Праблема  стварэння прафесійнага тэатра ў горадзе Баранавічы. 

                             

      У любым горадзе свету са шматтысячным насельніцтвам, які прэтэндуе звацца культурным і нават проста цывілізаваным, рана ці позна паўстае патрэба стварэння прафесійнага тэатра. Тым больш, калі ў гэтым горадзе ёсць універсітэт. Цяпер гэтая праблема паўстала і перад горадам Баранавічы, у якім жыве каля 170 тысяч жыхароў і які з 2006 года з’яўляецца універсітэцкім. 

        У Баранавічах існуе некалькі аматарскіх тэатральных калектываў: як дарослых, так і дзіцяча-юначых. Найбольш вядомымі і паспяховым з іх з’яўляюцца ўзорны тэатр-студыя “Паралель” Палаца дзіцячай творчасці і народны тэатр гарадскога Дома культуры. Наведаўшы спектаклі, пераконваешся, што тэатральнае мастацтва вечнае, што жывой ігры акцёраў на сцэне гледачу не можа замяніць ні тэлевізар, ні інтэрнэт. Для душы гледача так важным з’яўляецца суперажыванне і рэальнасць тэатральнага дзеяння, якое адбываецца тут і цяпер, на адлегласці працягнутай рукі. 

        Аднак, зразумела, што аматарскі стан тэатральных калектываў не дае гораду таго належнага “тэатральнага забеспячэння”, якое можа даць адзін прафесійны тэатр. Да таго ж, рэгулярныя спектаклі прафесійнага тэатра маглі б выконваць важную ролю ў выхаванні моладзі ў маштабе ўсяго горада.

        Раней рэдкія спектаклі народнага тэатра гарадскога Дома культуры можна было паглядзець адно ў адведзенай тэатру малюсенькай залі на 45 гледачоў. Цяпер іх паказваюць у вялікай залі ГДК, якая занадта вялізная для спектакляў. Памяшканне залі прафесійнага тэатра ў Баранавічах павінна быць аптымальным па колькасьці, а менавіта на 200 гледачоў. Сцэна тэатра павінна быць менавіта тэатральнай. Для паўнавартасных спектакляў патрэбны сапраўдныя тэатральныя дэкарацыі і касцюмы. І, безумоўна, праца ў тэатры павінна быць галоўным заняткам у жыцці актораў, якой аддаецца ўвесь час і творчыя сілы. Гэта магчыма толькі ў прафесійным тэатры. Вось тады можна будзе паставіць і класіку, і мець разнастайны рэпертуар спектакляў, і праводзіць іх рэгулярна на працягу ўсяго года. Ёсць і яшчэ шэраг спецыфічных праблем, якія пад сілу вырашыць толькі прафесійнаму тэатру.

         У 2007 годзе жыхары горада Баранавічы напісалі калектыўны зварот у аддзел культуры баранавіцкага гарвыканкама, у якім узнялі некалькі пытанняў. Адно з пытанняў зварота гучала так: “Калі ў г.Баранавічы будзе створаны прафесійны тэатр”? Неўзабаве яны атрымалі адказ аддзела культуры, у якім на запыт пра стварэнне тэатра сказана наступнае: “Па пытанню стварэння ў горадзе прафесійнага тэатра, з чым згодны аддзел культуры, зараз разглядаюцца ўсе магчымасці па наяўнасці будынка, у якім тэатр змог бы паўнавартасна працаваць.” Аднак і да сёння гэта праблема не вырашана. 

        Меркаванні і прапановы па яе вырашэнні Вы можаце даслаць на адрас электроннай пошты Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.   

 

 


Народны тэатр ГДК
2007