень рупная чубатка. М. Чарняўскі         269

Шэршневы вершы. А. Вольскі                            269

         Не вылазь з дупла, удод. В. Вітка                     269

Юрок на ўроку. В. Коўтун                                 270

Чырок чакаў у чаратах. М. Чарняўскі                270

         Цямнота. В. Зуёнак                                             271

Газелі. А. Мінкін                                                 272

Зубраня зубрыла. М. Чарняўскі                          272

Кніга Белавежы. В. Коўтун                                273