Праблема аднаўлення радыёперадачы “Люблю наш край”

 на Баранавіцкім радыё.  

                                    

       На мясцовым радыё горада Баранавічы і яго раёна са студзеня 1996 года выходзіла штотыднёвая 20-хвілінная радыёперадача “Люблю наш край”. Рыхтавала і праводзіла гэтую перадачу Баранавіцкая гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Вядучымі перадачы былі Алесь Горбач, Наталля Урублеўская і Людміла Малашэня. Усяго на працягу 10 гадоў прагучала больш за 400 радыёперадач. Тэматыка іх была вельмі розная. Напрыклад, да 60-годдзя Вольгі Іпатавай, літаратурны партрэт Рыгора Барадуліна, сустрэча з Анатолем Клышкам, прэзентацыя кнігі баранавіцкага гісторыка і краязнаўцы Здзіслава Сіцькі “Час збіраць камяні” (пра жыццё і дзейнасць Ігната Дамейкі).  Краязнаўцы Міхась Бернат і Васіль Дубейка распавядалі радыёслухачам пра гісторыю нашага горада, вёсак Баранавіцкага раёна, найбольш адметных яго мясцін, пра выбітных землякоў. Старшыня гарадской рады ТБМ Віктар Сырыца заўсёды ўдала дапамагаў зазірнуць у мінулае нашай Бацькаўшчыны, цікава распавядаў пра юбілейныя гістарычныя даты. А літаратурныя юбілеі, гісторыя беларускага мастацтва не заставаліся без увагі дзякуючы супрацоўнікам Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталлі Урублеўскай, Валянціне Лапато, Алене Барзілавай, Ліліі Сяргейчык. Пастаяннаму слухачу праграмы быў добра знаёмы голас Лідзіі Аляксандраўны Антановіч, ад якой можна было пачуць шмат цікавага з народнага календара, пра прыкметы і чары нашых продкаў, гісторыю беларускіх гарадоў і мястэчак. Найбольш актыўна бралі ўдзел у радыёперадачах Валянціна Лапато, Алена Барзілава, паэты Ян Збажына, Алесь Корнеў, Алесь Бакач, Раіса Раманчук, Аляксей Белы, Іван Лагвіновіч. 

       Слухачы любілі радыёперадачу, якая абуджала гістарычную памяць, спрыяла развіццю культуры і выхоўвала павагу да роднага краю. 

       На вялікі жаль, у жніўні 2006г. радыёперадача “Люблю наш край” на Баранавіцкім радыё перастала выходзіць. Таварыству беларускай мовы афіцыйна не далі ніякіх тлумачэнняў, нават не запрасілі ў рэдакцыю. Сябры Рады ТБМ тройчы спрабавалі дамовіцца аб захаванні радыёперадачы, але безвынікова. У снежні 2007г. жыхары Баранавіч, неабыякавыя да лёсу беларускай культуры, напісалі калектыўны зварот у аддзел культуры Баранавіцкага гарвыканкама. Адно з пытанняў зварота гучала так: “Калі будзе адноўлена на мясцовым радыё перадача “Люблю наш край”? На гэты зварот аддзел культуры даслаў адказ, у якім было напісана наступнае: “Па пытанню аднаўлення на радыё перадачы “Люблю наш край” копія Вашага пісьма была накіравана ў аддзел ідэалагічнай работы гарвыканкама, у кампетэнцыі якога знаходзяцца ўсе пытанні работы сродкаў масавай інфармацыі (зых. №706 ад 22.12.2007).”  Такім чынам, як ні дзіўна, аддзел культуры нават не выказаў сваіх адносін да радыёперадачы: патрэбна яна альбо не, і не даў ніякіх тлумачэнняў аб тым, чаму перадача была закрыта. З аддзела ідэалагічнай работы Баранавіцкага гарвыканкама пісьмовы адказ па пытанні радыёперадачы так і не прыйшоў. Пасля гэтага адзін з падпісантаў калектыўнага пісьма патэлефанаваў наконт перадачы кіруючай асобе баранавіцкага радыё і атрымаў тлумачэнне, што за запіс і выхад у эфір радыёперадачы цяпер давядзецца плаціць значныя сумы грошай. І гэта адзіная прычына, па якой радыёперадача пакуль не можа выходзіць.

      Дарэчы, ёсць просты варыянт вырашэння гэтай праблемы.  Калі перадача “Люблю наш край” патрэбная для развіцця культуры горада і раёна, то  няхай мясцовае радыё папросту не бярэ грошы за выхад перадачы, як гэта было на працягу 10 гадоў існавання перадачы. 

       На нашым сайце мы змяшчаем аўдыёзапіс пачатку радыёперадачы “Люблю наш край”. Яе далейшы лёс залежыць ад нашай актыўнасці. Меркаванні па гэтай праблеме Вы можаце даслаць на адрас электроннай пошты Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.   

 

Скачать Audio Пачатак радыёперадачы ЛЮБЛЮ НАШ КРАЙ 2001