Ушанаванне памяці ўдзельнікаў Мілавідскай бітвы 1863 года.

Восьмага чэрвеня 2019г. пад патранажам старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім адбылося ўшанаванне памяці пра паўстанцаў-удзельнікаў Мілавідскай бітвы 1863 года каля помнікаў пад Мілавідамі: малітва з айцом Яўгенам Маліноўскім, ускладанне вянкоў і кветак да капліцы і памятных знакаў, была сімвалічна развеяная зямля, узятая з нядаўна знойдзеных магіл паўстанцаў у Вільні. 

Пасля, на сядзібе Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы ў пасёлку Русіно выступіў гісторык і краязнаўца Міхась Бернат, які распавёў пра ролю і значнасць асобы Кастуся Каліноўскага і кіруемага ім паўстання ў працэсе фармавання беларускай нацыі.

Творчую частку імпрэзы аздобілі бард з горада Ліда Сяргей Чарняк, паэт Аляксей Белы, дуэт Галіны Ліс і Сяргея Карповіча.

 

 

 

 

 

З гісторыі Мілавідскай бітвы.

 

Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года каля станцыі Мілавіды, на якой грунтаваўся адзін з паўстанцкіх атрадаў, сканцэнтраваліся значныя сілы паўстанцаў (усяго каля 800 чалавек). Камандаванне аб'яднанымі сіламі паўстанцаў ўзяў на сябе А.Лянкевич. 20 траўня 1863 году ў паўстанцкі лагер прыбыў Канстанцін Каліноўскі. 22 траўня каля Мілавід паўстанцы ўступілі ў бой з рэгулярнымі часткамі расейскага войска (5 рот салдатаў з 4 гарматамі). Бой доўжыўся некалькі гадзін. Царскія войскі не змаглі ўзяць лагер і былі вымушаны адступіць з вялікімі стратамі. На наступныя суткі, ноччу, паўстанцы непрыкметна пакінулі лагер.

Дзякуючы гэтай перамозе атрымалася прыцягнуць на бок паўстанцаў новыя сілы.