Праблема  знікнення беларускай мовы ў горадзе Баранавічы.  

 

        Мова – гэта найвялікшы здабытак любога народа.

       Мова – гэта галоўная прыкмета народа, якая адрознівае яго ад іншых.

       Мова – гэта касмічны код народа.

       Мова – гэта аснова нацыянальнай самасвядомасці, якая ператварае натоўп у народ і народ у дзяржаву.

       Няма мовы – няма народа. Няма народа – не будзе і дзяржавы.

       Вось чаму самая вялікая нацыянальная праблема ў горадзе Баранавічы – гэта знікненне беларускай мовы, а з ёю і нацыянальнай самасвядомасці, з усіх сфер жыцця.

       Каб пераканацца, што беларуская мова знікае, дастаткова прайсці па люднай вуліцы і пачуць, што людзі па-беларуску не размаўляюць. Дастаткова паслухаць раніцаю ў гарадскім аўтобусе, што па-беларуску не гавораць з малымі дзецьмі іх матулі, калі вязуць іх у дзіцячыя садкі. У дзіцячых садках горада няма ніводнай беларускамоўнай групы. Дастаткова прыйсці ў навучальныя ўстановы і паслухаць, што дзеці размаўляюць па-беларуску толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, калі іх выкліча настаўніца. Па стане на снежань 2017 года, у горадзе ёсць толькі адзін беларускамоўны клас, дзе выкладанне ўсіх прадметаў вядзецца на беларускай мове. Гэта 8 клас у гімназіі №4, у якім навучаюцца ўсяго тры вучні. Такім чынам, родная мова карэннага беларускага народа ў гарадскіх школах, нібыта замежная. Дастаткова паглядзець, што дакументацыя і справаводства ў дзяржаўных, навучальных установах, на прадпрыемствах, вядзецца на рускай мове. Працоўнаю моваю вяшчання гарадскога тэлеканала «Інтэкс» з'яўляецца руская мова (за рэдкім выключэннем рэпартажаў пра навіны беларускай літаратуры). Даволі рэдкім госцем з'яўляецца беларуская мова на старонках гарадскіх газет «Наш край» і «Інтэкс-прэс». Пераважная большасць візуальнай рэкламы на магазінах напісаная на рускай мове. Тое ж датычыць і шыльдаў з назвамі гарадскіх вуліц.

Тым больш, па-беларуску не размаўляе між сабою моладзь. А на людзей, якія ўсвядомлена размаўляюць на беларускай мове, многія глядзяць падазрона і называюць іх «нацыяналістамі» і «бээнэфаўцамі».

      Падобныя прыклады заняпаду беларускай мовы можна пералічваць яшчэ доўга. Яскрава акрэсліў сітуацыю з беларускай мовай у Баранавічах паэт Іван Лагвіновіч у сваім вершы «Веснавы роздум».

 

                          Іван Лагвіновіч

 

ВЕСНАВЫ РОЗДУМ

 

           З цыкла “Баранавічы”

 

Жывое абуджаецца ад сну,

з расінак промні іскры высякаюць.

Баранавічы новую вясну,

прамыўшы вочы-вокны, сустракаюць.

 

Гудуць на клумбах восы і чмялі,

і ганарыцца парк птушыным хорам...

Каб назвы вуліц іншыя былі,

я, можа, палюбіў бы гэты горад.

 

Мяне бянтэжаць здані й міражы

на Ленінскай, Савецкай, Камсамольскай...

Іх нават не адпужваюць крыжы

расейскіх цэркваў і касцёлаў польскіх.

 

Тут храма беларускага няма,

няма ніводнай беларускай школы.

Выходзіць, Валянцін Таўлай дарма

Гукаў вясну ў турэмных сценах голых?

 

      Час біць у набат і казаць пра тое, што знікненне беларускай мовы, культуры, адукацыі наўпрост вядзе да знікнення беларускага народа.

       Нашы людзі, пасля знікнення з іх душы беларускай мовы – гэта ўжо не беларусы, а нешта іншае, глабалізаванае, нейкае новае «ЯНО». 

       Чаму ж усё так адбываецца? Чаму людзі самі адмаўляюцца ад роднай мовы? Чаму беларуская мова знікае? І галоўнае, што кожны з нас асабіста і што мы ўсе разам можам зрабіць дзеля яе, а, значыць і дзеля свайго ўратавання?

       Шаноўныя наведвальнікі сайта! Меркаванні па гэтай праблеме вы можаце даслаць на адрас электроннай паштовай скрыні Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.