“Ні глебаў урадлівасцю, ні ўбраннем пышнасцю, ні

краіны краявідамі, ні замкаў цвёрдасцю жывыя народы,

а найбольш – беражлівымі адносінамі да сваёй мовы.

Мова – агульная повязь, бацька яднання і

грамадзянскасці,вартаўнік дзяржаўнасці. Знішчыш яе

і ты знішчыш згоду, адзінства, дабро і надзею”

               М. Даўкша, гарадзенскі манах-філосаф, 1599 г.

 

Самая вялікая праблема беларускай мовы ў горадзе Баранавічы – гэта   зрусіфікаваная сістэма дашкольнага выхавання, навучання ў сярэдніх, сярэдне-спецыяльных навучальных установах і ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Вучэбныя прадметы тут выкладаюцца на рускай мове, а беларуская мова і беларуская літаратура вывучаюцца адно як асобныя прадметы, падобна на тое, як вывучаюцца замежныя англійская ці нямецкая мовы.

Прычыны гэткага катастрафічнага становішча роднай мовы беларусаў  абумоўлены  стагоддзямі цяжкіх гістарычных абставінаў як фізічнага, так і моўнага выжывання народа. Каб зразумець гэта, прыгадаем гісторыю.

Старабеларуская мова вылучылася ў сярэднявеччы з славянскіх моваў, якія з цягам часу рабіліся ўсё больш выразнымі і адрознымі адна ад аднае.  Мова зазнала эвалюцыю, яна змянялася. У XVII і XVIIІ стагоддзях магутны ўплыў на старабеларускую мову нашых тутэйшых продкаў-ліцвінаў аказала польская мова – дзяржаўная мова этнічных палякаў і кіруючых колаў Рэчы Паспалітай, часткаю якой стала тады і наша Радзіма – Вялікае Княства Літоўскае. Нашай мове ў тых стагоддзях была адведзена роля мовы прасталюдзінаў, мовы казак і песень, а развіццё на ёй навукі, літаратуры, філасофскай і рэлігійнай думкі было паралізаванае.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай суседнімі дзяржавамі ў канцы XVIIІ стагоддзя, наша зямля апынулася пад акупацыяй  Расійскай імперыі і палітыку паланізацыі змяніла палітыка русіфікацыі. Але менавіта ў ХІХ стагоддзі культурнаю элітаю нашага народа была сфарміравана беларуская нацыянальная ідэя і беларуская літаратурная мова, а замест знікшага ў гісторыі ліцвіна ўсяму свету была абвешчана яго новая нацыянальнасць – беларус і было ўпершыню сказана пра беларускі народ. Значнай падзеяй беларускага адліку гісторыі можна лічыць нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Магчыма, многія сённяшнія беларусы і не ведаюць, што на нашай зямлі падчас акупацыі Расійскай імперыяй друкаваць кнігі, газеты, вучыць у школах дзяцей на беларускай мове было забаронена пад пагрозай турмы. І толькі царскі маніфест 1905 года дазволіў асобныя праяўленні беларускага нацыянальнага жыцця.

У ХХ стагоддзі Першая сусветная вайна і рэвалюцыя ў Расійскай імперыі аслабілі самадзяржаўны ўціск на беларускі народ і далі нам шанец на развіццё нацыянальнай мовы і культуры.  Гістарычнай падзеяй для беларусаў стала ўтварэнне ў 1918 годзе БНР – Беларускай Народнай Рэспублікі. Упершыню ў Беларусі беларуская мова была названа дзяржаўнай, нараўне з рускай, польскай і яўрэйскай. Але неўзабаве ўладу надоўга захапілі бальшавікі. Усходнюю Беларусь яны зрабілі часткай новай камуністычнай імперыі – СССР, а заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай аж да Другой сусветнай вайны. На нашых заходніх землях палякі праводзілі татальную паланізацыю, якую можна назваць адукацыйным генацыдам – навучанне вялося толькі на польскай мове. Адпаведным было і стаўленне палякаў да беларусаў - «хамы, крэсы всходне». На ўсходзе Беларусі камуністы, гуляючы ў запаветы нацыянальнай палітыкі Леніна, дазволілі хвалю беларусізацыі. Аднак у хуткім часе яе змяніў масавы сталінскі тэрор - турмы, ссылкі і расстрэлы, як у Курапатах. Чаго варты толькі адзін факт, што ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года ў Мінскай закрытай турме НКУС былі расстраляныя 20 беларускіх літарататаў! Што да адукацыі, то камуністы завялі тады парадак, які дзейнічае і сёння: навучанне ў большасці сельскіх школ вядзецца на беларускай мове, а ў гарадскіх – толькі на рускай.

У гады Другой сусветнай вайны на акупаванай беларускай тэрыторыі фашысты дазволілі навучанне ў школах на беларускай мове. Немцы зрабілі выбар паміж рускай і беларускай мовамі навучання на карысць беларускай толькі таму, што не маглі ж яны дазволіць навучанне тутэйшых школьнікаў на мове сваіх ворагаў – рускіх.

Пасля вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у галіне адукацыі беларусаў зноў усталяваўся савецкі парадак, які існуе і па сённяшні дзень: вёска навучаецца па-беларуску, горад – па-руску. І гэта не зважаючы на ўтварэнне ў 1991 годзе суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з артыкулам 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржава гарантуе кожнаму свабоду выбару мовы навучання і выхавання. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” мае на мэце ўрэгуляванне адносiн у галiне  ўжывання моў, у тым ліку і беларускай, паважлiвае стаўленне да нацыянальнай годнасцi людзей, іх культуры i мовы. Заўважце, што беларуская мова па законе – на першым месцы. Захаванне мовы цесна звязана з захаваннем суверэнітэту краіны.

У горадзе Баранавічы, па стане на 2018 год, жыве каля 180 тысяч чалавек. Дашкольнае выхаванне ажыццяўляецца ў 45 установах: 40 яслях-садах, 1 дзіцячым садзе, 2 цэнтрах развіцця,  2 спецыялізаваных дзіцячых садах. Але ў іх няма ніводнай беларускамоўнай групы. Добра, што ў выхаваўчым працэсе ў дашкольных дзіцячых установах  №9, №23, №24, №40, №54, №69 беларускай мове надаецца больш ўвагі, але гэта толькі кропля ў моры русіфікацыі.

Дзеля атрымання навучэнцамі агульнай сярэдняй  адукацыі на ўзроўні ІІ і ІІІ ступеняў ў горадзе Баранавічы працуюць 15 школ, 5 гімназій і 1 ліцэй. Але сярод іх няма ніводнай установы з беларускай мовай навучання.

Вучоныя ўстанавілі, што мова можа захавацца, калі хаця б шэсць прадметаў школьнага цыклу выкладаюцца на ёй.

Толькі дзякуючы вялікім намаганням бацькоў у гімназіі №4 існуе адзін беларускамоўны клас. Гэта 8 «Д» клас, у якім навучаюцца ўсяго 4 вучні.

У Баранавічах працуюць 8 навучальных устаноў для атрымання сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Безумоўна, выкладанне ў іх вядзецца на рускай мове. Тое ж можна сказаць і пра Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Адзінае выключэнне з гэтага правіла ў БарДУ складаюць групы, дзе шэраг прадметаў выкладаецца на беларускай мове. Як можна здагадацца, гэта групы, якія рыхтуюць настаўнікаў беларускай мовы.

Горкі гумар у тым, што, каб было магчыма, то і саму белурускую мову ў горадзе выкладалі б на рускай. У гісторыі 40-х гг. мы ўжо сустракалі факты, калі на ўроках беларускай літаратуры вучні вывучалі творы рускіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову. Няўжо ж дазволім назаўсёды знікнуць гаворцы нашых продкаў, няўжо нам не хочацца сваім замежным гасцям паказаць адметнасці нашай мовы і культуры, паказаць, што мы варты павагі як народ, які цэніць свае Мову, Бацькаўшчыну, Культуру?!

     У першыя гады існавання назалежнай Беларусі становішча з беларускімі класамі ў Баранавічах было трошкі лепшым. Аднак калі ў краіне быў узяты курс на стрымліванне беларускасці і было заяўлена, што правільна выказаць думку магчыма толькі на рускай і англійскай мовах, то сітуацыя пагоршылася.   

     Надзейнай перашкодай беларускамоўнай адукацыі ў горадзе і для дзяцей, і для іх бацькоў з'яўляецца немагчымасць атрымання ў Беларусі вышэйшай адукацыі на беларускай мове. Людзі пастаўлены ва ўмовы, калі пры выбары мовы навучання ў школе яны самі вымушаны адмаўляцца ад роднай мовы.      

      Той, хто ніколі не думаў пра ролю беларускай мовы ў адукацыі, кажа: “Ну і што тут кепскага, што дзеці навучаюцца на рускай мове, якая нам розніца,” -  і да таго падобнае. Усе гэтыя працэсы не такія бяскрыўдныя, як здаецца. Звернемся да статыстыкі.  

Яшчэ ў 1999 г. беларускую назвалі роднай мовай 85,6%, размаўлялі дома 41,5%, а карысталіся ў зносінах 36,7% людзей, што складала амаль 4 млн. чалавек. У адпаведнасці з перапісам насельніцтва 2009 г., у рэспубліцы пражывалі 83,7% беларусаў. З іх 60,8% лічылі роднай мовай беларускую, а размаўлялі на ёй дома 30%, карысталіся ў зносінах толькі 23% насельніцтва. Як бачна, дынаміка працэсу выкарыстання роднай мовы вельмі сумная. Што нас чакае пасля перапісу наступнага года?

 

 

 

Мова  зносін па перапісу 2009 г.  

         Вось рускія і лічаць, што «несмотря на десятилетия мощнейшей советской, националистической, польской, германской и прочей пропаганды белорусы продолжают оставаться частью русского народа».

 (https://zapadrus.su/zaprus/filzr/474-l-r-72.html)

Так ці варты мы беларускім народам звацца?

 

Плач  аб  роднай  зямлі.

 

Колькі  ж цябе  тапталі,

У  палон  тваіх  дзетак  бралі,

Вусны  табе  закрывалі,

Зямелька  мая,  Беларусь!

Колькі  сыноў  адракліся,

Забылі  аб  маці  пакрысе,

У  рай  да  чужых  падаліся,

Свабодай  назвалі  прымус!

 

Знікнуць няўжо  давядзецца?

Народ  між  другіх  разбрыдзецца,

Ад  мовы  ўспамін  застанецца,

Няўжо  чужы рай,  іншы  густ?

Я  стукаю  ў  кожнае  сэрца,

Хай  болем  той  стук  адзавецца,

Хай  розум  для  шчасця  прачнецца,

Дзе  ж  гонар  твой,  брат-беларус?

                                 І. Дубейка